Са стратэгіяй узаемадапамогі і падтрымкі

- 11:14Планёрка ў рэгіёне

Жнівень у адукацыі — “час збіраць камяні”. На Рагачоўшчыне таксама падвялі вынікі мінулага навучальнага года і абазначылі стратэгію развіцця на новы навучальны год. Сёння сваімі здабыткамі і планамі з намі дзеліцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці Пётр Міхайлавіч Гузялевіч.

— Пётр Міхайлавіч, нядаўна на жнівеньскай раённай канферэнцыі вы падвялі вынікі мінулага навучальнага года. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі дасягненнямі і з чытачамі газеты.
— 2014/2015 навучальн год быў абвешчаны ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама годам інфарматызацыі. Амаль 70% педагогаў нашых устаноў актыўна выкарыстоўваюць электронныя адукацыйныя прадукты ў практычнай дзейнасці, больш за палову настаўніцкай грамадскасці — сертыфікаваныя карыстальнікі, а сярод кіраўнікоў сертыфікаты маюць 89%. Патэнцыял педагогаў нашага раёна дазваляе не толькі прымяняць на практыцы гатовыя электронныя адукацыйныя прадукты, але і самім іх ствараць. На Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” педагогі рагачоўскіх школ чарговы раз атрымалі дыпломы. Плануем, што да канца 2015 года ва ўсіх установах адукацыі завершыцца работа па стварэнні і якасным напаўненні ўласных сайтаў. Прынцыповы падыход тут такі: адкрытыя, але “мёртвыя” сайты нам не патрэбны. У аддзеле ўжо амаль тры гады працуе сістэма электроннага дакументаабароту, актыўна выкарыстоўваецца правядзенне нарад і метадычнай вучобы ў рэжыме анлайн-відэасувязі. Дзве нашы ўстановы — гімназія і сярэдняя школа № 4 Рагачова — сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу па энергазберажэнні “Энергамарафон-2015”. Іх праекты дазволілі прыцягнуць на ўмацаванне матэрыяльнай базы больш за 1 млрд рублёў. Раённая каманда малодшых школьнікаў стала пераможцай абласнога конкурсу юных інтэлектуалаў “ДзетКІ”. Палепшылі свае паказчыкі мы і па выніках удзелу ў абласным і заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па вучэбных прадметах. Нядрэнна спрацавалі па прафілактыцы захворванняў дашкольнікаў, значна павялічыўшы індэкс здароўя выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў. Лічу добрым паказчыкам работы сістэмы дадатковай адукацыі прызнанне лепшым у вобласці Рагачоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі сярод устаноў гэтага тыпу.

— А да новага навучальнага года гатовы?
— Ва ўсіх без выключэння ўстановах бпаспяхова завершана падрыхтоўка да новага навучальнага года. Адчувальную падтрымку аказалі нам раённы выканаўчы камітэт, абласное ўпраўленне адукацыі. Дзякуючы ім да 1 верасня ў сярэдняй школе № 3 Рагачова капітальна адрамантавана (з заменай тэхналагічнага абсталявання) сталовая, у адной з сельскіх школ праведзена замена катлоў ва ўласнай кацельні, у гарадской гімназіі праведзена поўная замена свяцільняў на энергазберагальныя за кошт сродкаў, атрыманых па вышэйзгаданым праекце энергазберажэння. Сярэдняя школа № 2 Рагачова за вялікі аб’ём праведзеных уласнымі сіламі рамонтных работ адзначана грашовай прэміяй старшыні аблвыканкама ў памеры 260 млн рублёў.
На раённай педагагічнай нарадзе 6 лепшых устаноў, якія праславіліся ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года, атрымалі ад старшыні райвыканкама прэміі ў памеры 50 базавых велічынь кожная для ўмацавання вучэбна-матэрыяльнай базы. Для падрыхтоўкі да новага навучальнага года ўстановамі было прыцягнута больш за 1,2 млрд рублёў спонсарскіх сродкаў. Асаблівая падзяка бацькам за разуменне і матэрыяльную падтрымку. Нашымі агульнымі намаганнямі ўмовы навучання і выхавання дзяцей сталі больш камфортнымі і сучаснымі.

— Пётр Міхайлавіч, якія прыярытэты вызначаны на новы навучальны год?
— Дэталёвы аналіз работы за мінулы навучальны год дазволіў і аддзелу, і ўстановам намеціць выразныя арыенціры на бліжэйшую перспектыву. Перш за ўсё мы маем намер рэалізаваць распрацаваную ў раёне сістэму мер, накіраваных на павышэнне якасці прадметнай падрыхтоўкі школьнікаў. Гэта дазволіць палепшыць нашы цяперашнія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама паказчыкі ў рабоце са здольнымі і адоранымі навучэнцамі. Працягнецца работа па актыўным выкарыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе. Прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў, сацыяльнага сіроцтва, карысная занятасць школьнікаў заўсёды актуальныя тэмы. Тут мы таксама ўбачылі рэзервы і будзем над імі працаваць з бацькоўскай грамадскасцю і іншымі зацікаўленымі. У ліку прыярытэтных напрамкаў — падтрыманне ва ўстановах бяспечных умоў для жыццядзейнасці выхаванцаў і навучэнцаў, выкарыстанне ў адукацыйных і выхаваўчых працэсах здароўезберагальных тэхналогій.

— Асобна хочацца спыніцца на арганізацыі профільнага навучання. Якія напрамкі выбралі вашы вучні? Ці ўзнікалі цяжкасці ў рабоце з бацькамі? Як педагогі ўспрынялі ідэю адраджэння профільных класаў?
— У час існавання ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь профільнага навучання Рагачоўскі раён займаў лідзіруючыя пазіцыі па гэтым напрамку дзейнасці. І ўсё дзякуючы створанай эфектыўнай рэгіянальнай мадэлі профільнага навучання, у якой кожнай установе была адведзена сваё месца з улікам адукацыйных запытаў вучняў і магчымасцей іх дастаўкі ў пэўную ўстанову. Таму вестку аб вяртанні профільнага навучання ў нашы школы педагагічная грамадскасць Рагачоўшчыны ўспрыняла з радасцю, падтрымалі вяртанне профіляў і бацькі. Пасля абмеркавання магчымасцей кожнай установы быў распрацаваны перспектыўны план пабудовы адзінай профільнай прасторы раёна: вызначаны ўстановы, у якіх на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў будзе праведзена работа па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравага і вучэбна-метадычнага патэнцыялу. У новым навучальным годзе пакуль у пяці ўстановах адукацыі раёна будуць адкрыты профільныя класы розных мадэлей фарміравання. Найбольш запатрабаванымі да вывучэння ў вучняў сталі руская і англійская мовы, матэматыка, гісторыя Беларусі. Перакананы, што яшчэ праз год і колькасць устаноў, і пералік вучэбных прадметаў, па якіх будзе арганізавана профільнае навучанне, павялічыцца.

— Пётр Міхайлавіч, напрыканцы хочацца пачуць вашы пажаданні і віншаванні з нагоды 1 Верасня.
— Напярэдадні новага навучальнага года віншую ўсіх сваіх калег, педагогаў і бацькоў з Днём ведаў. Жадаю моцнага здароўя, выдатнага працоўнага настрою, узаемаразумення, аптымізму, веры ва ўласныя сілы.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.