“Важна быць адкрытым новаму, бачыць у ім магчымасці для развіцця” — такім дэвізам у жыцці і рабоце карыстаецца настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Дзяржынска Мінскай вобласці Настасся Аляксандраўна Трафімава. Выбраны падыход апраўдаў сябе: за пару гадоў работы малады педагог знайшла ключ да сэрцаў вучняў і калег, вылучылася сваёй актыўнай пазіцыяй і дасягненнямі ў самых розных сферах.
Звязаць жыццё з адукацыяй Настасся вырашыла па прыкладзе сваіх сваякоў, ад якіх літаральна з дзяцінства пераняла любоў да чытання. Бабуля Валянціна Рыгораўна Скіпская выкладала рускую мову і літаратуру, доўгі час узначальвала Коханаўскую сярэднюю школу імя І.П.Кожара Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Мама працуе бібліятэкарам у Станькаўскай сярэдняй школе імя М.Казея, якую скончыла Настасся. Зараз жа дзяўчына жыве ў вёсцы Каменка, што недалёка ад Станькава, і трэці год штодня ездзіць на работу ў суседні горад. Такой сітуацыяй яна цалкам задаволена: дарога не займае шмат часу. Тое, што месцам работы стала менавіта гімназія № 1 Дзяржынска, маладая настаўніца лічыць вялікім шчасцем.
— Імкнуся працаваць годна, як і мае маці і бабуля, а таксама стаць падобнай на сваю любімую гераіню — Лідзію Міхайлаўну з апавядання Валянціна Распуціна “Урокі французскай”, — дзеліцца асабістым Н.А.Трафімава. — Перш за ўсё для мяне важна было знайсці агульную мову з вучнямі, каб яны мяне чулі, сур’ёзна ўспрымалі мае словы, патрабаванні і парады. Ёсць дзеці, якія самі падыходзяць на перапынках з пытаннямі па вучобе, праяўляюць актыўнасць. Гэта, безумоўна, вельмі радуе. Але ёсць і тыя, каго зацікавіць няпроста. Аднак не варта баяцца складаных задач, бо менавіта яны даюць каштоўны вопыт і сапраўдны прафесіяналізм.
Каб завалодаць увагай дзяцей, настаўніца зрабіла стаўку на інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Для замацавання матэрыялу, выканання дамашняй работы, правядзення дадатковых заняткаў, а таксама для розных форм кантролю яна часта выкарыстоўвае рэсурс LearningАpps. Настаўніцы падабаецца, што работа ацэньваецца на вачах дзяцей і ўсе могуць адразу ж убачыць свае вынікі, звярнуць увагу на недахопы. Настасся Аляксандраўна заўважыла: працуючы на гэтай анлайн-платформе, гімназісты хутка ўцягваюцца ў вучэбны працэс, у іх знікае страх зрабіць памылку, а цікавасць да пошуку правільнага адказу павышаецца. Напрыклад, на ўроках рускай літаратуры педагог часта прымяняе такія заданні на LearningАpps, як “Знайдзі пару”, “Сартаванне малюнкаў”, “Храналагічная лінейка”, “Табліца адпаведнасцей” і інш. Практыкаванне “Храналагічная лінейка” дапамагае хутка і адначасова ва ўсіх вучняў праверыць веданне зместу твораў (неабходна правільна размясціць эпізоды). Для Настассі Аляксандраўны зручным і простым у выкарыстанні памочнікам стала і вучэбная платформа Kahoot. Яна дазваляе ствараць разнастайныя віктарыны, апытанні, абмеркаванні. Вучні выконваюць заданні з цікавасцю і нават з азартам, бо хуткасць таксама мае значэнне і ўплывае на вынік. У арсенале настаўніцы ёсць яшчэ адзін рэсурс — Online Test Pad. Сваім калегам яна раіць узяць сабе на заметку гэты зручны і просты анлайн-канструктар для стварэння і правядзення тэстаў, апытанняў, гульняў на логіку, крыжаванак і дыялогаў.
— Сёння ў педагога даволі шмат магчымасцей зрабіць урок сучасным, дынамічным, яркім, — звяртае ўвагу Н.А.Трафімава. — Стараюся прапаноўваць сваім вучням розныя віды дзейнасці, у тым ліку работу на вучэбных платформах, якая ім заўсёды даспадобы. Аднак гэта не павінна займаць занадта шмат часу. Сваю галоўную місію бачу ў тым, каб навучыць гімназістаў прыгожа і без памылак пісаць і гаварыць, не спяшацца выказвацца, не абдумаўшы прамову, умець абгрунтоўваць свой пункт гледжання. Гэта жыццёва важныя ўменні і навыкі для ўсіх вучняў, кім бы яны ні сталі ў будучыні, якімі б хуткімі тэмпамі ні развіваліся тэхналогіі.
На ўроках рускай мовы і літаратуры Настасся Аляксандраўна робіць стаўку на развіццё крытычнага мыслення, якое дапамагае развіваць уменне адрозніваць факты ад меркаванняў, правяраць дакладнасць крыніц, бачыць двухсэнсоўнасць сцвярджэнняў, лагічныя неадпаведнасці. Для гэтага настаўніца звяртаецца да такіх метадаў крытычнага мыслення, як сінквейн, кластар, “дрэва прадказанняў”, соты і інш.
За даволі кароткі прамежак часу маладая настаўніца зарэкамендавала сябе як рознабакова развітая, яркая, таленавітая асоба. Яна ўвайшла ў склад абласной творчай групы настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, а таксама творчай групы па рэалізацыі міжнароднага валанцёрскага праекта “Дарогай дабрыні”. У пазамінулым годзе паспяхова выступіла на конкурсе вядучых “Вольны дыктафон”: на раённым этапе стала першай, а на заключным, абласным, заняла другое месца. У мінулым навучальным годзе гімназістам і калегам было цікава даведацца, што Настасся Аляксандраўна стала ўдзельніцай рэгіянальнага адборачнага тура абласнога конкурсу прыгажосці “Міс Міншчына”. А зараз яна з цікавасцю рыхтуецца да ўдзелу ў новым праекце “Адзін дзень з прафесійнага жыцця педагога Мінскай вобласці”. У відэароліку яна расказвае пра тое, як нясумна, дынамічна і насычана праходзяць настаўніцкія будні. Для яе гэта яшчэ адна няпростая задача, а значыць, і новы карысны вопыт.
Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.