Са STEАM-падыходам

- 11:11Навіны рэгіёнаў

У сучасны адукацыйны працэс шырока ўкараняецца STEAM-падыход, які прадугледжвае інтэграцыю прыродазнаўчых навук, тэхналогій, мадэлявання, мастацтва і матэматыкі з выкарыстаннем міждысцыплінарнага, праектнага і прыкладнога метадаў. STEАM-падыход дапамагае развіваць крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, пераадольваць цяжкасці. Гэты падыход вылучаецца актыўнай камунікацыяй і каманднай работай. Ён фарміруе цэласную карціну свету праз гульню і эксперыментаванне з аб’ектамі жывой і нежывой прыроды, матывуе вучняў да праектавання і стварэння мадэлей, якія нагадваюць аб’екты навакольнай рэчаіснасці. Гэта падштурхоўвае да атрымання спецыяльнасцей інжынера, праграміста, канструктара і інш. У будучыні ўсе тэхнічныя спецыяльнасці будуць арыентаваны на STEАM-веды.

На ўроках нямецкай мовы і ў пазаўрочнай дзейнасці выкарыстоўваю дыдактычныя матэрыялы і лекцыі нямецкага дзіцячага анлайн-універсітэта KINDERUNI, якія істотна пашыраюць і разнастайваюць вучэбны матэрыял. KINDERUNI — гэта інавацыйны праект, што базіруецца на агульнадаступнай бясплатнай анлайн-платформе, развівае крэатыўнае мысленне і пазнавальную цікавасць вучняў, дазваляе азнаёміцца з рознымі галінамі ведаў і даследаваць іх у гульнявой форме. Па фармаце дзіцячы ўніверсітэт падобны на сапраўдны. Школьнікі вучацца на факультэтах “Чалавек”, “Прырода” і “Тэхніка”, на кожным з якіх наведва­юць 15 лекцый. Выконваючы нестандартныя заданні, “студэнты” збіраюць бэйджы, якія дапамагаюць прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы: ад бакалаўра, магістра і доктара навук да прафесара.

Сістэма распрацавана з апорай на адзін з самых паспяховых метадаў сучаснай дыдактыкі — гульняфікацыю. Пасля 6—10-мінутнай інтэрактыўнай лекцыі дзецям становяцца даступнымі заданні, выконваючы якія, яны замацоўваюць атрыманыя веды. Заданні пабу­джаюць дзяцей выбудоўваць прычынна-выніковыя сувязі, праводзіць паралелі і творча мысліць. Адначасова яны вучацца асновам медыяпісьменнасці: усвядомлена і прафесійна прымяняць медыя ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі.

Нямецкі дзіцячы анлайн-універсітэт вучыць дзяцей больш складаным ма­дэлям узаемадзеяння з камп’ютарнымі тэхналогіямі, забяспечвае якаснае прадметна-моўнае інтэграванае навучанне, дапамагае палепшыць паспяховасць у авалоданні нямецкай мовай, развівае камунікацыйныя кампетэнцыі.

Для эфектыўнага ўкаранення STEAM-падыходу ў адукацыйны працэс актыўна звяртаюся да інтэрнэт-рэсурсаў. Вельмі шмат карысных дыдактычных матэрыялаў і цікавай інфармацыі можна знайсці на сайтах:

https://www.wasistwas.de/erfindungen.html;
https://www.haus-der-kleinen-forscher.de;
https://www.lingonetz.de;
https://calliopemini.info;
https://www.klick-tipps.net/kinder/themen/detail/n/forschen;
http://hobbyelektronik.de/praxis/projekte/12-volt-dimmer/;
https://tueftelakademie.de/tutorials/calliope-mini/;
https://www.designerinaction.de/design-wissen/regenbogen-farben/;
https://www.coopzeitung.ch/themen/;
https://calliope.cc/projekte/;
https://tutorials-raspberrypi.de/13-tolle-raspberry-pi-projekte-fuer-kinder-jugendliche/;
https://www.informatik-aktuell.de/entwicklung/programmiersprachen/wie-kinder-programmieren-lernen-14-alternativen-zu-hello-world.html;
https://www.planet-wissen.de/;
https://www.geo.de/.

З мінулага навучальнага года наша школа ў ліку 12 устаноў адукацыі краіны далучылася да інавацыйнага праекта, ініцыіраванага Інстытутам Гётэ ў Мінску і АПА. У рамках праекта я разам з настаўнікам інфарматыкі С.Ю.Юрко кірую аб’яднаннем па інтарэсах “Праект з Calliope mini”, на занятках якога мы ў захапляльнай форме па-нямецку знаёмім сямікласнікаў з сучаснай робататэхнікай, рыхтуем іх да праграмавання мікракантролераў Calliope mini і ўдзелу ў рэспубліканскіх праектах. Так, у першай чвэрці школьнікі навучыліся з дапамогай мікракантролера перада­ваць паведамленні азбукай Морзэ, пра­грамаваць трэнажор вуснага лічэння, міні-піяніна, гульнявы кубік і інш. Акрамя таго, дзеці істотна пашырылі агульны кругагляд і слоўнікавы запас, палепшылі сацыякультурную і маўленчую кампетэнцыі.

Асаблівую ўвагу ўдзяляем сацыялізацыі сямікласнікаў, якія працуюць пераважна ў мікрагрупах ці тандэмах, прычым кожны раз у новай камандзе. Гэта вучыць рацыянальна размяркоўваць абавязкі і час на выкананне праекта, планаваць сумесную работу, дамаўляцца.

Тэхналагічная аснова аб’яднання грунтуецца на платформе мікрапрацэсара Calliope mini, распрацаванай кампаніяй Calliope. Моўная аснова — нямецкая. Заняткі прадугледжваюць раўнавагу паміж прадметным зместам і моўным навучаннем.

Праграма аб’яднання, разлічаная на 70 гадзін (2 гадзіны ў тыдзень), распрацавана ў адпаведнасці з узроставымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі вучняў 5—7 класаў і дыдактычнымі заканамернасцямі, якія дазваляюць арганічна спалучаць разумовае развіццё і выхаванне дзяцей з улікам сучасных дасягненняў у галіне ІКТ і выкладання замежнай мовы. На занятках школьнікі распрацоўваюць, будуюць і развіваюць прадукты сучаснай індустрыі, вывучаюць канкрэтныя праекты, ствараюць прататыпы рэальных прадуктаў, далучаюцца да навуковых даследаванняў, прымяняюць навуковыя адкрыцці ў практычнай дзейнасці. Мэта курса — фарміраваць устойлівую цікавасць і пачатковыя ўяўленні аб праектнай дзейнасці, заснаваныя на інтэграваным прадметна-моўным падыхо­дзе.  

Першы год навучання — тэарэтыка-рэпрадукцыйны. Вучні знаёмяцца з праектнай дзейнасцю, мікрапрацэсарам Calliope mini і базавымі прыёмамі праграмавання на гатовых прыкладах. Заняткі будуюцца на аснове ўніверсальнасці (метапрадметнасці) з выкарыстаннем тэхналогій гейміфікацыі, мадэлявання звыклых аб’ектаў, працэсаў і з’яў. Вучэбныя матэрыялы арыентаваны на авалоданне ўніверсальнымі вучэбнымі дзеяннямі (асобаснымі, рэгуляцыйнымі, пазнавальнымі і камунікацыйнымі) і прадметнымі вынікамі, якія забяспечваюць інтэлектуальнае развіццё дзяцей, у тым ліку па самастойным пошуку і засваенні новых ведаў і новых спосабаў дзеянняў. Структура заняткаў — ад простага да складанага, ад рэпрадукцыйнай да прадукцыйнай дзейнасці.  Вучні засвойваюць праектную дзейнасць на гатовых і зразумелых прыкладах, пасля чаго пераходзяць да заданняў, якія дазваляюць самастойна рэалізаваць задачу на аснове набытых навыкаў у галіне мадэлявання, канструявання, праграмавання і нямецкай мовы.

Вялікая ўвага акцэнтуецца на развіцці камунікацыйных універсальных вучэбных дзеянняў. Чаргаванне на занятках парнай і групавой дзейнасці далучае дзяцей да актыўнага ўзаемадзеяння. Выкарыстоўваючы спрошчаную мову, вучні набываюць маўленчую самастойнасць і могуць практыкавацца ў выкарыстанні прадметнай лексікі ў атмасферы, дзе адчуваюць сябе больш упэўнена. У рамках аб’яднання ладзяцца фестывалі і выставы работ, якія развіваюць навыкі прэзентацыі і абмену вопытам. Вучні самастойна выбіраюць формы і спосабы рашэння пэўных задач. Курс пабудаваны такім чынам, што дзеці рэгулярна мяняюць віды і змест дзейнасці, што дапамагае вучням з рознымі інтарэсамі і складам характару трапляць у сітуацыю поспеху.

Дзякуючы заняткам, у школьнікаў фарміруюцца веды, уменні і навыкі даследчай дзейнасці з выкарыстаннем ведаў з краіназнаўства, фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і біялогіі, павышаецца пазнавальная актыўнасць, развіваюцца крытычнае, алгарытмічнае і лагічнае мысленне, інтэлектуальны і творчы патэнцыял, ажыццяўляецца падрыхтоўка да вывучэння асноў алгарытмізацыі і праграмавання, фарміруюцца ўменні самастойнай, групавой і творчай работы, устойлівая цікавасць да праграмавання, дакладных навук, тэхнічнай творчасці і нямецкай мовы, пашыраецца лексічны запас, удасканальваюцца навыкі іншамоўнага маўлення і яго разумення на слых.  

Для зваротнай сувязі з вучнямі створана адкрытая група ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” “Захапляльны свет Calliope mini” (https://vk.com/club186325698), дзе выкладваюцца кароткія справаздачы аб рабоце на занятках, публікуюцца спасылкі на актуальныя інтэрнэт-старонкі. Удзельнікі групы размяшчаюць у стужцы фота- і відэаматэрыялы з заняткаў, пакідаюць каментарыі. Група складаецца не толькі з педагогаў і вучняў, але і з іх бацькоў і калег з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Надзея ВЯРЭНІЧ,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Лунінца.