Са святам педагагічнага майстэрства!

Урачыстым, пранікнёным, сімвалічным, надзвычай яркім і музычным стала адкрыццё Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017”, якое адбылося ўчора ў актавай зале Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У мерапрыемстве ўзяў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Паважаныя педагогі, фіналісты конкурсу прафесійнага майстэрства! Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” — адна з самых яркіх і значных падзей у сістэме адукацыі. Конкурс прафесійнага майстэрства сярод педагогаў рэспублікі традыцыйна праводзіцца напярэдадні Дня настаўніка, каб яшчэ раз падкрэсліць, наколькі важнай і неабходнай у грамадстве з’яўляецца настаўніцкая прафесія.

Будучыня краіны напрамую залежыць ад педагогаў сённяшняга дня, ад іх прафесіяналізму, адказнага і якаснага выканання сваіх абавязкаў — вучыць і выхоўваць дзяцей. Якіх бы поспехаў у жыцці ні дасягнуў чалавек, найважнейшую ролю ў станаўленні яго асобы адыгрывае настаўнік.

Менавіта вамі, прадстаўнікамі надзвычай патрэбнай і высакароднай прафесіі, вызначаецца тое, якімі стануць нашы дзеці, якія веды набудуць, які жыццёвы шлях выберуць. Хутказменлівы свет прымушае настаўнікаў увесь час займацца самаразвіццём, пашыраць уласны кругагляд, удасканальваць метады работы, засвойваць новыя тэхналогіі”, — адзначыў у сваім прывітальным слове Ігар Карпенка.

Сёння педагогі рэспублікі паспяхова рыхтуюць выхаванцаў да ўдзелу ў розных конкурсах і алімпіядах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Захоўваючы і памнажаючы прафесійныя і маральныя каштоўнасці, настаўнікі актыўна ўкараняюць інавацыі, увесь час удасканальваюць сваё майстэрства і педагагічную практыку. Вопыт многіх педагогаў можна назваць унікальным, таму важна дзяліцца ім са сваімі калегамі. Конкурсны рух дазваляе не толькі выяўляць самых яркіх і таленавітых настаўнікаў, але і павышае прэстыж гэтай прафесіі ў грамадстве, садзейнічае прасоўванню новых педагагічных ідэй і рашэнняў.

“Дэманструючы свае таленты і вопыт, раскрываючы свой творчы патэнцыял, вы прапаноўваеце ўзоры педагагічнага мастацтва, яркія аўтарскія знаходкі, арыгінальныя методыкі і тэхналогіі ў навучанні, якія становяцца бясцэннай дапамогай у адукацыйным працэсе.

Прафесійныя спаборніцтвы абавязкова стануць важнай па­дзеяй для кожнага з вас, а ваш інтэлект, сіла волі, яркасць, эмоцыі дапамогуць паспяхова пераадолець завяршальны конкурсны этап. Няхай адкрыцці, якія адбудуцца ў дні конкурсных выпрабаванняў, узбагацяць кожнага з вас, дапамогуць настроіцца на хвалю пераўтварэнняў і новых дасягненняў. Дарагія канкурсанты, шчыра жадаю вам удачы, плённай работы, новых знаёмстваў, творчых ідэй і натхнення. Няхай конкурс для вас стане не толькі вяршыняй прафесійных дасягненняў, але і стартавай пляцоўкай для новых перамог!” — пажадаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Са словамі віншавання і наказу звярнуўся да канкурсантаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, старшыня журы суперфіналу конкурсу Аляксандр Іванавіч Жук: “Сёння ў нас выдатнае свята — фестываль педагагічнага майстэрства. Наш конкурс мае багатую гісторыю. Лепшым настаўнікам Савецкага Саюза ў 1991 годзе стаў настаўнік фізікі сярэдняй школы № 49 Мінска Валерый Гербутаў. У новай гісторыі нашай незалежнай дзяржавы, калі ў 1995 годзе ўзнікла ідэя адрадзіць конкурс “Настаўнік года”, ён пачаў праводзіцца пад патранажам прэзідэнта нашай краіны. Кожны раз кіраўнік дзяржавы сустракаецца з фіналістамі конкурсу.

Наперадзе ў вас няпростыя конкурсныя дні. Але ўжо цяпер усе вы  пераможцы, вы лепшыя ў сваіх раёнах і абласцях. Пасля кожнага конкурсу клуб “Крыштальны журавель” папаўняецца новай генерацыяй настаўнікаў, тымі, хто не пабаяўся стаць удзельнікам, а затым дайшоў да фіналу. Каб прадэманстраваць сваё майстэрства публічна, неабходна вялікая смеласць. Вы смелыя людзі і майстры сваёй справы. Віншую вас са святам педагагічнага майстэрства! Поспехаў вам, і няхай пераможа наймацнейшы! А журы будзе строгім, але справядлівым і аб’ектыўным”.

Сваімі матывацыйнымі ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе падзяліўся мінулы пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2014” настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Жук: “Калі я апынуўся на гэтай сцэне, пачынаўся заключны этап конкурсу “Настаўнік года”. Тады нават у самых смелых маіх прагнозах не было і намёку на тое, як ён для мяне закончыцца. Цяпер, праз 3 гады, я разумею, што падводзіць вынікі таго конкурсу ўсё ж яшчэ рана. Ён стаў для мяне не фінішнай прамой, а хутчэй стартавай пляцоўкай для прафесійнага росту, магутным стымулам, які прымушае ўвесь час працаваць над сабой.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў фіналу, жадаю, каб конкурс прынёс вам толькі станоўчыя эмоцыі, дапамог знайсці новых сяброў, рэалізаваць усе конкурсныя задумы. А самае галоўнае, каб конкурс дапамог вам стаць не лепшымі за іншых, а лепшымі за сябе. Удачы!”

Музычнасць і яркасць на адкрыцці былі ад самага пачатку і да канца. Спачатку танцамі і спевамі ганаравалі канкурсантаў і гасцей, а затым ужо самі канкурсанты дэманстравалі свае пеўчыя і танцавальныя здольнасці. Але конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — гэта ў першую чаргу парад педагагічных вынікаў, якія канкурсанты пачалі дэманстраваць падчас самапрадстаўлення.

Сёлета, як і мінулы раз, задача была няпростая, бо неабходна было паказаць дасягненні кожнага канкурсанта асобна і ў камандзе адначасова. Да таго ж усе імкнуліся прадэманстраваць сістэму адукацыі свайго рэгіёна. Адразу хачу адзначыць, што ўсе каманды справіліся. Усё было зроблена на самым высокім узроўні. Прысутных у глядзельнай зале перапаўняла адчуванне гордасці. Было шмат музыкі, крэатыву і роздумаў аб прафесіі педагога. Зноў уразіў падыход каманд да касцюмаў, якія таксама сімвалізавалі іх еднасць. Было не проста цікава — было эмацыянальна і захапляльна. Хацелася сядзець і глядзець.

На настаўнікаў, на іх вучняў, якія прыйшлі не толькі падтрымаць, але і з поўнай адказнасцю заявіць, што іх настаўнік самы лепшы ў свеце.

Думаю, журы ў гэтым годзе працаваць будзе няпроста. Сярод канкурсантаў шмат харызматычных і вельмі яркіх асоб.

Старшыні прадметных журы

Старшынёй журы па прадметах “Гісторыя”, “Грамадазнаўства” з’яўляецца прафесар кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы кандыдат педагагічных навук Сяргей Венья­мінавіч Паноў.

Па геаграфіі — загадчык кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта БДУ кандыдат геаграфічных навук Дзмітрый Міраслававіч Курловіч.

Па біялогіі журы ўзначальвае Васіль Вітальевіч Грычык, загадчык кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі БДУ, доктар біялагічных навук.

Па хіміі — дацэнт кафедры неарганічнай хіміі БДУ кандыдат хімічных навук Алена Іванаўна Васілеўская.

У намінацыі “Пачатковыя класы” старшынёй журы з’яўляецца Вольга Ігараўна Цірынава, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

У намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” — Наталля Сцяпанаўна Старжынская, прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук.

У намінацыі “Замежная мова” старшынёй журы стала Наталля Валянцінаўна Дземчанка,  начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра лінгвістычнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт (англійская мова).

Старшынёй журы па прадмеце “Фізіка” з’яўляецца  Мікалай Іванавіч Запрудскі, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук.

Па матэматыцы — Сяргей Іванавіч Зянько, загадчык кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук.

Па рускай мове і літаратуры — дацэнт кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ кандыдат педагагічных навук Алена Яўгенаўна Долбік.

Па беларускай мове і літаратуры — Ганна Міхайлаўна Валочка, загадчык лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт.

Па музыцы — Валянцін Ва­сільевіч Каваліў, дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

Па працоўным навучанні — дацэнт кафедры “Тэхналогія і методыка выкладання” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат тэхнічных навук Сяргей Эдуардавіч Завістоўскі.

Па фізічнай культуры і здароўі — Таццяна Андрэеўна Лапацік,  загадчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар.

Асаблівая адказнасць ускладзена на журы суперфіналу, якое павінна вызначыць пераможцу “Настаўніка года — 2017”, таго педагога, прафесійнае майстэрства якога стане сімвалам айчыннай адукацыі на наступныя тры гады.

У складзе журы суперфіналу будуць працаваць настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна пераможца конкурсу 2014 года Віктар Жук, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі, доктар педагагічных навук Раман Матульскі. Намеснікам старшыні журы ў суперфінале з’яўляецца намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі пераможца конкурсу 1997 года Валянціна Гінчук. Акрамя таго, у склад надпрадметнага журы ўваходзяць галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Аляксееўна Ільіна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. У спецыяльным выпуску “Настаўніцкай газеты”, прымеркаваным да заключнага этапу конкурсу “Настаўнік года — 2017”, на жаль, былі пераблытаны фотаздымкі канкурсантаў. Калектыў рэдакцыі шчыра просіць прабачэння ў настаўніка фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Жабінкі Сяргея Аляксандравіча Карпука,  настаўніка фізічнай культуры і здароўя настаўніка-метадыста сярэдняй школы № 39 Гродна Сяргея Сяргеевіча Паграбнёва, а таксама настаўніцы англійскай мовы ліцэя № 1 Баранавіч Таццяны Мікалаеўны Шагун і настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 1 Калінкавіч Эміліі Эдуардаўны Хазановіч.

Жадаем поспеху ўсім канкурсантам.