Сачыненне для настаўніка

- 12:01Адукацыйная прастора

Падведзены вынікі конкурсу творчых работ для маладых педагогаў “Мая Беларусь”, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства адукацыі Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, газета “7 дзён”, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Беларускае педагагічнае таварыства і ТАА “Еўрагандаль”. Гэты праект рэалізаваны ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году моладзі, і накіраваны на павышэнне грамадзянскай самасвядомасці, патрыятычнае выхаванне маладых грамадзян, папулярызацыю прафесіі педагога, падтрымку і выяўленне таленавітых маладых настаўнікаў. Лаўрэаты конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі.

Як паведаміла старшыня журы конкурсу, намеснік генеральнага дырэктара БелТА, галоўны рэдактар газеты “7 дзён” Наталля Філіпоўская, у рэдакцыю паступіла 214 работ ад маладых педагогаў з розных устаноў адукацыі практычна ўсіх рэгіёнаў краіны. У сваіх матэрыялах маладыя педагогі пастараліся перадаць думкі і пачуцці, выказаць прызнанні ў любові Беларусі тым людзям, якія натхнілі іх на шлях настаўніцтва. Аўтары работ разважалі пра месца настаўніка ў грамадстве, пра спосабы заваявання даверу і павагі вучняў, а таксама ўдасканаленне настаўніцкіх навыкаў, падкрэсліла Наталля Філіпоўская.Першае месца журы аднагалосна аддало Вераніцы Лукашэвіч, настаўніцы фізікі і інфарматыкі гімназіі № 33 Мінска. Другое — у Аляксея Хмялеўскага, настаўніка фізічнай культуры і здароўя Шайцераўскай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна, трэцяе месца заняла Дар’я Туркевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 4 Баранавіч.
Віншуючы пераможцаў, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная адзначыла:
— Вельмі шырокі спектр работ — гэта вялікі плюс. Кожны куток Беларусі так ці інакш паўдзельнічаў у гэтым конкурсе. Абсалютна ўсе рэгіёны — і сталічныя, і далёкія, і блізкія школы. Калі б мы адзначылі на карце Беларусі ўсе месцы, адкуль мы атрымалі работы, — пакрылі б усю тэрыторыю нашай краіны. Гэта значыць, што ўсюды ёсць неабыякавыя настаўнікі, якія хочуць самавыявіцца, прадставіць сваю малую радзіму і праславіць сваю школу. Гэта павышае імідж педагогаў. Такі конкурс — цудоўная магчымасць паказаць сябе, расказаць пра сваю настаўніцкую прафесію, пра тое, што мы хочам не толькі вучыць дзяцей, але і ствараць. Здзівіла разнастайнасць спецыялізацыі педагогаў-удзельнікаў. Калі настаўнік фізкультуры бярэ не баскетбольны мяч, а ручку або садзіцца за камп’ютар, значыць, гэта творчы чалавек. А творчы педагог — гэта выдатна! Конкурс добры тым, што выявіў нашу таленавітую моладзь.
У сваю чаргу пераможца конкурсу Вераніка Лукашэвіч падзялілася сваімі ўражаннямі і расказала пра сябе і пра тое, адкуль чэрпала натхненне:
— Я скончыла ўніверсітэт у Гродне, магістратуру і вярнулася працаваць у родную школу, дзе вучылася. Адпрацавала два гады і паехала за мужам у Мінск. Я заўсёды марыла трапіць у сталіцу. Мая мама вучылася ў Мінску і расказвала, які гэта цудоўны горад. І вось мая мара спраўдзілася! Цяпер я працую ў сталічнай гімназіі. Калі даведалася пра конкурс, адразу зразумела, што буду пісаць пра тое, як люблю Мінск. Вырашыла напісаць пра ікону Мінскай Божай Маці, чыё аблічча заўсёды мяне супакойвала. Пастаралася закрануць штосьці духоўнае ў сваёй рабоце, пісала пра дабро і зло. У гэтым годзе стала класным кіраўніком і хачу гэтае сваё разуменне дабра і зла данесці да сваіх дзяцей.
Я з педагагічнай дынастыі. Мая мама — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, цётка — настаўніца малодшых класаў, працуе завучам у адной з мінскіх гімназій. І менавіта ў іх я шукала падтрымку і неабходныя мне фразы, мы часта абмяркоўвалі эсэ. Так што гэтая перамога — не асабіста мая, а цэлай каманды, калектыву, за ёй стаяць многія людзі.
Напярэдадні Дня настаўніка ў адрас маладых педагогаў, якія робяць першыя крокі па доўгім, цярністым і ганаровым шляху да высокага прызвання настаўніка, гучалі шчырыя пажаданні ўдачы, поспехаў, удзячных вучняў, міру і згоды.

Дзіяна ШЫБКОЎСКАЯ.