Садзейнічаць творчаму і інтэлектуальнаму развіццю вучняў

- 12:31Планёрка ў рэгіёне

“Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця адукацыі з’яўляецца выкарыстанне ІКТ, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Таццяна Аляксееўна САВІЧ. — Аснашчэнне школ раёна сучасным абсталяваннем, укараненне тэлекамунікацыйных тэхналогій дазваляюць зрабіць працэс навучання якасным і эфектыўным. Адзначу, што ўсе школы раёна сёння выкарыстоўваюць сэрвіс “Электронны дзённік. Электронны журнал”, што дазволіла нам у няпростых умовах прафілактыкі каранавіруса і ВРВІ арганізаваць аддалены адукацыйны працэс для навучэнцаў, якія не наведваюць школу”.

— Усе ўстановы адукацыі раёна сёння забяспечаны высакахуткасным  інтэрнэтам, сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, ЭАР, вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі, — працягнула Таццяна Аляксееўна. — Дзейнічаюць 33 камп’ютарныя класы. У кожнай установе ёсць інтэрактыўныя дошкі, панэлі, мультыборды і тэлевізары. У сярэдняй школе № 13 працуе STEAM-цэнтр, які з’явіўся дзякуючы асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” і спонсару — ТАА Work Fusion Systems. Нашы ўстановы адукацыі маюць развітую інфармацыйную сістэму: лакальную сетку, доступ да інтэрнэту па высакахуткасным канале, тэлекамунікацыйныя тэхналогіі. Усе ўстановы ўключаны ў воблачны сэрвіс MS Office 365, які дазваляе шырока выкарыстоўваць ІКТ у вучэбным працэсе і кіраўніцкай дзейнасці. Вядзецца электронны дакументаабарот, укаранёна сістэма міжведамаснага дакументаабароту, створана электронная бібліятэка для навучэнцаў. Мы праводзім дыстанцыйныя алімпіяды па вучэбных прадметах, конкурсы, віктарыны, канферэнцыі і форумы.

— Што яшчэ садзейнічае творчаму і інтэлектуальнаму развіццю вашых вучняў? Якіх поспехаў яны дасягаюць?

— Наяўнасць добрай матэрыяльнай базы, кадравае забеспячэнне, комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё вучняў. У раёне абсталяваны кабінеты фізікі, хіміі, на чарзе — кабінеты біялогіі. У сістэме адукацыі раёна 82% педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі, 6 настаўнікаў-метадыстаў. Штогод больш за трэць настаўнікаў павышаюць кваліфікацыю ў абласным ІРА і АПА. На базе школ функцыянуюць 7 кафедр Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, 2 рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяд, 8 метадычных фарміраванняў па рабоце з адоранымі дзецьмі. 54% навучэнцаў 10—11 класаў ахоплены профільнай адукацыяй, больш за 40% навучэнцаў 5—9 класаў — дапрофільнай падрыхтоўкай. Школьны і раённы этапы алімпіяд па вучэбных прадметах мы праводзім ужо на І ступені атрымання адукацыі. Школьнымі алімпіядамі ахопліваем да 65% навучэнцаў 3—11 класаў. Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды раён штогод уваходзіць у тройку лідараў Брэсцкай вобласці. У 2018 годзе Антон Засімук з гімназіі № 1 завая­ваў сярэбраны медаль на 15-й Міжнароднай геаграфічнай алімпія­дзе, у 2019 годзе Кірыл Шырма з гэтай жа гімназіі заваяваў бронзавы медаль на 31-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы, а Дзяніс Рабчук — бронзавы медаль на 13-й Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб зямлі. Для вучняў праводзяць інтэлектуальныя прадметныя конкурсы-спаборніцтвы, турніры, распрацаваныя метадыстамі і педагогамі раёна. Дзеці ўдзельнічаюць у завочных рэспубліканскіх і міжнародных прадметных конкурсах “Кенгуру”, “Інфамышка”, “Буслік”, “Лінгвісцяня” і г.д. Расце прэстыж рэспубліканскага конкурсу даследчых работ. Ва ўстановах працуюць навуковыя таварыствы навучэнцаў. Штогод праходзіць свята ўганаравання пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды “Школьны алімп”. Педагогі і навучэнцы раёна адзначаюцца граматамі і дыпломамі, заахвочваюцца грашовымі прэміямі Брэсцкага аблвыканкама, упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста і прэміямі прадпрыемстваў-шэфаў.

Якія міжнародныя адукацыйныя сувязі ў вас наладжаны?

— У нас шмат сяброў і партнёраў. З Польшчай заключана 9 дагавораў аб супрацоўніцтве. Гэта школы і гімназіі ў Бяла-Падлясцы, Лукаве, Гайнаўцы, Ламазах, Вішніцах. З польскімі партнёрамі ўзаемадзейнічаем па пытаннях навучання і выхавання дзяцей, арганізуем сумесныя дабрачынныя акцыі, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, праводзім педагагічныя канферэнцыі і семінары. Напрыклад, сярэдняя школа № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата і агульнаадукацыйны ліцэй імя Уладыслава Завадскага ў Вішніцах працуюць па развіцці класаў прававой накіраванасці, школа № 18 і агульнаадукацыйны ліцэй № 1 імя Т.Касцюшкі ў Лукаве право­дзяць штогадовыя турніры па валейболе, школа № 9 і гімназія № 4 Бяла-Падляскі вырашаюць праблемы арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах інтэграцыі. Паказальным з’яўляецца супрацоўніцтва сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава і Вальдорфскай школы Равенсбурга (Германія). Навучэнцы і педагогі школ праводзяць штогадовыя двухтыднёвыя выезды ў гарады-па­брацімы, жывуць у сем’ях, акунаючыся ў іншамоўнае асяроддзе, прысутнічаюць на ўроках, рэалізуюць сумесны экалагічны праект. Вынікам супрацоўніцтва з Вальдорфскай школай Равенсбурга стала паспяховая даследчыцкая дзейнасць вучняў. Пяць работ па нямецкай мове адзначаны дыпломамі на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ, пяцёра выпускнікоў школы, якія ўдзельнічалі ў міжнародных абменах, сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У 2007 годзе пачалася дружба сярэдняй школы № 20 Брэста з сярэдняй школай № 384 імя Д.Н.Карнеева, а з 2018 года — з Раманаўскай школай Масквы. Сёння ў 20-й школе створаны музей “Горад-герой Масква”, на базе якога працуе краязнаўчы гурток “Масквазнаўства”. Ажыццяўляецца су­працоўніцтва з асацыяцыяй дапамогі дзецям і моладзі “Агульны свет” Бяла-Падляскі. З лістапада 2019 года ўпраўленне па адукацыі і асацыяцыя ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” на 2014—2020 гады рэалізуе праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Развіццё прыгранічнага супрацоўніцтва ў аказанні дапамогі лю­дзям з аўтызмам на беларуска-польскай мяжы”. Бюджэт праекта — больш як два мільёны долараў, з іх 432 тысячы выдаткаваны беларускім бокам. Вынікам нашай сумеснай работы стане стварэнне рэсурснага цэнтра комплекснай дапамогі дзецям з РАС на базе дапаможнай школы Брэста. У цэнтры будуць акумуляваны сучасныя тэхналогіі ў сферы карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, абсталяванне, пачнуць працаваць сертыфікаваныя спецыялісты.

— Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы ў сістэме адукацыі раёна?

— Кваліфікаваную педагагічную дапамогу ў раёне сёння атрымліваюць 1617 дзяцей з АПФР. Бацькі асаблівага дзіцяці маюць права выбіраць, у якім асяроддзі яно будзе развівацца: побач з асаблівымі дзецьмі або сярод звычайных аднагодкаў. У Ленінскім раёне Брэста вызначаны 5 апорных школ па арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання. Сумесныя святы, спартыўныя, творчыя мерапрыемствы дазваляюць уключаць розных вучняў у агульную дзейнасць, у працэсе якой кожны з іх гатовы прыйсці на дапамогу свайму сябру. На працягу 5 гадоў у Ленінскім раёне Брэста праводзіцца інклюзіўны фестываль “Сонца ў кожным”, прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў. Ва ўстановах адукацыі рэалізуецца шэраг інклюзіўных праектаў. На фарміраванне інклюзіўнай культуры сярод мясцовага насельніцтва накіравана і сістэма мерапрыемстваў, што рэалізуюцца ЦКРНіР “Стымул” і дапаможнай школай Брэста. Супрацоўнікі ўстаноў транслююць на шырокую аўдыторыю пазітыўную інфармацыю пра асаблівых людзей. Сацыяльныя ролікі дапамагаюць разгледзець у кожным такім чалавеку іскру таленту.

Надзея ЦЕРАХАВА.