Хто прыходзіць сёння ў педагагічныя каледжы, каб атрымаць адукацыю выхавальніка ці настаўніка, і каго хацелі б бачыць у якасці навучэнцаў кіраўнікі гэтых устаноў — так можна коратка ахарактарызаваць змест абласнога семінара па прафарыентацыі, які прайшоў нядаўна на базе Лоеўскага педагагічнага каледжа. Ён быў падзелены на некалькі блокаў. Асаблівы інтарэс выклікалі тэарэтычная і практыка-арыентаваная часткі. У рамках апошняй удзельнікі семінара наведалі заняткі па матэматыцы, псіхалогіі і музыцы, а таксама паназіралі за тым, як пад кіраўніцтвам сацыяльнага педагога Л.Г.Карпенка з дапамогай гульнявога мадэлявання будучыя настаўнікі вырашаюць розныя педагагічныя сітуацыі.
Няцяжкі багаж ведаў
Тэма семінара — сучасныя падыходы да арганізацыі прафарыентацыйнай работы ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі педагагічнага напрамку. Робім акцэнт на слове “сучасныя”, бо сёння сапраўды ёсць неабходнасць шукаць нейкія новыя метады ў прафесійнай падрыхтоўцы педагагічных кадраў. З аднаго боку, зараз усё больш узрастаюць патрабаванні да ўзроўню агульнай і прафесійнай культуры педагога, яго творчасці і майстэрства, а з другога — назіраецца рэзкае зніжэнне сацыяльнага статусу і прэстыжу педагагічнай прафесіі. У такія рамкі, па сутнасці, могуць упісацца добра матываваныя юнакі і дзяўчаты — тыя, хто бачыць сябе педагогамі. На самай жа справе рэальная сітуацыя далёкая ад гэтага. Педагагічныя каледжы, на жаль, сталі прытулкам для многіх з тых выпускнікоў школ, якія крыху “недацягваюць”, адсюль і дастаткова нізкія балы па прадметах. Так, па выніках стартавых кантрольных зрэзаў у Лоеўскім педагагічным каледжы, як паведаміла дырэктар установы Р.В.Каляда, сярэдні бал склаў усяго 3,8. У Гомельскай вобласці чатыры навучальныя ўстановы, якія даюць сярэднюю спецыяльную педагагічную адукацыю. І вялікай розніцы ў веданні прадметаў паміж першакурснікамі не назіраецца.
— Зразумела, мы працуем з навучэнцамі, і ўжо на 2 курсе бачым лепшыя вынікі іх ведаў, — адзначыла Раіса Васільеўна.
— Але ж 3—4 балы — гэта вельмі нізкія адзнакі для таго, хто вырашыў быць педагогам, — выказаў сваю думку яе калега М.М.Валодзін, дырэктар Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. — Каго ў такім выпадку мы выпусцім? Непадрыхтаванага настаўніка? Мы ж павінны спецыялістаў выпусціць усебакова падрыхтаваных, перадаць ім свае методыкі. З такімі адзнакамі, якія маюцца сёння, мы наўрад ці можам выканаць гэтую задачу.
З тым, што веды будучага настаўніка павінны быць значна лепшымі, нельга паспрачацца. Гомельскаму педагагічнаму каледжу ў наступным годзе спаўняецца 100 гадоў, Лоеўскаму — крыху больш за 50. На працягу ўсяго часу свайго існавання ўстановы рыхтуюць настаўнікаў, перад якімі некалі, вітаючыся, людзі здымалі капялюш. Многія памылкова лічаць, што ў наш час сярэдняя спецыяльная педагагічная адукацыя не мае асаблівай вагі. Гэтую думку абвергла падчас семінара начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Н.М.Сапрыка. Яна заўважыла, што ў выпадку прыняцця рашэння аб прызначэнні на пасаду ва ўпраўленні хутчэй даручаць справу таму, у каго за плячыма ёсць не толькі ВНУ, але і каледж. Па той прычыне, што пачатковая педагагічная адукацыя больш мэтанакіраваная.
Толькі не ў педагогіку?
Так, праблема з падрыхтоўкай педагагічных кадраў ёсць, і яна тычыцца не толькі Гомельскай вобласці. Але ж не ўсё так дрэнна. І зараз у педагагічныя каледжы прыходзяць здольныя, зацікаўленыя, матываваныя юнакі і дзяўчаты. Р.В.Каляда прадставіла ўдзельнікам семінара сваіх лепшых навучэнцаў, пра якіх яна з гордасцю кажа: “Яны і мяне перасягнулі ў сваіх прафесійных навыках”. Выпускнікі гэтага навучальнага года Юля Варабей і Аляксандр Давыдоўскі, упэўнена Раіса Васільеўна, яшчэ неаднойчы заявяць аб сваіх прафесійных поспехах. Ужо з 1 курса яны актыўна ўключыліся ў даследчую работу, яшчэ лепш раскрыўся іх патэнцыял з пачаткам практыкі. Вялікія надзеі ўскладае адміністрацыя каледжа і на Аляксандра Давыдоўскага, навучэнца 3 курса. Саша — з педагагічнай сям’і, змалку ведаў, з якой прафесіяй звяжа сваё жыццё. І змяніць яго мэту не змаглі нават школьныя настаўнікі. Як ні дзіўна, тыя настойліва адгаворвалі хлопца ісці ў педагогіку.
Вось тут мы падышлі да іншай праблемы, якая, без перабольшання, у корані ламае ўсю прафарыентацыйную работу.
Добрыя педагогі разглядаюць прафарыентацыю не як звычайны заклік абітурыентаў. Іх мэта — дапамагчы асобе пабудаваць свой індывідуальны шлях прафесійнага развіцця ў тым напрамку, які малады чалавек выбраў сваім сэрцам.
— Самы надзейны спосаб прафарыентацыі — гэта самі выпускнікі, — гаворыць дырэктар Лоеўскага педкаледжа Р.В.Каляда. — І мы заўсёды выкарыстоўваем такі метад. Выпускнікі, якія ідуць на практыку, абавязкова праводзяць у школах прафарыентацыю. Як яны самі прызнаюцца, ім школьнікі давяраюць у большай ступені, бо яны больш блізкія ім па ўзросце, а значыць, бліжэйшыя і іх погляды.
— Самая лепшая прафарыентацыя — гэта настаўнік, звычайны настаўнік у школе, — лічыць дырэктар Рэчыцкага педкаледжа Л.А.Ягорава. — Настаўнікі нашага пакалення былі арыенцірам і прыкладам для нас, мы хацелі быць падобнымі да іх, пералічваць сшыткі, як яны, папраўляць прычоску ці шаль на плячах, як яны.
І абодва кіраўнікі маюць рацыю.
Што атрымліваецца на справе? Адміністрацыя і выкладчыкі педагагічных каледжаў іду ць у школы, каб заявіць аб сабе і знайсці сярод дзяцей прыхільнікаў педагагічнай справы. Навучэнцы каледжаў ідуць на практыку ў школу ці аздараўленчы лагер і зноў жа нясуць інфармацыю аб сваёй навучальнай установе. Гэта, на самай справе, вялікая і сур’ёзная работа. А настаўнік у школе раптам кажа: “Толькі не ў педагогіку!” Ці варта думаць, што настаўнікаў, на якіх арыентавалася пакаленне Людмілы Анатольеўны, хутка трэба будзе заносіць у Чырвоную кнігу
Чаму шавец застаецца без ботаў
Разважаючы над пастаўленымі пытаннямі, удзельнікі семінара гаварылі пра тое, што неабходна гадаваць сабе змену. Бо, насамрэч, атрымліваецца так, што яны, педагогі, як той шавец без ботаў. З самага пачатку, з дзіцячага садка педагогі навучаюць і выхоўваюць дзяцей, але пры гэтым не бачаць у іх настаўнікаў. А таму, калі гаварыць пра новыя формы прафарыентацыйнай работы, на думку Мікалая Мікалаевіча Валодзіна, з гэтым яны спазніліся не менш як на дзесяць гадоў. Высвятляць, так гэта ці не, зараз не мае сэнсу. Тут якраз дарэчы выказванне, што лепш позна, чым ніколі, і калі сітуацыю пачаць выпраўляць сёння, то ўжо заўтра можна ўбачыць іншыя вынікі. Пачынаць жа патрэбна якраз з той самай хвіліны, калі дзіця трапляе ў рукі педагога. Цікавы прыклад з асабістага вопыту прывёў удзельнікам абласнога семінара Мікалай Мікалаевіч. Аднойчы Гомельскі педагагічны каледж накіраваўся з прафарыентацыйным намерам… да трэцякласнікаў. Гаварылі, разважалі, адказвалі на пытанні. Пад канец сустрэчы на пытанне, хто хоча быць настаўнікам, станоўча адказалі 85 працэнтаў пачаткоўцаў. Праз пяць гадоў сярод гэтых жа дзяцей жаданне звязаць сваё жыццё з настаўніцтвам не прапала толькі ў дваіх. Астатнія вучні класа бачаць сябе ў іншых прафесіях. У чым справа? Проста на працягу ўсіх гэтых гадоў першаснае жаданне гэтых дзяцей ніхто не падтрымліваў і не развіваў. Вось доказ таго, што пачынаць неабходна з пачатковай школы. Прыглядацца да дзетак, працаваць з імі і весці іх да канца.
Спецыялісты лічаць, што ў выпадку, калі школьніка мэтанакіравана весці да выбару педагагічнай прафесіі, яго выбар будзе ўсвядомлены, а не спантанны. А значыць, і прафесійная адаптацыя маладога настаўніка атрымаецца лёгкай і паспяховай.
Падрабязна на гэтай тэме спынілася ў сваім выступленні дырэктар Лоеўскага педагагічнага каледжа Р.В.Каляда. Яна расказала прысутным аб формах прафарыентацыйнай работы ў сваім каледжы, дзе створаны савет прафарыентацыі, у кампетэнцыю якога ўваходзіць складанне і выкананне плана, накіраванага на папулярызацыю і павышэнне іміджу педагагічных спецыяльнасцей. Вопыт паказвае, што найбольш дзейснымі з’яўляюцца тыя мерапрыемствы, якія дазваляюць патэнцыяльным абітурыентам “дакрануцца” да жыцця каледжа, адчуць яго атмасферу. Народная мудрасць гаворыць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму дзверы педагагічнага каледжа заўсёды адчынены для жадаючых. Напрыклад, многія школьнікі райцэнтра наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, якія працуюць у педкаледжы. Гэтых школьнікаў і іх равеснікаў з бліжэйшых раёнаў заўсёды запрашаюць на такія традыцыйныя святы, як “Важацкае майстэрства” і “Першакурснік”, і проста арганізоўваюць для іх інфармацыйна-экскурсійныя туры па ўстанове і праводзяць анлайн-канферэнцыі.
Падобныя формы работы выкарыстоўваюцца і ў трох іншых педагагічных каледжах. Кожны дабаўляе нейкія свае іскрынкі, ідэі, якія нядрэнна было б пераймаць адно ў аднаго. На гэта якраз і накіраваны такія семінары. Яны дазваляюць не толькі абмеркаваць агульныя праблемы, але і паглядзець, як вырашаюцца пэўныя пытанні ў іншых. Да таго ж кіраўнікі ўстаноў не кінуты сам-насам з праблемамі. Іх заўсёды падтрымлівае ўпраўленне адукацыі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.