Сакрэт — ва ўсмешцы і добрым настроі

- 10:39Людзі адукацыі

Ганну Аляксандраўну Садоўскую ў родным Валожыне ведаюць і паважаюць і як педагога, які ўсё жыццё сумленна працуе ў школе, і як добрую, ветлівую жанчыну са светлай душой і залатымі рукамі. Нічога ў жыцці ёй не далося лёгка, але ў выніку ўсе мары, сярод якіх было і настаўніцтва, спраўдзіліся. Яе шчасце склалася з любімай сям’і, утульнага дома і ўжо роднай сярэдняй школы № 2, дзе Ганна Аляксандраўна дваццаць сем гадоў выкладае чарчэнне, мастацтва і працоўнае навучанне.

Урокі мудрасці і працавітасці

Сёння Ганна Аляксандраўна з асаб­лівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспа­мінае тых, хто навучыў яе працавітасці, перадаў жаданне тварыць, радаваць іншых тым, што зроблена сваімі рукамі. Яшчэ ў дзіцячыя гады ёй захацелася многае ўмець, каб быць, што называецца, майстрам на ўсе рукі.

— Запомнілася, як мая бабуля, якой бы працай ні займалася, заўсёды пры гэтым спявала, — прыгадвае Ганна Аляксандраўна. — Падобныя адносіны да працы як да важнай, неабходнай часткі нашага жыцця перадаліся і мне. Стараюся, як некалі бабуля, рабіць усё сумленна, старанна і з добрым настроем. З часам зразумела і тое, наколькі важнымі былі яе ўрокі мудрасці і дабрыні. Кожнаму, хто завітваў да нас, бабуля старалася сказаць ветлівае слова, нечым пачаставаць, а таксама часта паўтарала: ва ўсіх людзях трэба бачыць добрае, нікога не асуджаць і ўсім прабачаць.

У свой час Ганна Аляксандраўна вучылася ў сярэдняй школе № 2, дзе працуе зараз. Асаблівую ролю ў яе лёсе адыграла Зоя Фёдараўна Пратасевіч, настаўніца чарчэння, працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва. Гэта па яе прыкладзе дзяўчынка, у сям’і якой не было педагогаў, захацела стаць менавіта настаўніцай. Прадметы, якія выкладала Зоя Фёдараўна, адразу сталі любімымі. Падабалася і маляваць, і чарціць, і вучыцца нечаму карыснаму на ўроках працы.

— Я была вельмі ўражана тым, як многа ўсяго ўмее Зоя Фёдараўна, наколькі проста, лёгка і прыгожа ў яе ўсё атрымліваецца, — расказвае Г.А.Садоўская. — Яна і шыла, і вышывала, і гатавала невядомыя нам, смачныя стравы… Здавалася, з любых, нават самых простых рэчаў яна магла зрабіць нешта патрэбнае ў гаспадарцы і вельмі прыгожае. Мне, тады яшчэ пяцікласніцы, вельмі захацелася стаць такой жа, калі вырасту, усё ўмець рабіць і дзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з іншымі. З часам гэтае жаданне толькі мацнела і засталося нязменным да заканчэння школы.

Шлях Ганны Аляксандраўны да яе мары не быў простым. Бацькі падтрымалі дзяўчыну ў яе памкненнях, аднак паступіць ва ўніверсітэт удалося не адразу. Прыйшлося спачатку папрацаваць піянерважатай у адной са школ Валожынскага раёна. Пазней, яшчэ больш пераканаўшыся ў правільнасці свайго выбару, Г.А.Садоўская стала студэнткай мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Добразычлівасць, цікавасць і гумар

Пасля таго як Зоя Фёдараўна Пратасевіч пайшла на заслужаны адпачынак, яе не было кім замяніць. Відаць, самім лёсам было наканавана, каб неўзабаве менавіта яе вучаніца стала прадаўжальніцай яе справы ў роднай валожынскай сярэдняй школе № 2.

Ганна Аляксандраўна год за годам набіралася вопыту і жыццёвай мудрасці. Для яе было заўсёды важна пабудаваць урок так, каб ён прайшоў для дзяцей цікава, лёгка і ў той жа час вынікова. У выкладанні кожнага прадмета паступова назапасіліся свае прафесійныя тонкасці. Для настаўніцы важна, каб на кожным уроку панавалі добразычлівыя адносіны, быў створаны спрыяльны псіхалагічны клімат. Яна стараецца, каб усе вучні адчувалі сітуацыю поспеху. Не раз пераконвалася: калі да дзіцяці прыхо­дзяць першая перамога і вера ў свае сілы, затым даволі хутка многае мяняецца да лепшага.

— Усе поспехі вучняў для мяне вялікая радасць, — адзначае Г.А.Са­доў­­ская. — Хтосьці ўспрымае інфармацыю больш хутка, іншым патрэбна нашмат больш часу. Настаўніку важна быць цярплівым і старацца разабрацца, у чым прычыны дзіцячых няўдач. Адзін з маіх вучняў быў вельмі непаседлівым, на ўроках мастацтва яму было складана доўга працаваць над адным заданнем. Аднак варта было аднойчы пахваліць, няхай і крыху авансам, яго творчасць, сказаць, што ў яго вельмі добра атры­малася, і хлоп­чыка нібы падмянілі. Ён стаў вельмі старанным, і яго работы ўсё больш радавалі вока.

Падобныя перамены ў адной з вучаніц на ўроках працоўнага навучання таксама вельмі парадавалі настаўніцу. У дзяўчынкі даволі доўга ўсё, за што яна ні бралася, атрымлівалася дрэнна, ды і ніякай цікавасці да заданняў яна не праяўляла. Ганне Аляксандраўне было важна знайсці справу, якая дапаможа змяніць гэтую сітуацыю. Ёй стала вышыванне. Вучаніцы спадабаўся гэты занятак, і ёй удалося хутка разабрацца ў тонкасцях. У выніку такі доўгачаканы першы поспех дапамог вучаніцы раскрыцца і змяніў адносіны да прадмета, на якім дагэтуль нічога не атрымлівалася. Яна з цікавасцю і паспяхова пачала не толькі вышываць, але шыць, вязаць, гатаваць. Ганна Аляксандраўна адчула палёгку: цяпер можна не хвалявацца — да будучага дарослага жыцця дзяўчына будзе гатова.

— Я даўно прыйшла да простай высновы: ніколі не варта адчайвацца, — тлумачыць настаўніца. — Варта знайсці занятак па душы, і пасля гэтага ўсё абавязкова стане на свае месцы і пачне атрымлівацца. Таму ў выпадку, калі на працоўным навучанні дзіцяці здаецца, што ўсё літаральна валіцца з рук, варта проста спрабаваць розныя заняткі, паказваць свае работы і старацца зацікавіць дзяцей. Шляхам спроб і памылак знойдзецца тая справа, якая падорыць дзіцяці радасць і ад самога працэсу працы, і ад яго выніку.

Гэты навучальны год прынёс цікавую перамену ў выкладанні працоўнага навучання: Ганне Аляксандраўне, як і іншым яе калегам, давядзецца правесці некалькі ўрокаў для хлопчыкаў. Новаўвядзенне вельмі спадабалася настаўніцы: ёй будзе вельмі цікава вучыць хлопчыкаў гатаваць. У тым, што ўсё пройдзе паспяхова, не сумняваецца. Да­рэчы, мена­віта гатаванне разнастайных страў — самы цікавы занятак для вучаніц як сярэдніх, так і старшых класаў.

Яшчэ адзін прафесійны сакрэт Ганны Аляксандраўны — гумар. На ўроках па сваіх прадметах — і па чарчэнні, якое па­трабуе дакладнасці, і па творчым мастацтве і працоўным навучанні — настаўніца стараецца час ад часу прыгадаць нейкі жарт да месца, каб падняць усім настрой і разрадзіць абстаноўку. Яна пераканана: гумар навучанню не перашкода, а дапамога. Аднак тое, што здаецца лёгкім і натуральным, на самай справе патрабуе падрыхтоўкі. Г.А.Садоўская спецыяльна да тэмы ўрокаў загадзя прадумвае нейкія гісторыі, жарты ці загадкі, якія могуць станоўча паўплываць на псіхалагічны клімат у класе і прыцягнуць увагу дзяцей.

Цікавыя ўрокі, дэмакратычны, заснаваны на ўзаемнай павазе стыль супрацоўніцтва з вучнямі дазваляюць дабівацца станоўчых вынікаў. Пад кіраўніцтвам Ганны Аляксандраўны вучні перыядычна становяцца пераможцамі разнастайных рэспублікан­скіх, абласных і раённых конкурсаў. За плённую працу настаўніцу некалькі разоў адзначалі граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, упраў­лення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама.

Дарыць радасць і прыносіць карысць

Ганна Аляксандраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам яшчэ і таму, што работа і хобі ў яе выпадку складаюць адзінае цэлае. Яна не ўяўляе свайго жыцця без вучняў, побач з якімі заўсёды трэба развівацца, шукаць нешта новае. З цікавасцю і энтузіязмам падключаецца да самых розных спраў: ці то конкурс, праект, даследчая работа, ці то дапамога па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі…

Творчая Ганна Аляксандраўна пастаянна знаходзіцца ў пошуку, спрабуе новыя віды рукадзелля, каб пасля зацікавіць імі вучаніц і парадаваць вырабамі родных і блізкіх. Кабінет працоўнага навучання ўпрыгожвае выстава карцін са стужак, над якімі пад кіраўніцтвам настаўніцы працавалі школьніцы. Некаторыя сюжэты Г.А.Садоўская прыдумала сама, падабраўшы малюнак і колеравую гаму. У кабінеце захоўваюцца і прыгожыя сувеніры з пафарбаванага пяску; стыльныя фотарамкі са звычайнай каляровай паперы; прыгожыя абрусы і сурвэткі з тканіны, абвязаныя кручком; лялькі з саломкі…

— Сакрэт творчасці ў тым, што, чым больш ты робіш і ўмееш, тым больш хочацца ўдасканальваць свае навыкі і адкрываць для сябе штосьці новае, — дзеліцца думкамі Ганна Аляксандраўна. — Гэта праяўляецца і ў даследчай дзейнасці. Цяжка толькі спачатку, калі разам з вучнямі шукаеш тэму. Пасля варта зрабіць першы крок — і даследаванне зацягвае. Напрыклад, мы з дзецьмі з захапленнем вывучалі беларускую кухню. Хадзілі ў госці да мясцовых жыхароў, цікавіліся тым, што раней ужывалі ў ежу, а пасля самі гатавалі гэтыя стравы і нават склалі кніжку “Бабуліны рэцэпты”. Гэтак жа дэталёва вывучалі кухню аграся­дзіб, народныя промыслы нашага краю, асаблівасці сімволікі тканых вырабаў Валожынскага раёна і іншыя тэмы.

Ганна Аляксандраўна стараецца паказаць школьнікам, як важна памятаць беларускія традыцыі і, як і продкі, не баяцца працы, многае ўмець. Напрыклад, яна пераконвае сваіх вучаніц: хоць сёння ў продажы шмат розных вырабаў для дому, але добра ўмець іх ствараць самім. Тады гаспадыня зможа рэалізаваць уласную задуму і зрабіць свой дом больш утульным і непадобным на іншыя. Пасля на практыцы настаўніца паказвае: гэта нескладаная задача, і шмат часу яна не займае. У выніку застацца абыякавым да стварэння прыгажосці становіцца немагчыма.

З адказнай роляй класнага кі­раўніка энергічная Ганна Аляксандраўна таксама спраўляецца выдатна. Стараецца, каб школьныя гады запомніліся вучням яркімі, добрымі падзеямі. Гартаючы старонкі вялікага фотаальбома свайго былога выпуску, прыгадвае розныя святы, конкурсы, паездкі і экскур­сіі… Аднакласнікаў вельмі аб’ядноў­ваюць такія агульныя справы, таму Ганна Аляксандраўна пастаянна нешта прыдумвае і арганізоўвае. У гэтым навучальным годзе вопытная настаўніца ўзяла пад сваё крыло пяцікласнікаў. З мацярынскай цеплынёй расказвае пра свой новы клас, якому зараз ня­проста адаптавацца да новых умоў пасля пачатковай школы.

Выручае жыццёвая філасофія

Сямейны фотаальбом Ганны Аляксандраўны таксама запоўнены мноствам яркіх, памятных, дарагіх сэрцу фотаздымкаў. Дома ў мнагадзетнай маці, гаспадыні прыватнага дома заўсё­ды было шмат работы. Аднак яна паспявала ахапіць неабсяжнае. Ранкам з радасцю ішла на работу, а пасля з нецярпеннем спяшалася дамоў да родных. Разам з мужам Леанідам Вікенцьевічам яны выгадавалі двух са­праўдных мужчын-сыноў і разумніцу-прыгажуню дачку. Да вялікай дружнай сям’і далучылася жонка старэйшага сына.

— Шчасце кожнага чалавека ў многім у яго ўласных руках, — дзеліцца сакрэтамі Г.А.Садоўская. — Варта цаніць тое, што ёсць, людзей, якія побач, і не псаваць сабе жыццё з-за дробязей. Калі сёння нешта не атрымалася, заўтра будзе новы дзень, а значыць, можна будзе паспець выправіць учарашнія памылкі і недахопы. Галоўнае, каб у доме панавалі мір і спагада, тады на душы ва ўсіх гармонія і любая работа спорыцца!

Муж і дзеці ва ўсім падтрымліваюць Ганну Аляксандраўну. Пры неабходнасці разам прыдумваюць і аб­мяр­коўваць нейкія ідэі для ўрокаў, мерапрыемстваў ці конкурсаў. Усе члены гэтай сям’і вельмі творчыя і працавітыя. За хатнія клопаты, сельскагаспадарчыя работы заўсёды браліся і бяруцца разам. Некалькі разоў прымалі ўдзел у раённым конкурсе “Лепшая мнагадзетная сям’я”, у 2007 годзе сталі пераможцамі.

— Зараз дзеці ўжо дарослыя, радуюць сваімі поспехамі і акружаюць нас клопатам, — гаворыць Ганна Аляксандраўна. — Сёлета мы з мужам адзначылі 30-годдзе сямейнага жыцця. Нават не верыцца, што праляцела так шмат часу. Нярэдка ў мяне пытаюць: у чым сакрэт сямейнай гармоніі? Магу з ўпэўненасцю сказаць, што важна адносіцца адно да аднаго з павагай і цярпеннем. Немагчыма заўсёды здагадвацца аб думках і жаданнях сваёй другой паловы, таму неабходна навучыцца слухаць і размаўляць, быць гатовым пайсці насуст­рач, а не спрачацца і крыўдзіцца.

У Ганны Аляксандраўны з яе лёгкім характарам і дабрынёй, вядома ж, шмат сябровак. У жыццё ўсіх яна стараецца прынесці нешта добрае, парадаваць. На юбілеі родным і блізкім робіць памятныя падарункі сваімі рукамі. Напрыклад, гэта можа быць вялікая карціна — вышытая ці зробленая са стужак. У сябровак яе намаганнямі кухні, халадзільнікі і розныя прадметы мэблі ператварыліся ў сапраўдныя арт-аб’екты пры дапамозе тэхнікі дэкупаж. Як кажуць, прыгожа жыць не забароніш, асабліва калі не чакаеш цудаў, а штодня ствараеш іх сваімі рукамі!

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.