Нядаўна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту святкаваў 60-годдзе. Гэта малады ўзрост для ўстановы вышэйшай адукацыі. Тым не менш БелДУТ, а ў мінулым Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту — вядучая навучальная і навукова-даследчая ўстанова транспартнага і будаўнічага комплексу краіны, гэта — цэлая гісторыя.
Сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту — вучэбны і навукова-вытворчы комплекс са сваімі традыцыямі, навуковымі школамі і кірункамі. Ён інтэграваны ў міжнародную адукацыйную сістэму, тут праводзіцца шэраг фундаментальных і прыкладных даследаванняў.
У складзе ўніверсітэта функцыянуе Навукова-даследчы інстытут чыгуначнага транспарту з галіновымі навукова-даследчымі лабараторыямі, Навуковым цэнтрам комплексных транспартных праблем, Навукова-даследчым цэнтрам экалагічнай бяспекі і энергазберажэння на транспарце.
Вучэбны працэс у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту пабудаваны на цесным спляценні тэорыі, навукі і практыкі. Дзеля гэтага створаны філіялы кафедр на вядучых прадпрыемствах Гомельшчыны. Кіраўніцтва ўніверсітэта разглядае філіялы як добрую практычную і навуковую школу не толькі для студэнтаў, але і для выкладчыкаў. І гэта зразумела, бо менавіта на заводах, у цэхах можна вывучаць апошнія навінкі навукі і тэхнікі, айчынныя і замежныя ўзоры абсталявання. Гэта шырокае поле для навуковых даследаванняў, вырашэння тэхнічных праблем, якія нярэдка ўзнікаюць у прамысловасці. Напрыклад, калі філіял на транспартным, будаўнічым ці прамысловым прадпрыемстве дазваляе ўдасканальваць практычны напрамак, то філіял у Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага Нацыянальнай акадэміі навук дае магчымасць студэнтам і выкладчыкам выкарыстоўваць рэсурсы інстытута і карыстацца навуковай бібліятэкай.
Ды і ў самім універсітэце, як ужо гаварылася вышэй, для заняткаў навуковай дзейнасцю вялікі прастор. Ужо з першых курсаў студэнты далучаюцца да заняткаў у навуковых гуртках і навукова-даследчых лабараторыях, якія арганізаваны на кожнай кафедры. Напрыклад, у студэнцкім канструктарска-тэхналагічным бюро, якое працуе пры Навуковым цэнтры комплексных транспартных праблем, свае першыя даследаванні спрабуюць рабіць 25 студэнтаў факультэта кіравання працэсамі перавозак. Вялікую зацікаўленасць навукай праяўляюць у студэнцкай навукова-практычнай лабараторыі “Акцэнт” будучыя архітэктары. Яны займаюцца распрацоўкай эскізных праектаў па добраўпарадкаванні тэрыторый і малых архітэктурных форм. Цікавасць да работы падаграецца тым, што іх распрацоўкі знаходзяць практычнае прымяненне. Смелыя прыгожыя студэнцкія праекты ўпрыгожваюць сёння вуліцы, паркі і скверы Гомеля.
Добрай базай для падрыхтоўкі студэнтаў з’яўляецца вучэбная лабараторыя мадэлявання руху цягнікоў з адзінаццаццю станцыямі. Яна створана ва ўніверсітэце даўно па ініцыятыве заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, доктара тэхнічных навук, прафесара І.Г.Ціхамірава. Пастаянная мадэрнізацыя лабараторыі дазваляе будучым спецыялістам набываць практычныя веды згодна з патрабаваннямі сучаснасці.
Яшчэ адна гордасць Бел ДУ Та — Выпрабавальны цэнтр чыгуначнага транспарту “СЕКО”, акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь і ў Расіі. Яшчэ некалькі гадоў назад гэта была мара, а сёння — ужо рэальнасць. Існаванне такой базы не толькі дазволіць пашырыць тэматыку навукова-даследчых работ, звязаных з вагонабудаваннем, павысіць узровень падрыхтоўкі інжынерных кадраў, а таксама дас ць магчымасць значна скараціць выдаткі прадпрыемстваў на правядзенне выпрабаванняў.
Выпрабавальны цэнтр мае стэндавы палігон з сучасным абсталяваннем, што дазваляе праводзіць усе віды стэндавых работ. Яго тэрыторыя складае 25,5 гектара з чыгуначнымі пуцямі працягласцю больш як паўтара кіламетра. Гэта значны ўклад навукоўцаў ва ўдасканаленне вытворчага працэсу, добрая магчымасць для студэнтаў і выкладчыкаў вырашаць вучэбныя і навуковыя пытанні. Зараз студэнты 4-5 курсаў кафедры “Вагоны” механічнага факультэта дапамагаюць у правядзенні рэсурсных выпрабаванняў рухомага саставу.
Як сцвярджае доктар тэхнічных навук, прафесар, дэкан факультэта прафарыентацыі і даўніверсітэцкай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Ала Браніславаўна Няўзорава, шлях станаўлення вучонага, які прафесійна займаецца навукай і падрыхтоўкай навуковых кадраў, займае палову жыцця — 30—40 гадоў. А пачынаецца ўсё калі не са школьнай парты, то з першых заняткаў ва ўніверсітэце, дзе адбываецца знаёмства з навукай.
— Прафесарска-выкладчыцкі склад нашага ўніверсітэта імкнецца зацікавіць студэнтаў новымі даследаваннямі, вынікі якіх могуць легчы ў аснову дыпломнага праекта, — гаворыць прафесар А.Б.Няўзорава. — Пры гэтым дзейнасць наладжана так, каб кожны па максімуму мог праявіць свае творчыя здольнасці, а пры магчымасці за атрыманыя навуковыя дасягненні атрымліваў і прэмію.
У БелДУТ сур’ёзна клапоцяцца пра пераемнасць у навуцы. Таленавітыя юнакі і дзяўчаты тут у вялікай пашане, іх берагуць і дапамагаюць ім развівацца. Для надання новага імпульсу ў арганізацыі работы з таленавітай моладдзю рэктар універсітэта прафесар Веньямін Іванавіч Сянько выдаў загад “Аб стварэнні комплекснай сістэмы маніторынгу і развіцця таленавітай моладзі ў БелДУТ”.
Такі клопат прыносіць плён. Так, з кожным годам павялічваецца колькасць пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, арганізатарам якога выступае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У мінулым навучальным годзе 25 студэнтаў універсітэта ўзнагароджаны дыпломамі першай катэгорыі. За работу “Арганізацыя сувязі чыгуначнага вузла ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі” магістрант Валерый Бондараў і выпускнік Андрэй Цітоў сталі лаўрэатамі конкурсу. Лаўрэатам названы і выпускнік Дзмітрый Беланогі за работу “Распрацоўка праграмна-апаратнага комплексу для дыягностыкі стану змазачных матэрыялаў акустыка-эмісійным метадам”.
Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах і заўсёды прыносяць у скарбонку дасягненняў сваёй альма-матар новыя перамогі. Толькі ў мінулым годзе іх тэарэтычныя веды і навуковая дзейнасць былі адзначаны прызавымі месцамі ў дзясятках інтэлектуальных спаборніцтваў рознага ўзроўню.
Так, у гарадской алімпіядзе па тэарэтычнай механіцы, якая была арганізавана кафедрай тэхнічнай фізікі і тэарэтычнай механікі, студэнт БелДУТа Сяргей Катужэнец заняў першае месца. Свае веды хлопец пацвердзіў і на Рэспубліканскай алімпіядзе па тэарэтычнай механіцы, дзе заняў трэцяе месца. Дарэчы, на гэтай алімпіядзе “белдутаўцы” наогул паказалі сябе вельмі добра. За студэнтамі ўніверсітэта транспарту — таксама чацвёртае, пятае і шостае месцы, першае месца ў камандным заліку і трэцяе — у конкурсе “Брэйн-рынг”.
Добрыя веды паказваюць і студэнты БелДУТа з іншых кафедр. На Гомельскай абласной міжуніверсітэцкай алімпіядзе па бухгалтарскім уліку, аналізе і аўдыце каманда “белдутаўцаў” заняла першае месца ў камандным заліку. У рамках X Нацыянальнага фестывалю архітэктуры на VІІІ Рэспубліканскім конкурсе дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі пераможцамі сталі студэнты А.Сецюрова і С.Самошын. На адкрытай алімпіядзе па дысцыпліне “MS ACCESS” каманда студэнтаў універсітэта, падрыхтаваная выкладчыкамі кафедры інфармацыйных тэхналогій, узнагароджана дыпломам ІІІ ступені ў камандным заліку. У Нацыянальным туры Міжнароднай алімпіяды Cisco-NetRider — 2013 дыпломам І ступені ўзнагароджаны студэнт Д.Іваноў.
Цеснае перапляценне тэорыі і практыкі, зацікаўленасць выкладчыкаў і выпрацоўка кіраўніцтвам універсітэта розных стымулюючых фактараў для студэнтаў — усё гэта прыводзіць да сур’ёзных распрацовак, якія знаходзяць сваё прымяненне ў вытворчасці. Студэнты не імкнуцца да нейкіх нязведаных вяршынь, ім цікава працаваць над тым, што можа быць рэалізавана ў сучасных умовах і здольна прынесці карысць айчынным прадпрыемствам. Менавіта на гэта накіраваны навукова-даследчыя работы “белдутаўцаў” лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў 2013 года Яна Ялкіна і Барыса Прыступкіна “Прымяненне тэхналогіі PON на ўзроўні абаненцкага доступу” (кіраўнік — дацэнт У.Р.Шаўчук); Дзяніса Капранава “Даследаванне ўстойлівасці землянога палатна ў складаных эксплуатацыйных умовах” (кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук дацэнт П.У.Коўтун); а таксама работы Васіля Чурая “Разлік норм расходу дызельнага паліва на цягу цеплавозаў для падраздзяленняў гаспадаркі Беларускай чыгункі” (кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук дацэнт С.Я.Фрэнкель); Паўла Афанаськава “Мадэляванне напружана-дэфармаванага стану канструкцый вагонаў” (кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук дацэнт А.У.Пігуноў); магістранткі Вікторыі Багданавай “Аналіз ачагоў аварыйнасці ў г.Гомелі і распрацоўка мерапрыемстваў па зніжэнні колькасці і цяжару ДТЗ у ачагу № 2” (кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук дацэнт С.А.Аземша), якія ацэнены першай катэгорыяй.
Асаблівае месца ў станаўленні выпускніка ўніверсітэта ў якасці вучонага займае магістратура, пасля заканчэння якой ён набывае ўменні і навыкі, уласцівыя маладому вучонаму. У цяперашні час у БелДУТ па праграмах II ступені вышэйшай адукацыі вучацца 177 магістрантаў дзённай і завочнай формы навучання. Іх магістарскія дысертацыі грунтуюцца на выніках сур’ёзнай навукова-даследчай работы па актуальных праблемах транспартнай, будаўнічай і эканамічнай галіны.
Прафесар А.Б.Няўзорава адзначыла, што цікавасць да навучання ў магістратуры праяўляюць не толькі выпускнікі ўніверсітэта бягучага года, але і спецыялісты, якія ма юць практычны вопыт, тыя, каму трэба павысіць свой адукацыйны ўзровень, навучыцца сучасным навуковым падыходам у кіраванні бізнесам, стварэнні і ўдасканаленні тэхналогій на транспарце і будаўніцтве, ва ўпраўленні інвестыцыйнымі праектамі на прадпрыемствах. Навучанне ў магістратуры раскрывае іх творчыя здольнасці, развівае навукова-даследчы патэнцыял, тым самым стымулюе да далейшага навучання ў аспірантуры і дактарантуры.
“Узнаўленне навуковай эліты нашага грамадства — працяглы працэс, але ў нашым універсітэце ствараюцца ўсе ўмовы, каб трыяда “адукацыя — навука — вытворчасць” развівалася інтэнсіўна і бесперапынна”, — запэўнівае Ала Браніславаўна.
Наталля ЛУТЧАНКА.