Алена Рыгораўна Шумак лічыць, што настаўніцкую прафесію выбіраюць па ўзоры любімага педагога. Такім педагогам для гераіні нашай рубрыкі стала настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Іванаўна Гардзяйчук, якая з’яўлялася прыкладам балансу строгасці, бязмежнай любові да дзяцей і прафесіяналізму. Умелае спалучэнне гэтых якасцей давала выдатныя вынікі і ў навучанні, і ў выхаванні.
— Педагогаў у сям’і не было, — гаворыць Алена Рыгораўна. — З шасцігадовага ўзросту любіла гуляць у настаўніцу, таму прафесію выбрала ўсвядомлена. Калі паступіла на філалагічны факультэт тагачаснага Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага, мама плакала не ад шчасця, а ад гора, бо не хацела, каб дачка ўсё жыццё правяла ля дошкі з указкай. Але настаўніцкая работа — гэта не толькі дошка, крэйда і ўказка, як думаюць многія, а найперш цікавыя зносіны з дзецьмі і пастаянны творчы пошук.
Пасля заканчэння інстытута А.Р.Шумак прыйшла працаваць настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў сярэднюю школу № 16 Пінска. “Першы год быў надзвычай цяжкім, — прызнаецца педагог. — Вельмі баялася памыліцца. Не заўсёды правільна выбудоўвала ўрокі. З’явіліся сумненні ў правільнасці прафесійнага выбару”.
Невядома, ці засталася б тады Алена Рыгораўна ў школе, каб не сустрэча з чалавекам, які прымусіў паверыць у сябе і дапамог у далейшым прафесійным станаўленні. Настаўніца вельмі ўдзячна намесніку начальніка гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміле Сцяпанаўне Былінскай, якая, працуючы 17 гадоў назад намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 2 Пінска, куды перайшла працаваць і працуе да сённяшняга часу А.Р.Шумак, адразу заўважыла ў маладым педагогу патэнцыял і дапамагла раскрыцца. Дзякуючы гэтаму, Алена Рыгораўна не расчаравалася ў прафесіі, а палюбіла яе яшчэ больш.
— Гэта вельмі працавіты, адказны і ініцыятыўны педагог, — расказвае дырэктар гімназіі № 2 Пінска А.У.Якімчук. — У сваёй рабоце настаўніца выкарыстоўвае розныя метады і прыёмы, якія даюць дзецям трывалыя і глыбокія веды па прадмеце.
— Аддаю перавагу актыўным метадам навучання, якія дазваляюць задзейнічаць на ўроках усіх дзяцей, дапамагаюць ім рэалізаваць сябе, пазбавіцца страху перад публічнымі выступленнямі, — гаворыць Алена Рыгораўна. — Не абыходжу ўвагай і тэхналогію праблемнага навучання. Вельмі падабаецца тэхналогія брыкалажу, калі пры тлумачэнні новага матэрыялу выкарыстоўваецца ўсё, акрамя падручнікаў, метадычных дапаможнікаў і сшыткаў. Працую над развіццём медыядасведчанасці. Вучу дзяцей працаваць з інфармацыяй (незалежна ад яе крыніц), адрозніваць праўдзівую ад непраўдзівай. Гэта вельмі павышае матывацыю да вывучэння прадмета, дапамагае пазбегнуць памылак у дарослым жыцці. На жаль, вучэбная праграма па рускай літаратуры, якую варта асучасніць, не заўсёды выхоўвае любоў да чытання, таму задача настаўніка заключаецца ў тым, каб сарыентаваць дзяцей у свеце літаратуры і знаёміць з ёй, не навязваючы. Для гэтага прапаноўваю вучням вялікі спіс твораў сучасных расійскіх і замежных аўтараў, якія дзеці ахвотна чытаюць і абмяркоўваюць.
Па словах А.Р.Шумак, многія падлеткі любяць пэўны прадмет дзякуючы асобе настаўніка, таму ён павінен заўсёды быць нестандартным і разнастайным, умець здзіўляць і захапляць, быць гатовым да вучэбных авантур.
— Аўтарытарны стыль ва ўзаемаадносінах з вучнямі недапушчальны, — упэўнена Алена Рыгораўна. — З дзецьмі неабходна выбудоўваць даверныя адносіны, а ў рабоце — пазбягаць шаблоннасці. Кожны ўрок павінен быць сюрпрызам, тады на заняткі будуць хадзіць з вялікай ахвотай. Вельмі важна развіваць у вучняў метапрадметныя кампетэнцыі, якія дапамогуць самарэалізавацца ў жыцці. Каб быць цікавым для дзяцей, трэба пастаянна развівацца, прапаноўваць ім нешта новае, валодаць пачуццём здаровага авантурызму. У рабоце больш за ўсё падабаюцца зносіны з вучнямі, іх адкрытасць, чысціня, шчырасць, гатоўнасць здзіўляцца і адкрываць свет. Вельмі хочацца праз свой прадмет уплываць на станаўленне асобы дзяцей. Настаўнік — гэта найперш выхавальнік.
У свой час А.Р.Шумак з’яўлялася кіраўніком гарадскога пастаянна дзеючага семінара настаўнікаў рускай мовы і літаратуры “Актыўныя метады навучання як інструмент паспяховага настаўніка” і гімназічнага клуба маладых адкрывальнікаў. Па матэрыялах яго работы педагог у суаўтарстве з настаўніцай біялогіі Т.В.Пархамчук выпусціла метадычны дапаможнік “Клуб юных першаадкрывальнікаў”. Сёння педагог узначальвае гарадскую школу перадавога педагагічнага вопыту настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, актыўна публікуецца ў метадычным друку, праводзіць майстар-класы, удзельнічае ў семінарах. Алена Рыгораўна — фіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.