Сагрэць любоўю, навучыць прыкладам

- 10:20Нам пішуць

У нядзельнай школе пры Мікалаеўскай царкве Маларыты адбылося чарговае пасяджэнне клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”, якое праходзіла ў форме зацікаўленай размовы з протаіерэем Віктарам Паляцілам, благачынным цэркваў Маларыцкай акругі, кандыдатам багаслоўскіх навук.

Сустрэчы прыёмных бацькоў на Маларытчыне ладзяцца рэгулярна. Ініцыятар — кіраўнік клуба прыёмных сем’яў, педагог-псіхолаг Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Валянціна Пацурай. Сустрэчы павышаюць выхаваўчы патэнцыял прыёмных сем’яў, згуртоўваюць і развіваюць педагагічную кампетэнтнасць прыёмных бацькоў, пашыраюць іх веды па пытаннях сямейнага выхавання дзяцей.

Падчас сустрэчы ў нефармальнай атмасферы ўдзельнікі вялі гаворку пра тое, што прыёмныя дзеці павінны адчуваць у сям’і радасць жыцця ў розных праявах. У сем’ях, дзе заўсёды ўтульна і пануюць добрыя ўзаемаадносіны, адчуваецца вера ў Бога і клопат, дзеці ніколі не вырастуць абыякавымі. Прыёмныя бацькі павінны сваёй любоўю саграваць дзіцячыя сэрцы, вучыць уласным прыкладам. Калі дзеці будуць адчуваць сябе важнымі і патрэбнымі, то адкрыюцца насустрач дабрыні, спагадзе і міласэрнасці.

Удзельнікі пасяджэння даведаліся шмат карыснага і цікавага, атрымалі станоўчыя эмоцыі, зарад бадзёрасці і добрага настрою ад даверлівых зносін. За кубкам чаю ўсе адчулі сябе дружнай сям’ёй аднадумцаў. Напрыканцы сустрэчы айцец Віктар Паляціла адказаў на пытанні бацькоў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.