Сакрэт поспеху — захопленасць працай

- 13:21Навіны рэгіёнаў

Калі нешта робіш, то трэба рабіць гэта добра. Такім прынцыпам кіруецца ў сваім жыцці і педагагічнай дзейнасці настаўніца біялогіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Наталля Колчына. Пагутарыўшы з Наталляй Сяргееўнай, разумееш: для яе гэтыя словы не пусты гук. За якую б справу яна ні ўзялася, выкладваецца заўсёды ў поўнай меры сваіх магчымасцей. Напэўна, таму яе і суправаджае невычэрпны прафесійны поспех.

Сёння Наталля Колчына — адзін з лепшых настаўнікаў біялогіі ў вобласці. Яе вучні — пастаянныя прызёры рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, конкурсаў даследчых работ па біялогіі. Парадаксальна, але, выбіраючы прафесію, яна нават не думала пра настаўніцтва.
— Я захаплялася біялогіяй у школе. А наша настаўніца — Тамара Іларыёнаўна Іванова — яшчэ больш зацікавіла мяне гэтым вучэбным прадметам. Я ўвесь час умацоўвала свае біялагічныя веды. Вынікам гэтых старанняў стала перамога ў Рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі, — успамінае Наталля Сяргееўна.
Такое значнае дасягненне дзесяцікласніцы Наталлі абумовіла яе выбар прафесійнага шляху. Атрымаўшы школьны атэстат, яна падала дакументы на біялагічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, цяпер МДУ імя А.А.Куляшова.
Хутка, нібы адно імгненне, праляцелі студэнцкія гады. За пару студэнцтва Наталля Сяргееўна паспрабавала сябе ў ролі важатай і настаўніцы, але вялікага захаплення гэтая работа ў яе тады не выклікала. Яна марыла быць біяхімікам у навуковай лабараторыі. Але ж у тыя няпростыя гады знайсці работу па душы было складана, таму Наталля Колчына, з адзнакай скончыўшы інстытут, засталася працаваць лабарантам на роднай кафедры біялогіі і хіміі.
Працоўная дзейнасць доўжылася нядоўга. Наталля Сяргееўна выйшла замуж, нарадзіла дачку. Пасля заканчэння водпуску па доглядзе дзіцяці лёс зноў крута павярнуў яе прафесійны шлях у бок педагогікі.
— Мне вельмі хацелася рэалізаваць сябе, свой патэнцыял. Выпадковасць або шчаслівы выпадак, а толькі ў гэты перыяд працоўных пошукаў я нечакана сустрэла сваю настаўніцу рускай мовы — Наталлю Львоўну Авяр’янаву. Яна параіла мне вярнуцца ў педагогіку. Наталля Львоўна тады працавала ў абласным ліцэі № 3, туды працаўладкавалася і я, — расказвае Наталля Сяргееўна.
Першапачаткова Наталля Колчына працавала ў трэцім ліцэі выхавальнікам і вяла гадзіны біялогіі. Гэтая пасада аказалася для яе знакавай. Менавіта тады Наталля Сяргееўна зразумела, што важная не сама біялогія, не асабістыя веды ў ёй, а ўменне і жаданне растлумачыць гэтую навуку дзецям. Праўда, з адной агаворкай: проста тлумачыць мала, трэба, каб гэта атрымлівалася цікава, нясумна, нестандартна і абавязкова вынікова.
З разуменнем таго, што яна знайшла сябе, сваё прафесійнае прызванне, прыйшлі і першыя поспехі. У 2007 годзе Наталлю Сяргееўну перавялі на пасаду настаўніка біялогіі ў профільным класе. А ўжо ў 2008 годзе яе вучні заваёўваюць тры пераможныя месцы на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Яшчэ праз два гады яе вучаніцы ўпершыню праявілі сябе на заключным этапе алімпіяды. У 2011 годзе Наталля Колчына падрыхтавала двух пераможцаў заключнага этапу алімпіяды, у 2012 годзе — 5 пераможцаў, у 2013 годзе — 8, а таксама аднаго прызёра міжнароднай біялагічнай алімпіяды, у 2014 годзе — 4 прызёраў рэспубліканскай алімпіяды, у 2015 годзе — зноў 5 прызёраў. У апошнія гады яе дзеці стабільна складаюць значную частку каманд Магілёўскай вобласці, якія ўдзельнічаюць у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Гэтых навучэнцаў так і называюць — “дзеці Колчынай”.
Па словах Наталлі Сяргееўны, сакрэт стабільнага поспеху просты. Ён заключаецца ў поўнай самааддачы, захопленасці сваёй справай. Як казаў вядомы класік: “Калі працуеш па 16 гадзін у суткі, табе пачынае шанцаваць”. Напэўна, у гэтым заключаецца сакрэт поспеху Наталлі Колчынай, бо працаздольнасці гэтага педагога можна толькі пазайздросціць.
— Я насталькі захапляюся работай, што часам забываю пра абед. Нават кубак гарбаты, завараны на перапынку, часта самотна астывае ў лабаранцкай. Але як я магу не адказаць на пытанне вучня, у вачах якога бачу шчырую цікавасць да біялогіі… Зносіны, абмеркаванне прадмета працягваюцца і ў пазаўрочны час. Гэта і перапынкі, і факультатывы, — дзеліцца Наталля Сяргееўна.
Акрамя практычна штодзённых заняткаў і факультатываў, Наталля Колчына разам з класнымі кіраўнікамі ліцэя паспявае праводзіць пазакласныя мерапрыемствы: турыстычныя паездкі з дзецьмі, экалагічныя выставы, біялагічныя батлы, тэматычныя тыдні біялогіі. Важнае месца ў яе працоўным дні займае індывідуальная работа з вучнямі па падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядным руху і конкурсах.
Графік больш чым насычаны, але, на думку Наталлі Сяргееўны, значэнне мае не КОЛЬКІ ты зрабіў, а ЯК ты гэта зрабіў. Таму яна заўсёды стараецца, каб кожныя заняткі, кожная разабраная тэма знайшлі водгук у душах вучняў.
Яна імкнецца стварыць у класе камфортную вучэбна-пазнавальную атмасферу. Усе вучні для Наталлі Колчынай унікальныя. Яна шукае іх моцныя бакі, іх таленты, якія стараецца накіраваць у патрэбнае рэчышча. Наталля Сяргееўна дае ўсім дзецям шанс паверыць у свой поспех, у тое, што ў іх усё атрымаецца, прычым не толькі на ўроку, у алімпіядзе, але і ў жыцці. Свае ўрокі яна будуе на супрацоўніцтве і сутворчасці, што дапамагае максімальна раскрыць патэнцыял кожнага вучня. Не забывае і пра фарміраванне ў ліцэістаў жадання вучыцца самастойна.
— Я вучу дзяцей вучыцца, вучу іх уменню самім здабываць веды, матывую на дасягненне новых вышынь. Але ў той жа час ніколі не дакараю іх за памылкі. Памыляюцца ўсе, галоўнае — засвоіць урок, умець аб’ектыўна ацаніць сваю дзейнасць, выявіць недапрацоўкі, — гаворыць Наталля Сяргееўна.
Гэты прынцып педагог выкарыстоўвае і ў падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд і конкурсаў. Не заўсёды ўсё атрымліваецца з першага разу, часам неабходна прыкласці больш намаганняў. Але, як падкрэслівае Наталля Колчына, усё гэта толькі па жаданні дзіцяці. Галоўнай сваёй мэтай Наталля Сяргееўна бачыць не выніковасць удзелу ў алімпіядах і нават не проста ўд зел, а зацікаўленасць дзяцей біялогіяй.
— Вядома, я настройваю дзяцей на поспех. Але для мяне важна, каб, удзельнічаючы ў алімпіядзе, вучні атрымлівалі ад гэтага задавальненне, каб ім гэты працэс быў у радасць, — адзначае Наталля Колчына.
Немалаважным Наталля Сяргееўна лічыць таксама той фактар, што падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў алімпіядах — гэта камандная работа, у якой задзейнічана шмат кампанентаў: непасрэдна самі дзеці, педагогі, трэнеры каманд, а таксама бацькі. Работа з бацькоўскай грамадскасцю сапраўды патрэбна, і Наталля Колчына яе праводзіць. Тлумачыць татам і мамам нюансы падрыхтоўкі дзяцей, настройвае на псіхалагічную падтрымку сваіх сыноў і дачок у адказны перыяд.
Вялікую ўвагу педагог удзяляе тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўцы ліцэістаў. Яны актыўна разбіраюць і абмяркоўваюць заданні рэспубліканскай і міжнароднай алімпіяд. Заводзяць спецыяльныя канспекты тэрмінаў і шпаргалак, што дазваляе лепш засвоіць вялікі аб’ём інфармацыі і запоўніць недахопы ў ведах.
Па словах Наталлі Колчынай, паспяховай падрыхтоўцы ў многім спрыяюць умовы, створаныя ў ліцэі. У кабінеце біялогіі ёсць інтэрактыўная дошка, усё неабходнае для заняткаў абсталяванне, а дзякуючы выпускнікам, дзейнічае нават невялікі жывы куток. Адчуваецца таксама і пастаянная падтрымка з боку кіраўніцтва ўстановы, прафесійных калег-аднадумцаў.
Яшчэ адзін немалаважны складнік дасягненняў вучняў Наталлі Колчынай — іх давер сваёй настаўніцы. Наталля Сяргееўна ўмее выслухаць і пачуць кожнага, дапамагчы не толькі з вучобай, але і даць параду ў вырашэнні нейкіх асабістых праблем. Дзеці давяраюць ёй, таму што яна сапраўды жыве іх жыццём, іх інтарэсамі.
— Я столькі часу праводжу з вучнямі, што, бывае, у мяне не застаецца яго на ўласную дачку. Ратуе тое, што яна вучыцца ў гэтым жа ліцэі, дзе я працую, толькі выбрала лінгвістычны кірунак. У гэтым годзе стала прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Наогул, вышэйшыя ўзнагароды алімпіяднага руху вучні ліцэя заваявалі практычна па ўсіх вучэбных прадметах, што на справе пацвярджае, наколькі прафесійны ў нас педагагічны калектыў, — кажа Наталля Колчына.
Характэрна, што Наталля Сяргееўна пастаянна ўдасканальвае методыку выкладання, улічваючы новыя тэндэнцыі ў сістэме адукацыі, падыходы да арганізацыі вучэбнага працэсу.
— Я сачу за новаўвядзеннямі, стараюся ўкараняць цікавыя методыкі ў сваёй рабоце. Грунтуючыся на традыцыйных падыходах, пастаянна прапаноўваю дзецям што-небудзь новае. Напрыклад, даю алімпіяднікам магчымасць адчуць сябе ў ролі настаўніка. Часта выкарыстоўваю на ўроках мультымедыйныя тэхналогіі, — адзначае Наталля Колчына.
Акрамя ўкаранення новых методык правядзення ўрокаў, педагог займаецца распрацоўкамі аўтарскіх метадычных дапаможнікаў, дыдактычных матэрыялаў. Паспявае яна і дзяліцца сваім багатым вопытам з калегамі як з роднага ліцэя, так і з іншых устаноў адукацыі вобласці. Перыядычна Наталля Сяргееўна выступае з дакладамі на тэматычных семінарах, канферэнцыях у МДАІРА.
Такая захопленасць педагогікай і прафесіяналізм не засталіся незаўважанымі. За шматгадовую добрасумленную працу па навучанні і выхаванні дзяцей Наталля Колчына ўзнагароджана граматай і падзякай Міністэрства адукацыі, шматлікімі ганаровымі граматамі мясцовай выканаўчай улады. Яна з’яўляецца чатырохразовым стыпендыятам спецфонду прэзідэнта, а таксама чалавекам года вобласці ў невытворчай сферы па выніках 2013 года.
Любімая работа займае важнае месца ў жыцці Наталлі Колчынай. Аднак у прыярытэце для яе ўсё ж сям’я. Дачка Даша і муж Аляксей беражліва ставяцца да свайго няўрымслівага педагога. Імкнуцца і падтрымаць, і на адпачынак звазіць, і з хатнімі клопатамі дапамагчы.
— З работы я вяртаюся позна, таму вячэру гатуюць муж і дачка. Вечарамі мы збіраемся сваёй маленькай сям’ёй за сталом, гутарым, дзелімся адно з адным падзеямі мінулага дня. А астатак вечара любім бавіць за сумесным праглядам добрага фільма. Своеасаблівы рэлакс для мяне — чытанне сучасных беларускіх аўтараў,— расказвае Наталля Сяргееўна.
Дасягнуўшы першага прафесійнага поспеху, Наталля Колчына на гэтым не спыняецца. Яна імкнецца да пастаяннага самаўдасканальвання, павышэння кваліфікацыі і прафесіяналізму для таго, каб зрабіць урокі для сваіх вучняў яшчэ больш займальнымі. Яна ўжо на практыцы праверыла, што зацікаўленасць дзяцей прадметам — лепшы матыватар іх дасягненняў у вучобе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.