Сакрэтныя інгрэдыенты эфектыўнага ўрока

Яшчэ на апошнім курсе ўніверсітэта я, узброеная тэарэтычнымі ведамі па педагогіцы і методыцы выкладання замежных моў, натхнёная прыкладамі вялікіх педагогаў, з энтузіязмам узялася вучыць англійскай мове дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў. Якім жа было маё здзіўленне, калі большасць прыёмаў маёй метадычнай скарбонкі аказалася бездапаможнай перад дапытлівымі, але непаседлівымі малышамі. Здавалася, што скіраваць іх энергію ў стваральнае рэчышча — задача для сапраўднага супергероя, а не для звычайнага педагога…

З таго часу прайшло больш за тры гады, і ў мінулым засталіся сотні ўрокаў, праведзенных з большым ці меншым поспехам, але, несумненна, усякі раз з задавальненнем. За гэты час я добра засвоіла, што першапачатковая задача настаўніка — быць захопленным тым, што выкладаеш, і захапляць сваім прадметам вучняў. Жорсткая дысцыпліна, татальны кантроль і прымус — гэта бізун, якім гора-настаўнікі цалкам адбіваюць пазнавальную цікавасць у школьнікаў любога ўзросту.

Па меры назапашвання вопыту я сфармулявала для сябе некалькі правіл, якімі кіруюся ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

Правіла актуальнасці матэрыялу

Навучанне замежнай мове накіравана на развіццё камунікатыўных кампетэнцый вучняў. І нічога так не стымулюе вучня да камунікацыі, як жаданне расказаць, што для яго мае духоўнае значэнне, жаданне выказаць асабістае меркаванне па праблеме. Безумоўна, неабходна ўлічваць і ўзроставыя асаблівасці вучняў. Напрыклад, малодшых школьнікаў актыўна ўключаю ў праектную дзейнасць, дзе вучань мае магчымасць расказаць пра сябе, сваю сям’ю, свайго гадаванца, свае выхадныя або святочныя дні (About myself, My family, My pet, My day off). У назначаны дзень кожны можа прадставіць класу ў выглядзе малюнка, калажу, прэзентацыі свой творчы міні-праект, які суправаджаецца маналагічным выказваннем па тэме, дыялогам, які складаецца з пытанняў настаўніка і аднакласнікаў і адказаў вучня. У сярэдніх класах да аповеда дадаецца заданне — выказаць сваё меркаванне па якім-небудзь пытанні. У старшых — імкнуся падштурхнуць вучняў да дыскусіі, таму выбіраю тэмы больш цікавыя, але разам з тым спрэчныя і праблемныя. Гэты від работы дае магчымасць творчай самарэалізацыі вучня, што важна ў любым узросце.

Асаблівасць выкладання замежнай мовы ў тым, што яна вывучаецца як сродак зносін, а тэматыка і моўныя сітуацыі прыўносяцца з розных сфер. У сувязі з гэтым адкрываецца магчымасць наладжваць міжпрадметныя сувязі ў працэсе навучання і, вывучаючы замежную мову, атрымліваць веды з іншых навук, што станоўча ўплывае на ўсебаковае развіццё асобы вучня. Для стымулявання цікавасці да замежнай мовы ўдзяляю асаблівую ўвагу таму, якія вучэбныя прадметы найбольш цікавыя кожнаму навучэнцу, пасля чаго імкнуся максімальна далучыць да вывучэння замежнай мовы ў працэсе засваення вучнем цікавай для яго тэмы. Напрыклад, пры вывучэнні ў 7 класе раздзела Travelling back in time (“Падарожжа назад у часе”) найбольш актыўныя тыя, хто захапляецца гісторыяй. Індывідуальныя заданні выконваюцца з большым энтузіязмам, а значыць, выніковасць значна вышэйшая.

Правіла асацыятыўнага запамінання

Думаю, кожны настаўнік-прадметнік ведае, якія тэмы па яго прадмеце найбольш цяжкія для ўспрымання. А ўжо калі гаварыць пра замежныя мовы, то тут да складанасцей іншамоўнай граматыкі далучаецца складанасць запамінання і вымаўлення замежнай лексікі. Варыянт адзін: завучваць і яшчэ раз завучваць. Але не, гэта складана і сумна. А калі правесці паралель з рускай (беларускай) мовай, калі да складаных слоў, граматычных канструкцый дабавіць асацыяцыі, усё становіцца не так ужо і складана. Напрыклад, ёсць словы, якія гучаць падобна, але маюць рознае значэнне (англійскае слова clever (разумны) можна параўнаць з рускім словам “клевер”, англійскае слова ditch (яма) — з рускім словам “дичь”, англійскае ship (карабель) — з рускім “шип”). Зараз, каб лёгка запомніць пераклад слова, можна ўявіць “умный клевер”, “дичь в яме”, “корабль с шипами”. Сапраўднае раздолле для дзіцячага ўяўлення, з якім, трэба адзначыць, у дзяцей праблем няма. Таксама можна асацыіраваць слова з якой-небудзь сітуацыяй (а калі сітуацыя выклікае смех, то заадно і настрой паляпшаем, не адрываючыся ад працэсу навучання). Напрыклад, вывучаем тэму Food (“Ежа”) у 3 класе і ў многіх вучняў пачынаецца праблема з запамінаннем слова a cucumber (агурок). Абавязкова знойдзецца той, хто прачытае гэтае слова як “кукумбер”. Не бяда! У такіх выпадках заўсёды прапаноўваю вучню завесці кацяня і назваць яго Кукумбер. І з гэтага моманту ў дзяцей ёсць вясёлы ўспамін пра ката Кукумбера і ніводнага шансу прачытаць слова няправільна. Чым старэйшыя вучні, тым часцей удаецца праводзіць паралелі з рускай мовай, што дапамагае паспяховаму развіццю ў іх моўнай здагадкі. Напрыклад, дзеяслоў to protect невядомы вучням. Заклікаю да актыўнасці хлопцаў (лепш самых адстаючых вучняў, каб стварыць сітуацыю поспеху). На пытанне “Што такое пратэктар, дзе яго можна знайсці і для чаго ён прызначаецца?” заўсёды знойдзецца правільны адказ: “Пратэктар — элемент пакрышкі кола, прызначаны для засцярогі ўнутранай часткі шыны ад праколаў і пашкоджанняў”. Цяпер лёгка здагадацца, што дзеяслоў to protect перакладаецца як “абараняць, ахоўваць, засцерагаць”.

Правіла карыснай разрадкі

Не сакрэт, што па ступені складанасці замежная мова займае адно з лідзіруючых месцаў сярод вучэбных прадметаў. І часта фізкультхвілінкі недастаткова для зняцця напружання і адпачынку вучняў. Тут трэба дзейнічаць пад лозунгам English is fun! (“Англійская мова — гэта весела!”). У дапамогу настаўніку ёсць вялікая колькасць песень, вершаў, дагаворак, забаўных відэаролікаў, якія не толькі дадуць магчымасць адпачыць, але могуць стаць карысным інструментам пры вывучэнні новых і замацаванні ўжо вядомых лексічных адзінак і канструкцый. Напрыклад, паўтараем назвы жывёл, выкарыстоўваючы дагаворкі:

Рыжий кот залез в пакет.
Что забыл там этот cat?
Тут кота в пакете за нос
Укусила мышь — a mouse.

Вывучаем тэму My family з дапамогай песні Finger’s family. Спяваем, танцуем (пад кожную песню падбіраю асаблівыя рухі для лепшага запамінання), паўтараем лексіку і граматыку па тэме з дапамогай пытальных сказаў.

Правіла аддачы энергіі

І самае галоўнае, што я зразумела ў ходзе сваёй практычнай дзейнасці, — ніколі не атрымаецца ўціхамірыць няўрымслівых і бязмерна актыўных вучняў адным толькі званком на ўрок і спісам практыкаванняў у маім плане-канспекце. Мысленне сучасных дзяцей, спажыўцоў бясконца мільгаючых на экранах гаджэтаў стыхійных інфармацыйных патокаў, клікавае. Для ўтрымання цікавасці і ўвагі навучэнца ў методыцы выкладання ёсць многа прыёмаў, але зараз я ўпэўнена, што ўсё гэта працуе толькі пры адной вельмі важнай умове — энергія і ўнутраны зарад настаўніка павінны быць больш моцнымі, чым зарад кожнага асобнага вучня, які ён здольны аддаць на ўроку. На жаль, не ўсе школьнікі і не адразу прыходзяць на ўрок у пошуку ведаў. Не адразу будуць удзячны і ацэняць аб’ём, якасць і спосаб падачы новага матэрыялу. Аднак зарад энергіі і эмацыянальны пасыл, якімі вы напоўніце свае заняткі, дапамогуць вам не толькі ўтаймаваць няўрымслівы розум вучняў, але і прымусіць іх прыходзіць да вас на ўрок зноў і зноў для своеасаблівай “падзарадкі”. Яны і самі не заўважаць, як з аднаго з самых складаных прадметаў замежная мова ператворыцца ў адзін з самых любімых. Ці не гэта той сакрэтны інгрэдыент, якога так не хапае пачынаючым, а часам і вопытным настаўнікам?

А я працягваю свой шлях настаўніка і старэйшага таварыша маіх вучняў, з задавальненнем аддаючы энергію, ствараючы пазітыўны эмацыянальны настрой, і шукаю новыя інгрэдыенты для эфектыўнага навучання замежнай мове.

Настасся БРЭЗІНА,
настаўніца англійскай мовы Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *