Сакрэты правільнага харчавання

Яшчэ старажытнагрэчаскія мудрацы прыйшлі да высновы, што ежа ўплывае не толькі на самаадчуванне чалавека, але і на яго настрой, разумовую дзейнасць і нават адказвае за духоўнае здароўе. “Мы ёсць тое, што мы ядзім”, — сцвярджаў “бацька медыцыны” Гіпакрат. “Мы жывём не для таго, каб есці, а ядзім для таго, каб жыць”, — развіваў далей гэтую думку яго сучаснік — знакаміты філосаф Сакрат.

Мінулі тысячагоддзі, а тэма здаровага харчавання застаецца актуальнай і, наогул, становіцца ўсё больш вострай. Сёння мы спрабуем з самага маленства навучыць дзяцей правільна харчавацца. На жаль, у большай ступені ў гэтым зацікаўлены педагогі, а бацькі ў сваёй асноўнай масе пакуль займаюць, хутчэй, нейтральную пазіцыю. Тым не менш установы адукацыі спрабуюць далучаць бацькоў да вывучэння гэтай праблемы, абудзіць у іх асабістую зацікаўленасць адносна харчавання дзіцяці.
— Калі дзеці падрастаюць, важна навучыць іх самастойна прытрымлівацца правільнага рэжыму харчавання незалежна ад нагляду дарослых, — упэўнены начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама П.М.Гузелевіч. — Вось чаму арганізацыя якаснага рацыянальнага харчавання зараз з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў нашай дзейнасці.
Рагачоўскі раён у гэтым сэнсе — адзін з лепшых прыкладаў. Пераканацца ў гэтым можна было падчас чарговага абласнога семінара па харчаванні ва ўстановах адукацыі, які праходзіў у Рагачове. Правядзенне падобных семінараў можна называць традыцыяй упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Мэта мерапрыемства простая: падзяліцца лепшым вопытам, абмеркаваць хвалюючыя пытанні. А педагогі, вядома, заўсёды імкнуцца да лепшых вынікаў, і калі яны бачаць цікавыя задумкі і напрацоўкі, то стараюцца не проста паўтарыць іх, а развіць далей, як кажуць, капнуць глыбей.
У аснову семінара лягло вывучэнне розных форм харчавання выхаванцаў і навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, дзе роля арганізатара належыць аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў. Трэба адзначыць, што на Гомельшчыне плануюць поўнасцю ўскласці пытанне арганізацыі харчавання дашкалят і школьнікаў на аддзелы адукацыі. Аб гэтым гаварылася яшчэ вясной, на мінулым семінары. Канечне, пытанняў узнікала шмат. Але справа здаецца непамерна цяжкай, пакуль за яе не ўзяўся. Зараз ужо шмат прыкладаў, калі арганізацыя харчавання ажыццяўляецца раённымі аддзеламі адукацыі. Калі гаварыць непасрэдна пра Рагачоўскі раён, то харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі тут часткова бяруць на сябе акцыянернае таварыства “Альтаір” і Рагачоўскае райспажыўтаварыства.
Па словах П.М.Гузелевіча, у цэлым па раёне доля навучэнцаў, якія атрымліваюць харчаванне, складае больш за 90 працэнтаў. Сёння не апошнюю ролю адыгрываюць школьныя буфеты, дзе кожны можа купіць гарачую гарбату, пячэнне, булачку і іншыя прысмакі. Гэта выйсце ў першую чаргу для тых дзяцей, якія адмаўляюцца ад харчавання ў сталоўцы.
— Канечне, мы зацікаўлены, каб кожны школьнік атрымліваў гарачае харчаванне, таму шукаем розныя падыходы і формы, — гаворыць Пётр Міхайлавіч. — Ва ўстановах агульнай адукацыі, напрыклад, дзейнічае сістэма папярэдніх заявак па меню заўтрашняга дня. Прапануецца некалькі комплексаў абедаў, і дзеці могуць выбіраць тое, што ім больш падабаецца.
Але ж у аснове харчавання дзяцей ляжыць якасць як прадуктаў, так і прыгатаваных страў. І вось тут на першае месца выходзіць забяспечанасць кадрамі і тэхналагічнае абсталяванне харчаблокаў. Дзіця можа адмовіцца есці ў школе ці ў дзіцячым садзе тое, што дома звычайна прымае з задавальненнем. Аргумент будзе просты: “Нясмачна”. Добры кухар — гэта знаходка, тым больш для адукацыйнай установы. Але ж школьнае меню значна прасцей за рэстараннае і ўключае ў сябе даволі простыя стравы. “Можа, кухару не хапае стымулу”, — падумалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама і аб’явілі раённы конкурс сярод кухараў устаноў адукацыі “Майстар сваёй справы”. Дарэчы, фіналісты спаборніцтва дэманстравалі ўдзельнікам семінара свае здольнасці: правялі майстар-клас па прыгатаванні дэсертаў, нарэзцы агародніны і ўпрыгожванні страў. У гэты ж дзень яны атрымалі ўзнагароды і падарункі за перамогу. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын даручыў арганізаваць падобныя конкурсы ў кожным раёне. Таму не выключана, што ўжо ў надыходзячым годзе задума рагачоўцаў увойдзе ў спіс традыцыйных абласных мерапрыемстваў у сферы адукацыі.
Яшчэ адна цікавая навіна, якой падзяліўся прымаючы бок, — раённы саміт па харчаванні. Стварылі яго ў Рагачове па распараджэнні старшыні райвыканкама. Цяпер гэты грамадскі орган не толькі сочыць за тым, як і чым кормяць дзяцей і падлеткаў, але і займаецца пытаннямі прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем здаровага харчавання насельніцтва. У склад саміту ўваходзяць прадстаўнікі вучнёўскага самакіравання, бацькі, спецыялісты ўстаноў адукацыі і іншых зацікаўленых структур, а таксама грамадскіх арганізацый.
Традыцыйна падчас семінара ўдзельнікам быў прадэманстраваны лепшы вопыт па арганізацыі харчавання ў некаторых установах адукацыі раёна. Пры наведванні Побалаўскай сярэдняй школы, напрыклад, гаворка ішла аб закладванні агародніны і садавіны, якая, дарэчы, была вырашчана на прышкольных участках. Сельскім установам адукацыі ў гэтым сэнсе пашанцавала больш, чым тым, якія размешчаны ў гарадах. Акрамя таго, што вакол школы звычайна дастаткова зямлі, у вёсцы можна па згодзе з мясцовымі ўладамі ўзяць дадатковы зямельны надзел. І такіх прыкладаў у вобласці нямала. Зразумела, каб запоўніць сховішчы для агародніны, і дзецям, і педагогам прыходзіцца папрацаваць. Затое якая карысць! Па-першае, гэта спрыяе змяншэнню кошту на харчаванне дзяцей. Па-другое, дае магчымасць зарабіць грошы: сябе забяспечылі, а лішак прадалі. Менавіта так робяць у Побалаўскай школе. “Праз некалькі гадоў наш школьны яблыневы сад прынясе плады”, — пахвалілася дырэктар установы Г.В.Талкачова. А сад гэты якраз быў закладзены ў дзень семінара і атрымаў цудоўную назву — “Дружба”. Кожны аддзел адукацыі, спорту і турызму вобласці пасадзіў тут сваё дрэўца. Першая ж яблынька была пасаджана начальнікам упраўлення адукацыі С.І.Парошыным. І гэта зноў жа традыцыя. Такіх пладовых дрэў на школьных участках у розных раёнах вобласці пасаджана шмат. А ва ўстановах адукацыі Ельскага раёна і ў Мазырскім дзіцячым доме былі закладзены вінаграднікі.
Удзельнікі семінара таксама наведалі рагачоўскую сярэднюю школу № 5, дзе да навучальнага года быў праведзены сур’ёзны рамонт школьнай сталовай з заменай састарэлага абсталявання на сучаснае. Работнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці пазнаёмілі гасцей з формамі арганізацыі харчавання дашкалят у сваёй установе, а таксама раскрылі сакрэт прыцягнення бацькоў да сумеснай работы ў напрамку здаровага харчавання. На гэтую тэму педагогам быў прапанаваны цікавы спектакль з удзелам выхавальнікаў, дзяцей і бацькоў.
Падзяліцца ўражаннямі, падвесці вынікі і намеціць новыя задачы спецыялісты ўпраўлення адукацыі аблвыканкама на чале з начальнікам С.І.Парошыным, начальнікі аддзелаў, прадстаўнікі абласнога савета па харчаванні сабраліся за круглым сталом. Былі закрануты пытанні абнаўлення тэхналагічнага абсталявання харчаблокаў і іх санітарнага стану, неабходнасці прышкольных участкаў і многія іншыя.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.