Са сталічным размахам, на глабальнай ноце

У набожны касмапалітычны Іерусалім, у зялёна-аранжавую па-Джойсаўску арыгінальную Ірландыю, на сонечную па-Фідэлеўску аптымістычную Кубу, у шчымліва-рамантычную Амерыку Уітні Х’юстан запрасілі гледачоў удзельнікі гала-канцэрта мінскага гарадскога этапу IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. А яшчэ, безумоўна, у самыя разнастайныя метафізічныя і геаграфічныя куткі роднай Беларусі. І ўсюды, куды б ні заводзіла нас фантазія мінскіх дзяцей, яны найперш даказвалі свой высокі выканальніцкі ўзровень, высокую сталічную планку сцэнічнай культуры. Глабальнае мысленне кіраўнікоў творчых калектываў устаноў сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі Мінска наклала адбітак на ўвесь канцэрт. Можна адчуваць сябе мінчанінам — і адначасова ізраільцянінам, ірландцам, кубінцам, амерыканцам. Нязмушана выходзіць са сваіх замежных роляў і зноў адчуваць сябе напоўніцу беларусам, жыхаром сталіцы ў цэнтры Еўропы — годным, прыгожым, па-еўрапейску разняволеным і адкрытым да ўсяго свету. Мінскі гала-канцэрт і атрымаўся такім — са сталічным размахам, на глабальнай ноце.

Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” праводзіцца для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі, у наступных намінацыях: “Харэаграфічная творчасць” (народны сцэнічны танец, народны стылізаваны танец, эстрадны танец, бальны танец, сучасная харэаграфія, дзіцячы танец), “Вакальная творчасць” (народныя і эстрадныя спевы), “Фальклорная творчасць” (вакальныя, вакальна-харэаграфічныя і інструментальныя калектывы), “Інструментальная музыка” (ансамблі і аркестры духавых інструментаў, ансамблі і аркестры народных інструментаў, эстрадныя ансамблі), “Тэатры моды”, “Тэатральная творчасць” (канферанс і мастацкае слова), “Выяўленчае мастацтва” (гуаш, акварэль, пастэль, крэйда, аловак), “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” (ткацтва, вышыўка, габелен, вязанне, валенне, народная цацка, мяккая цацка, роспіс па дрэве, шкле, тканіне, батык, выцінанка, саломапляценне, лозапляценне, кераміка, цестапластыка, фларыстыка і інш.), “Казка booktrailer” (сюжэтныя відэаролікі па матывах беларускіх народных казак і паданняў, казак народаў свету, сучасных казак і фэнтэзі). Як кажуць, разгарнуцца дзецям яшчэ як было дзе.

Конкурсныя страсці на ўзроўні асобных устаноў адукацыі і адміністрацыйных раёнаў Мінска кіпелі ўвесь снежань, а старт фінальным мерапрыемствам быў дадзены напрыканцы мінулага года, калі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі разгарнулася выстава лепшых мастацкіх работ мінчан удзельнікаў IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Асноўнай тэмай экспазіцыі, у якой было прадстаўлена каля 500 работ, сталі казкі, і, па словах загадчыка сектара выставачнай і фестывальна-конкурснай дзейнасці МДПДіМ Таццяны Снегіровай, асабліва ўразілі сяброў журы дзіцячыя творы інавацыйнага зместу, зробленыя ў супрацоўніцтве: калі ў той ці іншай творчай камандзе адны дзеці стваралі малюнкі паводле казак, а другія — цацкі паводле гэтых малюнкаў. Таксама сёлета гучна заявіў пра сябе такі модны наогул у сучасным мастацтве кірунак, як штампоўка на тканіне, прынты самага рознага кшталту.

8 лютага ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адбыўся гарадскі этап агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Тэатры моды”, дзе было прадстаўлена 17 калекцый адзення. Лакальнае журы на чале з кіраўніком подыум-школы Fashion Style Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ігарам Івановым дастаткова высока ацанілі самі калекцыі, а таксама дэфіле, арыгінальнасць нумароў, артыстызм мадэлей, іх сцэнічную культуру.

І, нарэшце, 23 лютага, якраз у Дзень абаронцаў Айчыны, у МДПДіМ адбыўся гала-канцэрт мінскага гарадскога этапу IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” — са сцэны палаца прагучалі 42 нумары ў выкананні зорак і зорачак з багатай на таленты супольнасці адораных дзяцей сталіцы. За іх выступленнямі ўважліва сачыла рэспубліканскае журы на чале з кампазітарам, прадзюсарам, кіраўніком народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” Генадзем Маркевічам, а яшчэ ўся паўнюткая тэатральная зала Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, якая ніколькі не скупілася на апладысменты і бурныя працяглыя авацыі.

Было асабліва прыемна ўбачыць на сцэне выступоўцаў, добра знаёмых па мінулых конкурсах “Прывітанне, свет!”, чые імёны вызначаюць аблічча юнага творчага Мінска, з’яўляюцца брэндавымі ў маштабах усёй краіны. І тым больш прыемна было ад таго, што яны выступалі з новымі свежымі нумарамі, якія прымушалі адчуваць прыемную асалоду ў душы і дрыжыкі па ўсім целе: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Чабарок” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі (харэаграфічная карцінка “Гушкі”), фальклорны ансамбль “Вясёлка” сярэдняй школы № 1 (беларуская народная песня “Канапелькі”), навучэнка Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Паліна Бурло (выкананнем беларускай народнай песні “А ў Іерусаліме” ва ўлюбёнай ёй аўтэнтычнай манеры Паліна выклікала слёзы нават у самых далёкіх ад беларускай аўтэнтыкі слухачоў), навучэнка дзіцячай музычнай школы № 18 і гімназіі № 192 Мінска Улада Філіповіч (ад яе “Рана-рана” ў жорсткай хэві-метал-аранжыроўцы міжволі дружна ўздрыгнула ўся зала), заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Дударыкі” гімназіі № 14 (колькі бачу іх выступленні, не магу не захапляцца творчым энтузіязмам нязменнага кіраўніка ансамбля Дзмітрыя Ровенскага і яго заўзятых выхаванцаў), узорны калектыў старадаўняй і сучаснай музыкі сярэдняй школы № 13 Brevis (колькі ўжо залацінак з музычнай спадчыны мінулых стагоддзяў выцягнуў на свет яго кіраўнік Павел Сурагін, а натхненне ім усё ніяк не вычэрпваецца!), студыя эстраднага танца “Асарці” сярэдняй школы № 191 (харэаграфічная карцінка “На Купалу”) і многія іншыя. Мабыць, адмысловай кульмінацыяй сталічнага гала-канцэрта можна назваць выступленне ўзорнага інструментальнага ансамбля “Міраж” гімназіі № 5, які сваімі “Карцінкамі Кубы” прымусіў залу апладзіраваць некалькі хвілін: адметная драматургія нумара з працяглым драм-сэйшнам напрыканцы, неверагодны запал юных артыстаў, іх чыста прыродная юначая прыгажосць — усё гэта разам на дзесяць хвілін ператварыла тэатральную залу Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў сапраўдны востраў свабоды.

Трохгадзінны канцэрт прайшоў на адным дыханні, пералік усіх выступоўцаў, а сярод іх, бадай, і не было шэранькіх, непрыкметных, быў бы занадта доўгім. Цешыць адно: многіх з іх мы яшчэ абавязкова згадаем зусім хутка, калі ў канцы сакавіка адбудзецца заключны рэспубліканскі гала-канцэрт IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *