Сакрэт у тым, каб знайсці правільныя словы

- 14:59Адукацыйная прастора

Сяргей Канстанцінавіч ДЗІК — першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і рыдыёэлектронікі. Педагог і вучоны. Выкладае студэнтам лазерную біямедыцыну і біямедыцынскую оптыку, ажыццяўляе кіраўніцтва магістрантамі і аспірантамі. Прадстаўнік вялікай педагагічнай дынастыі. Асноўная навуковая цікавасць звязана з даследаваннямі ў галіне медыцынскай электроннай тэхнікі (у прыватнасці, яго распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі). Навуковую манаграфію, якая выйшла ў свет 5 гадоў назад, вучоны прысвяціў сваім бацькам — настаўнікам.

Пра бацькоў і свой шлях у педагогіку, пра асаблівасці прафесіі і тую велізарную адказнасць, якую адчуваюць малодшыя прадстаўнікі дынастыі, — наша сённяшняе інтэрв’ю з вучоным.

— Сяргей Канстанцінавіч, вы паходзіце з вядомай педагагічнай сям’і. Раскажыце пра свае карані.

— Калі пачынаць зусім здалёк, то ёсць сямейная легенда, што ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі разам з Якубам Коласам вучыўся мой прадзед. У бацькавай сям’і было некалькі настаўнікаў, родная мамiна сястра таксама настаўнічала.

Мой бацька Канстанцін Рыгоравіч — ветэран вайны, дайшоў да Одэра, быў цяжка паранены. Вярнуўся дадому з кійком, з-за гэтага пайшоў у педагагічны інстытут, дзе і пазнаёміўся з мамай. Па спецыяльнасці яны былі філолагамі, выкладалі рускую і беларускую мову і літаратуру.

У Жодзіне, у тым раёне, дзе мы жылі, бацькоў памятаюць і цяпер (хаця тата памёр рана, у 1980 годзе). Яны працавалі там з 1951 года і выхавалі вялізную колькасць вучняў. Я пастаянна сустракаю людзей, якія ведаюць і паважаюць нашу сям’ю.

Мама Галіна Цярэнцьеўна была дырэктарам вочна-завочнай школы працоўнай моладзі. Туды прыхо­дзілі ўсе, хто па той ці іншай прычыне не давучыўся з равеснікамі, атрымліваць сярэднюю адукацыю. Кантынгент быў складаны. Але мама была вельмі строгая, патрабавальная, дысцыпліну трымала на ўзроўні. Педагогу без гэтага нельга (ні тады, ні зараз), бо ўсё пачынаецца з павагі.

Мой тата на памяць ведаў “Новую зямлю”. У яго быў моцны прыгожы голас, як у Левітана. І калі я прыязджаў у Жодзіна вясной, калі цёпла і вокны ў школе былі адчынены, то заў­сёды ведаў, у які клас зайсці. Бацькаў голас быў чуваць на вуліцы.

У нашай сям’і ўсе трое дзяцей сталі педагогамі. Мае сёстры скончылі Мінскі інстытут замежных моў, адна з іх дагэтуль выкладае англійскую мову ў эканамічным універсітэце. Жонка мая таксама пайшла гэтай дарогай — яна майстар спорту, выкладае студэнтам фізічную культуру.

— Лагічна, што і вы выбралі педагогіку…

— Я адзіны ў сям’і, хто нават і не думаў пра гэты шлях. Мне заў­сёды вельмі падабалася фізіка, і я марыў стаць інжынерам. У школе рашаў задачкі з часопіса “Квант”, перапісваўся з выкладчыкам МДУ, якога замацавалі за мной як таленавітым дзіцем. Займаўся ў радыёгуртку. Зразумела, што пасля школы паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут.

У 1978 годзе скончыў МРТІ па спецыяльнасці “Радыётэхніка” і быў размеркаваны ў Акадэмію навук. Там у складзе навуковай групы супрацоўнiкаў Iнстытута фізікі АН БССР i Інстытута неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя пад кiраўнiцтвам вядомых акадэмiкаў I.П.Антонава i А.С.Рубанава распрацоўвалі і ўкаранялі ў медыцынскую практыку лазерна-аптычныя тэхналогiі. Калі ў пачатку 90-х усё пачало згортвацца, мы былі адны з першых у Акадэміі навук, хто адкрыў навуковую кампанію. Займаліся выяўленчай галаграфіяй, стварылi вытворчую базу для вырабу галаграм, арганізоўвалі выставы, рэалiзоўвалi вырабленыя галаграмы, у тым лiку за мяжой.

Зразумела, цікавасць да медыцынскай тэхнікі i сучаcных лазерна-аптычных тэхналогiй не знікла. У 2002 годзе мы першыя ў краіне пры падтрымцы акадэмiка В.С.Улашчыка арганізавалі і правялі міжнародную навукова-тэхнічную канферэнцыю “Медэлектроніка”. Дагэтуль медыкі праводзілі свае канферэнцыі, электроншчыкі — свае, а сумесных не было. Гэтая канферэнцыя аказалася вельмі паспяховай, у Мінск прыехала шмат замежных спецыялістаў. Нас падтрымалі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі і тагачасны віцэ-прэм’ер, які курыраваў навуковую сферу. Пасля канферэнцыі мне адразу паступіла прапанова перайсці працаваць у БДУІР. І я тут ужо з верасня 2003 года — прайшоў шлях ад дацэнта да першага прарэктара ўніверсітэта.

— Сяргей Канстанцінавіч, а які прафесійны шлях выбралі вашы дзеці?

— Мае сыны — айцішнікі. Праўда, малодшы вучыцца ў аспірантуры, а гэта значыць, што ён, хутчэй за ўсё, атрымае размеркаванне ва ўніверсітэт. Таму, відаць, і яму дастанецца гэтага хлеба (я ж таксама не думаў, што буду педагогам).

— Ведаю, што вы мелі дачыненне да адкрыцця філіяла БДУІР у Злучаных Штатах Амерыкі. Калі ласка, раскажыце, як гэта ўвогуле магчыма.

— Сапраўды, у 2013 годзе нам удалося арганізаваць філіял нашага ўніверсітэта ў Чыкага на базе каледжа CSI, пры падтрымцы яго ўладальнiцы былой нашай выпускнiцы Элы Зiбiцкер. I ў мінулым снежні я ўручыў дыпломы сямі першым выпускнікам. Калі хтосьці гаворыць, што 7 — гэта мала, я кажу: а вы самі паспрабуйце гэта зрабіць!

Там усё даволі складана і значна больш заарганізавана, чым у нас. Але мы змаглі зацвердзіць у ЗША нашы вучэбныя праграмы. Цяпер дыпломы БДУІР афіцыйна прызнаны ў гэтай краіне, нароўні з амерыканскімі.

Тады, у 2013 годзе, у нас пачалі вучыцца каля 30 чалавек, а скончылі 7 з іх. Але гэта самыя матываваныя і зацікаўленыя студэнты, чые дыпломы падмацаваны ведамі і маюць вагу ў ЗША.

Хачу заўважыць, што мы не рабілі вялікай рэкламы свайму філіялу, бо для нас гэта быў у пэўным сэнсе эксперымент. Мы хацелі паглядзець, як усё пойдзе. І дыпломы першых выпускнікоў — наш адказ тым, хто вагаецца, доказ таго, што мы маем магчымасцi працаваць на велізарным адукацыйным рынку Злучаных Штатаў.

У БДУIР таксама рэалізоўваюцца сумесныя праекты з Узбекістанам і Казахстанам. Напрыклад, у Еўрапейскі нацыянальны ўніверсітэт імя Л.М.Гумілёва ўжо залічаны 55 казахаў: 2,5 года яны бу­дуць вучыцца дома ў Нур-Султане і 1,5 года — у БДУІР. Пасля заканчэння вучобы выпускнікі атрыма­юць два дыпломы. Тое ж і з Узбекістанам. У Ташкенцкiм універсітэце інфармацыйных тэхналогiй iмя Мухамада ал-Харазмiй створаны сумесны факультэт інфармацыйных тэхналогій. Узбекскі бок мае намер прыняць сёлета на вучобу 505 чалавек па 3 спецыяльнасцях. Тут прапаноўваецца іншая схема (2 гады дома + 2 гады ў нас). І калі з казахамі распрацаваны сумесныя праграмы падрыхтоўкі, то ўзбекскія студэнты будуць вучыцца па праграмах БДУІР.

— Сяргей Канстанцінавіч, хачу вярнуцца ў пачатак нашай размовы. Скажыце, быць нашчадкам педагагічнай дынастыі — гэта вялікая адказнасць?

— Так, я гэта адчуваю пастаянна. Прыязджаю ў Жодзіна, усе ўспамінаюць маіх бацькоў, і я хачу быць, прынамсі, не горшым за іх.

Я ўдзячны бацькам за тое, што яны стараліся нас усебакова развіваць. У дзяцінстве я хадзіў на самба, займаўся ў мастацкай студыі, вучыўся ў музычнай школе. Калі я павёў у музычную школу малодшага сына, су­стрэў там сваю настаўніцу. Яна спытала: “Сярожа, у якім годзе вы скончылі кансерваторыю?”

Я не паступаў у кансерваторыю, бо выбраў навуку. Але абсалютны слых і музычная адукацыя дазваля­юць мне чуць музыку ва ўсіх фарбах. Так, калі мы слухалі на Брадвеі “Прывід оперы”, мой сябар драмаў побач, мая жонка амаль плакала ад пачуццяў, а я атрымліваў неверагодную асалоду ад гэтай прыгажосці.

Калі я працаваў дэканам факультэта камп’ютарнага праектавання, на выпускным вечары студэнты часта падыходзілі пагаварыць. “Сяргей Канстанцінавіч, вы строгі, але справядлівы”, — казалі многія на развітанне. І мне прыемна, бо такімі былі мае бацькі.

— Чаму ў адных усё вельмі ўдала складваецца ў прафесіі, а ў іншых — не надта. У чым, на вашу думку, заключаецца педагагічнае абаянне?

— Канечне, справядлівасць, адказнасць, годнасць. Добрае пачуццё гумару, якое дапамагае ў многіх сітуацыях. А галоўнае, трэба заўсёды бачыць у чалавеку асобу, старацца адчуць яго, знайсці тыя правільныя словы, якія падыхо­дзяць менавіта яму. Так усталёўваецца давер.

Мне вельмі прыемна, што і праз многія гады выпускнікі не губля­юць са мной сувязі, нават на высокіх пасадах, нават за акіянам. Напэўна, у гэтым і ёсць наш педагагічны сакрэт — вучыць і выхоў­ваць так, каб помнілі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.