Са станоўчай дынамікай

- 11:00Адукацыйная прастора

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у Віцебскай вобласці сабраў 1014 удзельнікаў у абласным цэнтры, Оршы (па матэматыцы, рускай мове і літаратуры) і Полацку (па беларускай мове і літаратуры). Зноў найбольшая колькасць навучэнцаў выпрабоўвала свае веды, удачу і волю да перамогі ў турах па замежных мовах і матэматыцы (сёлета 155 і 112 чалавек адпаведна). Практычныя туры па хіміі, біялогіі, геаграфіі, інфарматыцы прайшлі на базе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па замежнай мове з гімназіі № 2 Віцебска.

— Алімпіядны рух у рэгіёне вельмі папулярны, паколькі дае магчымасць усім жадаючым ва ўмовах спаборніцтва праверыць свае веды ў пэўнай навуковай галіне, — адзначыла рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская. — За час правядзення рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у суверэннай Беларусі навучэнцы Віцебшчыны заваявалі больш за дзве тысячы дыпломаў рэспубліканскага і больш за 50 міжнароднага ўзроўню. 

Як паведаміў начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Уладзімір Беднякоў, трэці этап алімпіяды прайшоў у рабочым парадку ў строгай адпаведнасці з зацверджанымі рэгламентуючымі нарматыўнымі дакументамі. Па колькасці атрыманых навучэнцамі дыпломаў у лідары выйшлі Першамайскі (112) і Кастрычніцкі (67) раёны Віцебска, а таксама Полацкі (60) раён. Па 45 дыпломаў — на рахунку гімназій №№ 1 і 8 Віцебска, 44 — у прадстаўнікоў гімназіі № 2 Віцебска. Высокія вынікі прадэманстравалі навучэнцы сярэдніх школ №№ 1 і 2 Гарадка, № 1 Лёзна, № 2 Бешанковіч, Дзісненскай сярэдняй школы Мёрскага раёна, Ушацкай сярэдняй школы.

— Усяго нашы навучэнцы на ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды атрымалі 44 дыпломы па 13 вучэбных прадметах — магчыма, самая вялікая варыятыў­насць па рэспубліцы, — расказаў дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў. — Палову гэтага поспеху займаюць асноўныя на сёння прадметныя напрамкі гімназіі, матэматыка і замежныя мовы.  Па матэматыцы 9 нашых удзельнікаў заваявалі 9 дыпломаў, замежныя мовы ўзба­гацілі агульную скарбонку 12 дыпломамі — найлепшы вынік у вобласці. Па кітайскай мове вучні Ма Луна атрымалі 4 дыпломы, прычым васьмікласніца Софія Фан набрала 97 працэнтаў балаў са 100 магчымых і стала абсалютнай пераможцай. Па іспанскай мове вучні Алены Пятроўны Токаравай адзначаны трыма дыпломамі, у дзесяцікласніцы Настассі Водчыц таксама найвышэйшая ў рэгіёне колькасць набраных балаў. Традыцыйна да алімпіяд нашых навучэнцаў рыхтуюць групы педагогаў. У прыватнасці, па англійскай мове, акрамя настаўніка-прадметніка, у такую групу абавязкова ўвахо­дзяць два выдатныя майстры — Наталля Мікалаеўна Чарнова і Ганна Сяргееўна Міненка. Пераможцы пачынаюць ужо ўзмоцнена рыхтавацца да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Трэба дадаць, што на базе гімназіі традыцыйна дзейнічаюць цэнтры па падрыхтоўцы каманды вобласці па замежных мовах, а цяпер (сумесна з гімназіяй № 8 Віцеб­ска) — і па матэматыцы. Гэтую работу мы ажыццяўляем у цесным узаемадзеянні з абласным інстытутам развіцця адукацыі (эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай якога з’яўляемся) і філалагічным факультэтам ВДУ імя П.М.Машэрава (у гімназіі працуюць філіялы трох універсітэцкіх кафедр).   

Варта адзначыць удалае выступленне вучняў настаўнікаў Веранікі Лакціной (20 пераможцаў па інфарматыцы; гімназіі №№ 1, 2 і 8 Віцебска), Руслана Шклейніка (9 пераможцаў па хіміі; гімназія № 1 Віцебска), Святланы Матросавай (6 пераможцаў па матэматыцы; гімназія № 2 Віцебска), Алены Маруцько (6 пераможцаў па фізіцы; гімназія № 7 Віцебска), Алены Яско (6 пераможцаў па хіміі, гімназія № 8 Віцебска), Веры Карнялюк (6 пераможцаў па французскай мове; гімназія № 9 Віцебска), Ірыны Лазаковіч (5 пераможцаў па французскай мове; гімназія № 3 Віцебска), Валерыі Прохаравай (5 пераможцаў па англійскай мове; гімназія № 1 Віцебска), Ірыны Забела (5 пераможцаў па фізіцы і астраноміі; Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны), Святланы Кежа (5 пераможцаў па хіміі; Полацкая дзяржаўная гімназія № 2), Марыі Бацяноўскай (4 пераможцы па матэматыцы; Глыбоцкая раённая гімназія), каманды па матэматыцы гімназіі № 8 Віцебска (настаўнікі Наталля Даброцкая, Ларыса Іванова і Галіна Крыванос, трэнер Міхаіл Волкаў — 15 пераможцаў).

— Мы рушылі на алімпіяду з добрым настроем, былі ўпэўнены ў сваіх сілах, — адзначыла Вераніка Лакціна, — бо да гэтага многа папрацавалі, нават усе канікулы — фактычна з раніцы і да вечара. Настройвала вучняў не накручваць сябе ў жаданні перамагчы, а проста ісці і спакойна зрабіць усё, што ад іх залежыць. А яны здольныя зрабіць многае і разумеюць гэта. Тое, што чацвёра самых моцных вучняў былі тады на Жаўтыкаўскай алімпіядзе, дало малодшым магчымасць трапіць у каманду і ярчэй праявіць сябе. Цікава атрымалася: у Алматы ўсе мае вучні заваявалі медалі, навучэнец гімназіі № 8 Віцебска Яраслаў Барысаў стаў абсалютным пераможцам па інфарматыцы з 18 залатых медалістаў, а практычна ў той жа час у Віцебску мой Ягор Цілігузаў, навучэнец гімназіі № 1, набраў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды 800 балаў з 800 магчымых — наколькі мне вядома, адзіны такі вынік у рэспубліцы.

Акрамя згаданых вышэй навучэнцаў гімназіі № 2 абласнога цэнтра, найлепшыя вынікі па замежных мовах на Віцебшчыне прадэманстравалі Максім Волкаў (9 клас, Межаўская сярэдняя школа Аршанскага раёна, настаўнік Ала Волкава, французская мова), Настасся Косарава (11 клас, гімназія № 3 Віцебска, настаўнік Ірына Лазаковіч, французская мова), Марыя Малахоўская (9 клас, сярэдняя школа № 16 Полацка, настаўнік Алена Чакмарова, нямецкая мова), Ксенія Юдыцкая (11 клас, сярэдняя школа № 45 Віцебска, настаўнік Анжэла Касачэнка, нямецкая мова), Арцём Віленскі (9 клас, гімназія № 2 Віцебска, настаўнік Алена Серадохава, англійская мова (дарэчы, у мінулым годзе ён стаў пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры) і Яна Барвянкова (11 клас, сярэдняя школа № 9 Оршы, настаўнік Аксана Песцерава, англійская мова).

У сакавіку ў Паўночным рэгіёне пройдзе заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы (Віцебск) і матэматыцы (Орша).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.