Сабраць школьны партфель і… не разарыцца

- 15:39Сацыяльны ракурс

Да пачатку новага навучальнага года засталося менш чым месяц. І пакуль дзеці яшчэ атрымліваюць асалоду ад канікул, дарослыя ўжо ўсур’ёз занепакоены падрыхтоўкай да школы. Большасць бацькоў набываюць неабходнае загадзя, але ёсць і тыя, хто адкладвае ўсё на апошнія дні. Тым не менш падрыхтавацца да школьных будняў зможа кожны. Але ці магчыма гэта зрабіць з мінімумам затрат?

— Продаж тавараў да новага навучальнага года пачаўся яшчэ 15 ліпеня, а ў Мінску — на пяць дзён раней, — расказала падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі гандлю школьнымі таварамі да новага навучальнага года, начальнік аддзела нехарчовых тавараў галоўнага ўпраўлення рэгулявання спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Марына Ліпніцкая.

Як паведаміла спецыяліст, падчас падрыхтоўкі да школьнага сезона ва ўсіх рэгіёнах краіны працуюць 655 школьных базараў, 180 з якіх дзейнічаюць пастаянна. Дадаткова арганізоўваецца 475 школьных кірмашоў у выхадныя дні. Усе без выключэння мерапрыемствы суправаджаюцца рэкламнымі акцыямі, падчас якіх пакупнікам прадастаўляюцца скідкі на тавары, праводзяцца латарэі, разыгрываюцца прызы. Каб паскорыць абслугоўванне пакупнікоў, былі адкрыты 270 дадатковых гандлёвых месцаў, аформлены 4,4 тысячы куткоў для першакласнікаў і школьнікаў. Дарэчы, тавары для школьнікаў у краіне прадаюць каля 6 тысяч гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку ў 1750 магазінах рэалізоўваюцца адзенне і абутак.

— У арганізацыях гандлю прадстаўлены шырокі асартымент адзення і абутку дзелавога стылю і для заняткаў фізкультурай, разнастайныя канцылярскія тавары, а таксама ранцы, рукзакі, якія зроблены з воданепранікальных матэрыялаў, з прымяненнем святлоадбівальных элементаў, — адзначыла Марына Ліпніцкая. — Што тычыцца пастаўшчыкоў, то вядучымі прадстаўнікамі адзення і абутку дзелавога стылю з’яўляюцца прадпрыемствы канцэрна “Беллегпрам”. Тым не менш сёлета павялічылася колькасць і іншых беларускіх вытворцаў.

Сёння, каб сабраць дзіця ў школу, можна не бегаць па горадзе ў пошуках неабходнага. У буйных універмагах у шырокім асартыменце прадстаўлена ўсё, што спатрэбіцца для школы. Зараз, напярэдадні навучальнага года, цэнтральныя ўнівермагі сталіцы праводзяць і акцыі, падчас якіх пэўны від тавару можна набыць са скідкай.

— Сёння ў нас багаты асартымент школьнага адзення беларускіх вытворцаў, — расказвае Настасся Юрчык, намеснік загадчыка секцыі “Дзіцячы свет” ЦУМа. — Для дзяўчынак свае калекцыі сукенак, сарафанаў прадставілі “Калінка”, “Славянка”, “Надзея” і інш. Вельмі прыгожыя і модныя мадэлі блузак дзяўчынкам пашылі Blauz, ELIZ. Дарэчы, у Blauz ёсць таксама модная лінейка сукенак і сарафанаў, якія карыстаюцца шырокай папулярнасцю. Зараз, напярэдадні школьнага сезона, для першакласніц часцей за ўсё набываюць блузкі, сарафаны, спаднічкі і штаны. Старшакласніцы таксама выбіраюць зручныя сарафаны, сукенкі. Што тычыцца хлопчыкаў, то бацькі аддаюць перавагу касцюмам, у камплект якіх уваходзяць пінжакі. Дарэчы, сёлета прадстаўлена новая калекцыя пінжакоў, якія пашыты з клятчастых тканін, маюць дадатковыя вышыўкі, нашыўкі на локцях. Што тычыцца сілуэта, то тут усё залежыць ад густу. Нехта выбірае класічныя мадэлі, іншым даспадобы прыталены сілуэт. Гэта ж тычыцца і штаноў, сарочак. Але, назіраючы за тым, чаму ў большасці выпадкаў аддаюць перавагу сёлетнія школьнікі, магу адназначна сказаць, што найбольш папулярнай мадэллю з’яўляюцца slim fit — завужаныя мадэлі. Вельмі прыгожую вопратку гэтай катэгорыі шые “СтыльМен”. Закранаючы пытанні моды, хачу адзначыць, што сёння сярод дзяўчынак вельмі папулярнымі з’яўляюцца мадэлі з плісіроўкай, валанамі, а таксама мадэлі, выкананыя з тканіны-шатландкі. Па каляровай гаме хлопчыкі часцей за ўсё выбіраюць касцюмы сіняга колеру. Гэта звязана з тым, што ў школах уведзены адпаведны стыль на штодзённую форму.

Што тычыцца сумы, якую давядзецца патраціць, апранаючы дзіця ў школу, то тут усё залежыць ад выбару мадэлей адзення. Так, калі камплектам сабіраць форму, касцюм для хлопчыка можна набыць ад 75 і да 135 рублёў. Сарочкі каштуюць у межах ад 25 да 32 рублёў. Сарафаны для дзяўчынак можна знайсці на суму ад 35 і да 65—70 рублёў. Блузкі каштуюць ад 35 рублёў і вышэй. Безумоўна, кошт залежыць ад складу тканіны, фурнітуры і інш.

Абутак у магазіне таксама прадстаўлены ў шырокім асартыменце. Што тычыцца мадэлей і кошту, то, напрыклад, туфлі “Шагавіта” будуць каштаваць у межах 50—65 рублёў. Амаль такі ж цанавы дыяпазон і ў “Марка”. Крыху даражэй будзе каштаваць абутак расійскіх вытворцаў.

Самы папулярны і любімы аддзел сярод школьнікаў — канцылярскі.

— У секцыі канцтавараў можна набыць алоўкі, сшыткі, пеналы і іншыя рэчы, неабходныя для школы, як беларускіх, так і замежных вытворцаў, — расказвае Надзея Латушка, таваразнавец І катэгорыі аддзела канцылярскіх тавараў. — Безумоўна, бацькам хочацца купіць дзецям толькі лепшае. Калі гаварыць, напрыклад, пра алоўкі, фламастары, то большасць бацькоў аддаюць перавагу нямецкім вытворцам. Часта бацькі першакласнікаў прыходзяць у аддзел і не разумеюць, што і ў якой колькасці купляць. Для гэтага ў нас існуе спіс, які дапамагае сарыентавацца ў неабходных пакупках. Дарэчы, да 13 жніўня на канцтавары дзейнічае скідка 20%, таму раім усім, хто яшчэ не сабраў школьны партфель, зайсці да нас.

Барысаўчанка Вольга Гара, якая, дарэчы, працуе педагогам-псіхолагам у адной са школ, любіць усё рабіць загадзя. Сёння яна прыехала ў ЦУМ, каб сабраць сына Данііла ў 2 клас.

— Да школы мы ўжо гатовы, — расказвае Вольга. — Калі гаварыць пра затраты, то касцюм-тройку беларускага вытворцы набылі за 96 рублёў. Туфлі таксама беларускія, “Шагавіта”, абышліся ў 65 рублёў. Нятанны і рукзак. Мы купілі артапедычную мадэль “Галантэі” за 70 рублёў. Да гэтых трат неабходна дадаць яшчэ і канцтавары (40 рублёў). Спартыўны касцюм і кеды разам каштуюць 70 рублёў. А калі палічыць яшчэ 2—3 сарочкі, зменныя штаны і гальштук, то сума атрымаецца немаленькай. Увогуле, для мяне важнай з’яўляецца якасць тавару і яе суадносіны з цаной. Галоўнае, што ў нас ужо ўсё куплена. Цяпер можна спакойна чакаць Дня ведаў.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.