Сакрэты паспяховай будучыні

- 13:31Навіны рэгіёнаў

Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога аднолькава зацікаўлены як у абітурыентах, так і ў паспяховых студэнтах, таму ў спіс адукацыйных і выхаваўчых мерапрыемстваў установы нязменна ўключаюцца праекты, здольныя зацікавіць школьнікаў і дапамагчы студэнтам зразумець, як лепш пастроіць сваю прафесійную будучыню.

Сёлета “Універсітэцкія суботы”, якія ўжо паказалі сваю плённую дзейнасць, пачаліся ў палітэху з працы школы асобаснага развіцця. Першая сустрэча школьнікаў з прафесарска-выкладчыцкім складам установы вышэйшай адукацыі была прысвечана абмеркаванню пытання, як стаць кіраўніком.

Праца школы пачалася з вывучэння сучасных тэхналогій асабістага планавання, у тым ліку з вывучэння матрыцы Эйзенхаўэра — аднаго з метадаў тайм-менеджменту для вызначэння прыярытэтных спраў дня. Таксама ўдзельнікі знаёміліся з тэхналогіяй планавання заўтрашняга дня. Усё гэта праходзіла ў гульнявой форме. Будучыя абітурыенты працавалі малымі групамі, а ўсю дзейнасць рэгуляваў загадчык кафедры “Эканоміка” Вадзім Клейман.

Далей прайшоў круглы стол, падчас якога юнакі і дзяўчаты абмяркоўвалі студэнцкія абмены паміж Беларуссю і іншымі краінамі ў рамках Балонскага працэсу. Школьнікі азнаёміліся з сутнасцю Балонскага працэсу, тэндэнцыямі развіцця вышэйшай адукацыі ў нашай краіне. Старшы выкладчык Алена Траццякова падрабязна спынілася на тым, як, навучаючыся ў ГДТУ імя П.В.Сухога, можна прыняць удзел у міжнародным абмене і трапіць на практыку ці стажыроўку за мяжу.

Завяршыліся заняткі ў школе асобаснага развіцця камунікатыўнымі і антыстрэсавымі трэнінгамі.

Удзельнікі аналізуюць першыя заняткі ў тэхуніверсітэце ў рамках “Універсітэцкіх субот”, а выкладчыкі тым часам рыхтуюць не менш цікавую сустрэчу ў лістападзе. Наступнай тэмай школы асобаснага развіцця стане “Эканамічная адукацыя і працаўладкаванне: ад выбару спецыяльнасці да рэзюмэ, гутаркі і кар’ернага росту”.

Пакуль навучэнцы школ спрабуюць зрабіць свой выбар адносна будучай прафесіі і знаёмяцца з установамі вышэйшай адукацыі і спецыяльнасцямі, якія можна там атрымаць, студэнты ўжо вывучаюць рэальныя шансы заўтрашняга дня.

Так, сёння маладыя людзі яшчэ бегаюць па аўдыторыях з залікоўкамі, але незаўважна надыдзе час, калі ў руках яны будуць трымаць запаветны дыплом. І вось яно, сапраўднае дарослае жыццё. Сёння для моладзі існуе шмат магчымасцей, аднак часта недахоп інфармацыі, няведанне пэўных нюансаў тармозіць развіццё маладога спецыя-ліста. Выправіць такую сітуацыю зноў жа паспрабавалі выкладчыкі гуманітарна-эканамічнага факультэта ГДТУ імя П.В.Сухога, наладзіўшы працу стартап-школы BeClever with Politekh, якая працавала ва ўніверсітэце на працягу тыдня.

Слухачамі стартап-школы маглі стаць усе жадаючыя, але арганізатары рабілі стаўку на выпускнікоў сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнтаў 3—5 курсаў, магістрантаў і аспірантаў. Адзначым, што для таго, каб атрымаць неабходныя для сучаснага прадпрымальніка кампетэнцыі, у палітэх прыходзілі студэнты і выкладчыкі ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі Гомеля. Вялікую цікавасць мерапрыемства выклікала і ў абітурыентаў.

Стартап-школа ўключала ў сябе стартап-кансультацыі, семінары, майстар-класы, круглыя сталы, трэнінгі.

Ужо ў першы дзень удзельнікі школы разам з выкладчыкамі ўніверсітэта і запрошанымі гасцямі разглядалі розныя аспекты вядзення бізнесу ў Беларусі. Спецыялісты падрабязна расказалі слухачам пра тэхналогію адкрыцця фірмы, парадак яе дзяржаўнай рэгістрацыі і змест асноўных адміністрацыйных працэдур. Закранулі таксама значнасць маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва, правялі круглы стол па тэме “Экалагічныя маршруты як інструмент стымулявання бізнесу ў сферы экатурызму” і майстар-клас па эфектыўным выкарыстанні псіхалагічных прыёмаў у рэкламе.

Наступны дзень стартап-школы быў прысвечаны пытанням сацыяльнага прадпрымальніцтва, прасоўвання бізнес-акаўнтаў у сацыяльных сетках. Цікавасць выклікала стартап-кансультацыя “Фарміраванне грамадскай думкі” і невялікі эксперымент па тэхналогіі фарміравання іміджу, якія правялі выкладчыкі гуманітарна-эканамічнага факультэта.

Праграма трэцяга прадугледжвала майстар-клас “Івент-менеджмент. Арганізацыя свят і карпаратыўных мерапрыемстваў. Бізнес у сферы забаў: выгады і падводныя камяні”, трэнінг “Генерацыя бізнес-ідэй, распрацоўка бізнес-мадэлі” і лекцыю на тэму “Lean Startup як сучасны падыход да менеджменту стартапаў”. Асаблівую цікавасць у аўдыторыі выклікалі пытанні перспектыўнасці івент-менеджменту ў Рэспубліцы Беларусь у сучасных эканамічных умовах.

У чацвёрты дзень удзельнікі BeClever with Politekh знаёміліся з падаткаабкладаннем малога бізнесу ў Беларусі, вывучалі падчас майстар-класа тэхналогіі кіравання чалавечымі рэсурсамі ў бізнесе, абмяркоўвалі падчас круглага стала стартап-прадпрымальніцтва.

Даволі насычаным і цікавым атрымаўся апошні дзень універсітэцкага стартап-тыдня. Разглядаліся карупцыйныя праявы ў сферы фінансава-эканамічнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, ішла гаворка пра ўкараненне новых і нетрадыцыйных відаў турызму. Завяршальным мерапрыемствам тыдня стала стартап-кансультацыя аб выбары арганізацыйна-прававой формы вядзення бізнесу.

Адкрываючы стартап-школу, арганізатары асноўнай задачай ставілі аказанне арганізацыйнай і інфармацыйнай падтрымкі маладым людзям, прыцягванне іх да інавацыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама стварэнне спрыяльных умоў для фарміравання прафесійна-дзелавых сувязей вынаходнікаў і пачынаючых інавацыйных прадпрымальнікаў з патэнцыяльнымі інвестарамі і дзелавымі партнёрамі. Несумненна, для зацікаўленых знайшлося шмат карыснага, тым больш што кожны мог знайсці ў спецыялістаў адказы на хвалюючыя пытанні, атрымаць інфармацыю з першых рук, навучыцца пэўным сакрэтам паспяховага бізнесмена.

Праз год стартап-школа BeClever with Politekh зноў адчыніць дзверы для дапытлівых і мэтанакіраваных маладых людзей.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва ўдзельнікаў стартап-школы.