Сакрэт яе маладосцi

Школа сустрэла мяне непрывычнай цiшынёй — заканчвалiся апошнія дзянькi летнiх канiкул. Але адчуванне блiзкага навучальнага года прысутнiчала паўсюль. Iскрыста зiхацела вымытае шкло вокнаў, гасцiнна расчынялiся школьныя дзверы, прывабна выглядалi чысцюткiя, свежапафарбаваныя ў мяккi персiкавы колер сцены класаў. Нават кветкi на школьным двары, здавалася, з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з вучнямi — прасторны двор выглядаў вельмі прыгожа i ўтульна.

Школа, як вялiкi карабель, якi рыхтуецца адправiцца ў вандроўку, яшчэ чакала сустрэчы з пасажырамi — настаўнiкамi i вучнямi. Але на сваiм мосцiку ўжо даўно знаходзiўся яе капiтан — дырэктар Чурлёнскага дзiцячага сада — сярэдняй школы Вiлейскага раёна Мiнскай вобласцi Людмiла Iванаўна Сапун. Яна выйшла насустрач з характэрнай для яе ветлiвай абаяльнай усмешкай, i наша гутарка адразу зайшла пра новы навучальны год, пра тое, як да яго падрыхтавалася школа.
А падрыхтоўка за летнi перыяд была праведзена сур’ёзная. Ужо другi год запар у школе праводзiцца рамонт гаспадарчым спосабам. Дзякуючы дзяржаве, якая выдзяляе сродкi для гэтага, у будынку школы (дарэчы, ён 1961 года пабудовы) заменены ўсе вокны, дзверы, прыведзены ў парадак i пафарбаваны сцены i падлога, якая была засцелена новым якасным лiнолеумам. Адрамантаваны ўсе вучэбныя кабiнеты, якiя абсталяваны новай мэбляй. Школа наогул выглядае вельмi сучасна i адпавядае ўсiм патрабаванням: ёсць добры камп’ютарны клас, дзе ўсе камп’ютары падключаны да інтэрнэту, мультымедыйная ўстаноўка для паказу вучэбных фiльмаў, прэзентацый, розных iлюстрацыйных матэрыялаў. Для педагогаў створаны метадычны кабiнет, якi таксама абсталяваны камп’ютарамi з выхадам у інтэрнэт.
— Але супакойвацца нельга, заўважае Людмiла Iванаўна, — ёсць куды прыкласцi яшчэ намаганнi: у кабiнеце бiялогii трэба памяняць камплект школьнай мэблі, неабходна абнавіць надворнае абсталяванне ў дзіцячым садзе. Хацелася б набыць iнтэрактыўную дошку для правядзення ўрокаў на больш сучасным узроўнi. Для ўсяго гэтага патрабуюцца грошы. Але школа спадзяецца не толькi на дапамогу дзяржавы. Вучнi i самi зараблялi iх для агульнай справы: саджалi лес у Iжскiм ляснiцтве, збiралi i здавалi металалом i макулатуру, яблыкi з саду ААТ “Чурлёны”. Дарэчы, яго кiраўнiк Пётр Мiкалаевiч Мiргалоўскi заўсёды з увагай адносiцца да патрэб школы i дапамагае ў вырашэнні многiх пытанняў.
Людмiла Iванаўна з натхненнем апавядае, i становiцца вiдавочна, з якой адказнасцю ставiцца яна да сваёй работы, да спраў школы. Але на маю заўвагу аб гэтым яна толькi ўсмiхаецца.
— Што вы, галоўнае — гэта мае калегі! У нас вельмi добры i зладжаны калектыў — пачынаючы ад маiх загадчыкаў i да тэхнiчных работнiкаў (а ўсяго ў нас працуе 36 чалавек). Кожны адносiцца да работы самааддана i з любоўю. З дзецьмi ж па-iншаму нельга. Я магу без перабольшання сказаць, што наш калектыў — сапраўдная каманда аднадумцаў!
Найперш гэта намеснiк дырэктара па вучэбнай рабоце настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Наталля Анатольеўна Ролiч. Вось каго можна назваць актыўным чалавекам! Яна i iншым стварае ўмовы для паспяховай творчай работы: праводзiць майстар-класы, знаёмiць з педагагiчнымi навiнкамi. З яе меркаваннямi лiчацца, да яе прыслухоўваюцца, яна нiкому не дае заспакойвацца, як гаворыцца, заводзiць усiх на актыўныя карысныя справы. I поспехi выпускнiкоў школы сведчаць аб вынiковасцi яе дзейнасцi: як мiнiмум трэцяя частка iх паступае штогод у вышэйшыя навучальныя ўстановы, астатнiя сарыентаваны на атрыманне прафесiй у галiне сельскай гаспадаркі, будаўнiцтва i iншых патрэбных краiне кiрунках.
А намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўнiца матэматыкi i iнфарматыкi Марына Эдуардаўна Алёшка наогул вельмi творчы чалавек: i спявае, i вершы чытае, i танцуе. Яна — арганiзатар агiтбрыгады, таленавiты стваральнiк вечароў адпачынку, конкурсных праграм, канцэртаў, якiя праходзяць не толькi ў школе, але i ў вясковым Доме культуры. З гэтай установай наогул ажыццяўляецца вельмi цеснае супрацоўнiцтва. На розныя знамянальныя даты, на Купалле, на свята вёскi праходзяць з дапамогай школы цiкавыя мерапрыемствы. Напрыклад, калi адзначалi 500-годдзе вёскi Лыцавiчы, школьнiкi далi выдатны канцэрт, прадэманстраваўшы i асобныя таленты, i вялiкую агранiзацыйную здольнасць iх кiраўнiка, Марыны Эдуардаўны. А тое, што дзецi ў Лыцавiчах артыстычныя, пацвярджае i той факт, што на раённым конкурсе “Суквецце талентаў” яны заўсёды адзначаюцца дыпломамi аддзела адукацыi, спорту i турызму Вiлейскага раёна. I ў мiнулым годзе, i сёлета выпускнiкi школы паступiлi на далейшую вучобу ў Беларускi нацыянальны ўнiверсiтэт культуры і мастацтваў.
Педагогi iмкнуцца зрабiць усё неабходнае, каб стварыць умовы для паўнацэннага гарманiчнага развіцця сваiх падапечных. Акрамя вучобы, тут ёсць магчымасць наведваць 8 розных гурткоў. Вельмi плённа працуе, напрыклад, гурток “Суднамадэляванне”, якiм кiруе выкладчык працоўнага навучання i гiсторыi Аляксей Мiкалаевiч Ролiч. Школа мае памяшканне для заняткаў спортам. Дзякуючы намаганням выкладчыка фiзічнай культуры Iгара Анатольевiча Кiбалкі, якi адданы сваёй справе, вучнi штогод займаюць прызавыя месцы на раённай спартакiядзе школьнiкаў, выступаюць за раён у спаборнiцтвах па мнагаборстве “Здароўе”. У школе ёсць уласны аўтобус, на якiм ажыццяўляюцца цiкавыя i пазнавальныя экскурсii ў Мiнск, Брэст, Хатынь, на Курган Славы, Лiнiю Сталiна i iнш.
Зладжаны калектыў школы працуе вельмi паспяхова. I педагогi, i тэхнiчны персанал (i сярод iх нельга не адзначыць загадчыцу гаспадаркi Антанiну Мiкалаеўну Бас) даўно замацавалiся на месцах, не лiчаць сябе часовымi работнiкамi, а аддаюць любiмай справе часцiнку душы. Кожнага, лiчыць дырэктар, можна назваць сярод лепшых.
Людмiла Iванаўна расказвае пра сваiх калег значна ахвотней, чым пра сябе. Але лёс гэтай вельмi маладой на выгляд i прывабнай жанчыны цiкавы. Выпускнiца педагагiчнага iнстытута, яна была накiравана настаўнiкам матэматыкi i фiзiкi ў Чурлёнскую школу ў 1981 годзе. Ёй адразу спадабалася i вёска Лыцавiчы, дзе знаходзiлася школа, i людзi, якiя жылi ў ёй. Неўзабаве выйшла замуж, нарадзіліся дзве дачкі — Вольга і Таццяна, і Лыцавічы паступова сталі радзімай. Нехта ад’язджаў у горад, шукаў лягчэйшай долi ў Вiлейцы, Маладзечне цi Мiнску, а Людмiла Iванаўна ўжо не ўяўляла сябе без роднай школы. Настаўнiца матэматыкi, потым 10 гадоў намеснiк дырэктара па вучэбнай рабоце, а з 2009 года яна на пасадзе дырэктара. Галоўнай сваёй задачай лiчыць стварэнне ўмоў для плённай працы калектыву, а галоўным iнструментам дырэктара — уважлiвыя, добразычлiвыя адносiны да людзей пры нязменным патрабаваннi да кожнага выконваць свае абавязкi як мага лепш. З найбольшай патрабавальнасцю Людмiла Iванаўна адносiцца да сябе, аддаючы школе, дзе працуе амаль 35 гадоў, i душу, i сэрца. Абаяльная, энергiчная, кампетэнтная, гатовая заўсёды прыйсці на дапамогу, яна не можа не падабацца людзям, яе вельмi паважаюць i вучнi, i бацькi, і калегi, i аднавяскоўцы. Можа, у гэтым сакрэт яе маладосцi?

Ларыса ЛЯШЭНКА.