Сакрэтам паспяховага класнага кіраўніцтва падзялілася Святлана Більдзюкевіч

- 12:20Классный классный, Образование

Чаму з класным кіраўніцтвам справіцца не кожны, як зразумець, што зрабіў правільны прафесійны выбар і што за формула “тры З”, расказала “Настаўніцкай газеце” настаўніца гісторыі і класны кіраўнік з Мар’інагорскай гімназіі Святлана Більдзюкевіч.

З першых дзён адкрыцця Мар’інагорскай гімназіі Святлана Іванаўна пачала працаваць тут настаўніцай гісторыі і класным кіраўніком. На яе думку, працаваць у школе і не весці класнае кіраўніцтва няправільна.

— Успамінаю першы час работы класнай: вы з дзецьмі як быццам выпрабоўваеце адно аднаго на паразу­менне. З узростам гэта прайшло, я стала задавацца іншым пытаннем: што мне падабаецца ў ролі класнага
кіраўніка?

Каб знайсці адказ, Святлана Іванаўна адправілася атрымліваць дадатковую адукацыю на факультэце павышэння кваліфікацыі БДПУ па кірунку “Псіхалогія”. Рашэнне атры­маць другую адукацыю дапамагло канчаткова пераканацца ў тым, што з выбарам прафесіі яна не памылілася. Наадварот, настаўніца стала яшчэ лепш адчуваць матывы паводзін сваіх вучняў і калег, мацней прырасла душой да гімназіі.

— За гады работы я прыйшла да формулы “трох З”, — дзеліцца Святлана Іванаўна. — З любоўю, з правам на памылку, з павагай. Па-іншаму ў нашай справе ніяк. Калі не любіш прафесію, то кожны дзень ператвараецца ў выпрабаванне. А калі любіш, то самай складанай задачай становіцца… не бегаць па школьных калідорах разам з дзецьмі.

Педагог не прапускае магчымасці нагадаць калегам пра тое, што трэба пражы­ваць кожны момант дня, а не проста адбываць працоўныя га­дзіны. Менавіта таму што­дзень Святлана Іванаўна ро­біць усё для таго, каб яе работа была цікавай, займальнай і ў задавальненне сабе і дзецям:

— Я даўно для сябе зразумела, як вызначыць, што ­ідзеш па правільным шляху. Калі я стала мамай, то ўпершыню адчула гэтае шчымлівае пачуццё ў грудзях, ад якога так радасна. Я адчуваю яго, калі гляджу на сваё дзіця і калі заходжу ў свой ужо выпускны 11 “Б” клас. Трэба прыслухоўвацца да сябе — гэтаму вучу і дзяцей.

Навучыць і выхаваць

Святлана Іванаўна — класны кіраўнік з 30-гадовым стажам. За гэты час настаўніца зразумела, што быць класным часам больш складана, чым выкладчыкам.

Педагог пераканана, што даць аб’ём ведаў — адно, а выхаваць — зусім іншае. Правесці ўрок можа любы прафесіянал, а арганізаваць пазаўрочную дзейнасць і наладзіць кантакт з дзецьмі, іх бацькамі — гэта задача з зорачкай.

— Дзеці, класны кіраўнік, бацькі — паміж гэтымі трыма бакамі заўсёды павінна быць даверлівая сувязь, — адзначае педагог.

І ў такім няпростым працэсе трэба пачынаць з сябе: са знешняга выгляду, эрудыцыі, паводзін, бо класны кіраўнік — гэта прыклад, на які кожны дзень глядзяць вучні. Дарэчы, у Святланы Іванаўны ўжо выпрацаваўся арсенал прыёмаў, з дапамогай якіх яна можа без слоў данесці да дзіцяці, што ад яго патрабуецца.

— Памятаю, аднойчы на экскурсіі да мяне падышоў вучань і спытаў: “Святлана Іванаўна, мы ж вам не родныя дзеці, чаму вы так ставіцеся да нас, быццам мы ваша сям’я?” Мне было вельмі прыемна, і я патлумачыла, што адказваю за любую дробязь, якая тычыцца вучняў, і ў перыяд паездкі адчуваю сябе іх маці. Таму і складваецца такое ўражанне, — прыгадала Святлана Іванаўна.

Адзін з самых важных пунктаў у рабоце класнага кіраўніка — трэба шмат часу праводзіць з вучнямі па-за школай. Тады дзеці раскрываюцца і паказваюць сябе сапраўдных, праяўляюць свае таленты. У школе навучэнцаў дысцыпліну­юць сцены, форма, а за яе межамі нічога гэтага няма, і ў такой сітуацыі знайсці з імі агульную мову значна складаней.

— Калі мы едзем на экскурсію, у нас прадугледжана абавязковая адукацыйная частка: наведванне музея, замка, выставы, — расказвае Святлана Іванаўна. — А пасля гэтага даю вучням магчы­масць парадаваць сваё ўнутранае дзіця і адвожу ў гандлёвы цэнтр на фудкорт, таму што дзецям гэта таксама патрэбна. Мая задача як класнага кіраўніка — разумець, што дзецям заўсёды хочацца забаў, і знаходзіць баланс паміж адукацыяй і нефармальнымі зносінамі.

Гармонію строгасці і дабрыні Святлана Іванаўна шукае штодзень. Напрыклад, у 5 класе яна працуе з вучнямі, абапіраючыся на іх інтарэсы, і дае ім магчымасць праявіць сябе — у танцах, тэатралізаваных пастаноўках, гульнях. Але не забывае і пра стро­гасць, каб дзеці ведалі, што можна, а што нельга.

— У 9 класе я дамаўляюся з вучнямі, што больш ні разу не павышу на іх голас, — дзеліцца Святлана Іванаўна. — Гэта кранае і адначасова палохае дзяцей, бо яны прывыклі, што педагог — гэта часта пра кантроль і выкананне ўмоў, а тут я даю зразумець, што стаўлюся да іх як да дарослых, на роўных. Яны прывыкаюць да новых умоў, імкнуцца чуць і дапамагаць мне і за ўвесь час ні разу не падвялі мяне.

Каб выхаваць дзіця чалавекам і грамадзянінам, Святлана Іванаўна выкарыстоўвае на ўроках практычныя формы работы. Сярод іх збор з навучэнцамі “Франтавога альбома” або правя­дзенне даследавання па тэме “Вывучэнне беларускіх страў Пухаўшчыны як гістарычны здабытак і фактар нацыянальнай ідэнтыфікацыі”. Ёсць яшчэ адна методыка, якая зацікаўлівае навучэнцаў і адначасова дапамагае ім пасталець. На ўроках па гісторыі Беларусі Святлана Іванаўна прымяняе метад “Гарачае крэсла”.

— Мы ставім крэсла каля дошкі, выклікаем вучня, і дзеці самі задаюць яму пытанні па тэме, а пасля ставяць адзнаку, — расказвае педагог. — Настаўніку ў гэты момант можна адпачываць, таму што дзеці ставяцца да гэтага працэсу адказна, а ацэньваюць адно аднаго больш жорстка, чым я. Такі трэнінг прывучае дзіця адказваць за свае словы, трымацца на публіцы, дазваляе адчуць сябе ў пазіцыі не толькі вучня, але і настаўніка.

— Дык у чым жа сакрэт паспяховага класнага кіраўніцтва? — пытаюся ў Святланы Іванаўны.

— Трэба верыць у дзяцей, — адказвае педагог. — Я ў сваіх веру, у іх вялікі патэнцыял. Яны вельмі таленавітыя і прадпрымальныя. Трэба толькі даць дзецям магчымасць праявіць сябе. Пры гэтым мы, дарослыя, вельмі патрэбныя дзецям, якімі б яны ні былі прасунутымі і кемлівымі. Без нашага кіраўніцтва яны не справяцца, нават калі часам гэтае кіраўніцтва і здаецца нябачным.

Соф’я ЦЫКУНОВА
 Фота аўтара