Віцебскаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту — 50 гадоў
Слаўная і багатая на традыцыі гісторыя ўніверсітэта пачалася ў 1965 годзе: 24 чэрвеня было прынята рашэнне ўрада аб адкрыцці УВА, а з 1 верасня яна адчыніла свае дзверы для студэнтаў дзённага, вячэрняга і завочнага аддзяленняў. Першы набор Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці ажыццяўляў па пяці спецыяльнасцях. У наступныя гады інстытут імкліва развіваўся, павялічваў план прыёму студэнтаў і пашыраў профіль падрыхтоўкі спецыялістаў, ствараў новыя кафедры, лабараторыі і кабінеты. У 1995 годзе УВА прайшла акрэдытацыю і была ператворана ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
На цяперашні час гэта разгалінаваны вучэбна-навуковы вытворчы комплекс, які мае высокі кадравы, навуковы і метадычны патэнцыял, сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу для падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Падрыхтоўка ў ВДТУ вядзецца па 20 спецыяльнасцях і 32 спецыялізацыях; звыш 30 філіялаў кафедраў працуюць непасрэдна на прадпрыемствах вобласці. Універсітэт паспяхова выконвае фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні па дзяржаўных праграмах, з’яўляецца галаўной арганізацыяй — выканаўцам галіновых навукова-тэхнічных праграм і шэрага асобных праектаў па заданні канцэрна “Беллегпрам”.
Навуковыя распрацоўкі вучоных ВДТУ ўкараняюцца ў вытворчасць, яны неаднойчы дэманстраваліся на міжнародных выставах у Расіі, Казахстане, Італіі, Германіі, Кітаі, Індыі, Інданезіі, В’етнаме, Манголіі, Польшчы і многіх іншых краінах блізкага і далёкага замежжа. Універсітэт мае дагаворы аб супрацоўніцтве з 45 адукацыйнымі і навуковымі арганізацыямі і ўстановамі блізкага і далёкага замежжа. Паказальна, што да навуковай дзейнасці актыўна далучаецца моладзь: больш за 85 працэнтаў студэнтаў дзённага аддзялення займаецца навукай, і альма-матар дае ім выдатныя стартавыя магчымасці.
ВДТУ мае сучасную базу вучэбных і лабараторных падраздзяленняў, унікальны тэхнапарк, які выконвае інавацыйныя заказы прадпрыемстваў рэгіёна. Тут знаходзіцца адзіны ў рэспубліцы выпрабавальны цэнтр па сертыфікацыі вырабаў лёгкай прамысловасці.
Універсітэт пастаянна мэтанакіравана вядзе работу па ўдасканаленні вучэбнага працэсу, прымяненні сучасных метадаў навучання. “Установа вышэйшай адукацыі ўносіць значны ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, запатрабаваных у айчыннай эканоміцы. За паўстагоддзя з яе сцен выйшла больш за 36 тысяч спецыялістаў, якія паспяхова працуюць на прадпрыемствах рэспублікі, у органах дзяржаўнага кіравання, — гаворыцца ў віншаванні, якое накіраваў калектыву Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. — Дасягненні калектыву і выпускнікоў універсітэта вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Распрацоўкі вучоных вашай УВА паспяхова ўкараняюцца ў вытворчасць, а ўдзел у аднаўленні тэхналогіі стварэння слуцкіх паясоў паслужыў захаванню і прымнажэнню нацыянальных традыцый. Упэўнены, што калектыў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і далей будзе прадукцыйна працаваць у імя развіцця адукацыі і навуковага патэнцыялу нашай краіны”.
З’яўляючыся прызнаным цэнтрам адукацыі і навукі, універсітэт дае надзейную аснову для максімальнага праяўлення здольнасцей выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў. Значнае развіццё атрымалі спорт і мастацкая самадзейнасць. Па выніках апошніх 2 гадоў каманда ўніверсітэта з’яўляецца пераможцай круглагадовай спартакіяды Віцебска. На Рэспубліканскай універсіядзе 2014 года ўніверсітэт заняў 1 месца ў сваёй групе УВА і сёлета ўпэўнена лідзіруе. Студэнцкі Дом моды на працягу чатырох гадоў пераможна выступае на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Арт-вакацыі”. Два гады запар студэнты ўніверсітэта атрымліваюць званне “Студэнт года Віцебшчыны”. Дарэчы, першая ў гісторыі конкурсу “Студэнт года-2011” пераможца Марына Сініца таксама прадстаўляла ВДТУ, а зараз тут вучацца першая віцэ-міс Міжнароднага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна-2014”, лаўрэат прэміі “Чалавек года Віцебшчыны-2014” Ганна Мядзелец і пераможца Міжнароднага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна-2015” Святлана Гарбачова, пераможца тэлевізійнага музычнага праекта “Поющие города” Настасся Лейкіна. Ва ўніверсітэце створана выдатная мастацкая школа, вядомая далёка за межамі рэспублікі.
— За паўстагоддзя назапашаны значны вопыт, падрыхтаваны тысячы спецыялістаў, — адзначыла першы сакратар Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ Юлія Новікава. — Разам з тым вельмі важна, што УВА стала кузняй не толькі кадраў, але і талентаў у сферы спорту, творчасці, грамадскага жыцця. Перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, такіх як “Каралева Вясна”, “100 ідэй для Беларусі”, “Студэнт года”, пацвярджаюць, што ва ўніверсітэце вядзецца сістэмная выхаваўча-ідэалагічная работа і кожны з педагогаў уносіць свой уклад у выхаванне дастойных грамадзян Рэспублікі Беларусь.
З юбілеем універсітэт павіншавалі прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый і, канечне ж, яго выкладчыкі, работнікі і выпускнікі, для якіх ВДТУ не проста абрэвіятура, а альма-матар, любімая работа, вучоба і сотні, тысячы ўспамінаў і планаў на будучыню. Вынікі работы кіраўніцтва і працоўнага калектыву УВА былі адзначаны ўзнагародамі, ганаровымі граматамі, граматамі і падзякамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, БРСМ, Віцебскіх абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, упраўленняў Віцебскага аблвыканкама, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.
Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш ад імя Міністэрства адукацыі разам са шчырымі і сардэчнымі віншаваннямі ўручыў юбіляру сертыфікат на 200 мільёнаў рублёў.
Спалучэнне вучэбнага працэсу з навуковымі даследаваннямі, інтэнсіўнае выкарыстанне інавацыйных тэхналогій, шырокі спектр адукацыйных праграм, якія рэалізоўваюцца, цесныя сувязі з вядучымі прамысловымі прадпрыемствамі і навуковымі арганізацыямі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны — усё гэта дазваляе калектыву і выпускнікам ВДТУ дасягаць вышынь у розных сферах дзейнасці.
— Наш універсітэт імкнецца ісці ў нагу з часам, паспяхова вырашаючы пытанні падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, правядзення актуальных навуковых даследаванняў і выхавання маладога пакалення, — падкрэсліў рэктар ВДТУ Валерый Башметаў. — Але галоўны поспех — тое, што ў нас сфарміраваны выдатны калектыў, здольны вырашаць задачы любой складанасці. І калі сёння называць лепшых, то трэба ўзгадаць усіх, хто працуе ва ўніверсітэце, а гэта 837 чалавек і каля 7 тысяч студэнтаў — лепшых студэнтаў лепшага ўніверсітэта.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.