Садок гатовы сустрэць выхаванцаў

- 12:31Навіны рэгіёнаў

175 дзетак разам з бацькамі ў дзень вызвалення Петрыкава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будуць святкаваць наваселле ў цалкам адноўленым будынку ясляў-сада № 5.

Начальнік аддзела адукацыі Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Людміла Жукавец расказала, што дашкольная ўстанова існуе з 1979 года ў тыпавым будынку з карыснай плошчай амаль 2000 метраў квадратных. Са жніўня 2018 года тут право­дзіўся капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі.

Як паведаміла кіраўнік Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Таццяна Лук’янская, па выніках абследавання стала зразумела, што ў будынку праблемы з апорнымі канструкцыямі:

— Таму, паводле праекта, былі праведзены работы па ўзмацненні будаўнічых канструкцый. Таксама праведзена тэрмарэінавацыя фасадаў, заменены аконныя і знешнія дзвярныя блокі і ўсе ўнутраныя інжынерныя сеткі: электрычная, ацяпленне, водаправод, каналізацыя. Да таго ж устаноўлена аўтаматычная пажарная сігналізацыя і зроблены рамонт харчаблока.

У садку зрабілі капітальны рамонт унутраных памяшканняў, добраўпарадкавалі тэрыторыю: уладкавалі адмосткі, заасфальтавалі, замянілі ўязныя вароты і брамкі, падсыпалі грунт. На тэрыторыі цяпер з’явіліся новыя гульнявыя комплексы і элементы малых архітэктурных форм, завяршаецца рамонт ценявых падстрэшкаў.

На ўсе работы па капітальным рамонце са сродкаў абласнога бюджэту было выкарыстана амаль Br1,7 млн і яшчэ Br80 тысяч — на новую зручную гульнявую і спальную мэблю.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.