Сакрэты птушынага кадра

- 11:46Выхаванне

Бёрдвотчынг, або назіранне за птушкамі, цесна ўвайшло ў жыццё мільёнаў людзей у свеце. У Беларусі ж яно толькі пачынае знаходзіць сваіх прыхільнікаў, і спрыяе гэтаму ўсяго адна арганізацыя — “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Яна праводзіць рэспубліканскія спаборніцтвы па фотабёрдынгу і чэмпіянаты па спартыўнай арніталогіі. Каб павысіць узровень іх удзельнікаў, правяла ўжо чатыры школы пачынаючага бёрдвотчара “От Аиста до Ястреба”. Са студзеня жадаючым прапануюць адкрыць для сябе птушыны свет бясплатныя школы ў 10 гарадах Беларусі. Для выпускнікоў школ мінулых гадоў і для тых, хто хоча асвоіць арніталогію на больш прасунутым узроўні, у Мінску з 9 студзеня адкрываецца акадэмія бёрдвотчынгу. А нядаўна ў Мінску збіраліся падзяліцца сваімі кадрамі аматары назіраць за птушкамі праз аб’ектыў у межах адукацыйнага праекта “Заачацвер”.

Няважна, хто ты і колькі табе гадоў, школьнік ты ці прафесар, — галоўнае, што ўсіх аб’яднала жаданне даведацца, як злавіць птушку ў свой аб’ектыў, як падрыхтавацца да птушыных здымак, у чым перавагі падыходу і засідкі, што такое этыка фотапаляўнічага і шмат іншага. Сваімі сакрэтамі фотапалявання на птушак падзялілася Таццяна Раманава, у мінулым — выкладчык французскай мовы, а сёння — прафесійны фотапаляўнічы і бёрдвотчар.

Пра тое, што ніхто не застрахаваны ад “птушынай хваробы”, на якую можа аднойчы захварэць кожны, гаворыць гісторыя самой Таццяны. Калі яна працавала ў лінгвістычным універсітэце, ёй у рукі трапіў вызначальнік птушак з іх назвамі на французскай і англійскай мовах, і выкладчыца захацела іх вывучыць. І пакуль вучыла, запомніла выявы птушак і неўзабаве пачала бачыць іх у горадзе. Для яе, дарослага чалавека, тое, што Мінск перапоўнены рознымі птушачкамі, стала неверагодным адкрыццём. Потым яна жыла і атрымлівала другую вышэйшую адукацыю па міжнародным менеджменце ў Бардо, што на поўдні Францыі, і трапіла на экскурсію ў мясцовы арніталагічны заказнік паглядзець на жураўлёў. І там яна знікла. Набыла прафесійную фотатэхніку і паўгода амаль жыла ў заказніку. Натхнёная птушкамі, вярнулася дадому і кардынальна змяніла сваё жыццё.

“Яшчэ тры гады назад я была ўпэўнена, што ў горадзе можна ўбачыць толькі галубоў, варон, вераб’ёў, і толькі калі прыглядваешся, аказваецца, што гэта не вераб’і, а 20—30 відаў розных птушачак. Калі ты раптам пачынаеш звяртаць увагу на птушак, здаецца, для цябе адчыняюцца дзверы ў паралельны свет, якога раней не бачыў. І сёння з дапамогай АПБ і іх бёрдшкол гэты свет для сябе актыўна адкрывае ў тым ліку і і наша моладзь”, — гаворыць Таццяна.

Сярод шматлікіх слухачоў на сустрэчы была І.В.Бірына-Паўлава, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Азбука арніталогіі” сярэдняй школы № 137 Мінска, член савета мінскага аддзялення АПБ і кіраўнік клуба “Крылаты дазор”, які аб’ядноўвае педагогаў і школьнікаў краіны і далучае іх да прыродаахоўнай дзейнасці. Яна не змагла ўпусціць магчымасць павучыцца ў Таццяны Раманавай, фотаграфій птушак якой яна шмат пабачыла.
“Для мяне гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з сапраўдным майстрам, бо гэта абавязкова дапаможа і мне, і маім арнітолагам развівацца, — гаворыць Ірына Веньямінаўна. — Таццяна дала шмат слушных парад, напрыклад, што лепш здымаць птушку не статычна, а ў руху, не з падыходу, калі чалавек падчас прагулкі заўважае і фатаграфуе птушку, а з засідкі — як правіла, птушка бачыць чалавека раней, чым той яе, таму большасць кадраў, зробленых у падыходзе, ідэнтычныя — птушка з хваста, што ляціць ад чалавека ўверх. Куды лепш здымаць з засідкі — укрыцця, якое бывае стацыянарнае і мабільнае, наземнае і наводнае. Каб зрабіць добры кадр і каб проста ведаць, дзе яго чакаць, трэба арыентавацца ў біялогіі віду.

Мае навучэнцы пакуль часцей прымаюць удзел у чэмпіянатах па фотабёрдынгу, дзе трэба за 5 гадзін марафону сфатаграфаваць як мага больш відаў птушак. Гэта той выпадак, калі колькасць важней за якасць. Напрыклад, у мінулым годзе Андрэй Каратай стаў прызёрам у намінацыі “Птушаня”. Дзецям вельмі падабаецца гэты чэмпіянат, і яны кожны раз з нецярпеннем чакаюць наступнага. Таму ў перапынках мы шмат трэніруемся, шмат фараграфуем птушак. Пачынаем ужо і фота прадстаўляць на конкурсах. Так, нядаўна 9-класніца Ксенія Давідовіч супрацоўнічала з вядомым фотабёрдарам Святланай Ішчанка. Раён нашай школы вельмі спрыяе здымкам, бо ў нас шмат біятопаў — Севастопальскі парк, парк каля Нацыянальнай бібліятэкі, водныя сістэмы і нават нашы двары, дзе можна сустрэць ляснога голуба — вяхіра. І, канечне, мы абавязкова будзем гэтым карыстацца”.

Таццяна Раманава таксама пераконвала, што не заўсёды варта ехаць далёка, — цікавае побач. І доказам гэтага прыводзіць сталічныя паркі Чалюскінцаў, Горкага, Лошыцкі, бо там велізарная колькасць чырванакніжнікаў.

“Цікава быць у сезон міграцыі на Цнянскім вадасховішчы — чырванакніжнікі там не гняздуюцца, яны пралётныя, садзяцца, каб адпачыць, адкарміцца. І гэта цудоўная магчымасць у самым цэнтры горада назіраць бугаёў, зязюль, кнігавак, юркоў, гогаляў. Каля Чыжоўскага заапарка можна ўбачыць гнездаванне зімародка. Ва Уруччы я часта назіраю цецеравятніка, соў, дзятла вялікага пярэстага, чорнага дзятла, — расказвае Таццяна. — Але недастаткова проста туды прыйсці. Калі хочаце зняць пэўную птушку, прачытайце пра яе больш, каб ведаць, чаго ад гэтай птушкі чакаць, дзе яе шукаць, дзе могуць быць яе прысады — месцы для перадышкі, палявання, дзе яна паесць ці прыхарошыцца, чым харчуецца. Тым самым вы ўжо ўявіце здымак, за якім будзеце паляваць. Месца, дзе можна сустрэць вашу птушку, могуць паказаць егеры ці супрацоўнікі АПБ. Але, магчыма, вам прыйдзецца вывучыць і яе рэжым дня. Так, так! У птушак таксама ён ёсць! Я неяк здымала зімародка і пасля некалькіх дзён у засідцы, ведала, што яго самка ў любы дзень у 10.10 (плюс-мінус 5 хвілін) з’явіцца на канкрэтнай галінцы, потым парыбачыць хвілін 10, прыхарошыцца, пераляціць на суседнюю галінку, пасядзіць у цяньку і паляціць на далёкае дрэва, а потым знікне. І роўна праз паўтары гадзіны пачнецца ўсё па-новаму па прывычным маршруце. І штодзень гэта да дробязяў паўтаралася. І калі ў 10.10 маёй птушкі няма, я ўжо за яе перажывала. Свой рэжым ёсць у кожнай птушкі. Чым больш ты здымаеш птушак, тым больш уражваешся: як жа мы мала пра іх ведаем!”

У Таццяны ўжо ёсць матэрыял для манаграфіі па вывучэнні чомгаў, ці вялікіх паганак. А тое, як яна яго збірала, уражвае. Як толькі сыходзіў лёд, жанчына пагружалася ў ваду 5 дзён у тыдзень на 6 гадзін штодзень тры сезоны запар і здымала іх жыццё: момант прылёту, як яны дзялілі тэрыторыю, будавалі гнёзды, несліся, вароны кралі іх яйкі, вылупляліся птушаняты — цэлы трылер! За тры сезоны яна даведалася столькі нюансаў, пра якія не напісана ў кнігах і якія пакуль яшчэ ніхто не засведчыў.

“У птушак усё, як у людзей: і сем’і, і вернасць, і рэўнасць, і заляцанні, і правакацыі. У кожнай птушкі свой характар, тэмперамент, ёсць баязлівыя птушкі, ёсць забіякі, якія шукаюць усюды канфлікты, ёсць сварлівыя, ёсць дыпламаты, ёсць пацыфісты. І зазірнуць у гэты свет, які так нагадвае чалавечы, — неверагодна цікава. Менавіта таму фотапаляванне для многіх становіцца залежнасцю. Для мяне ўжо не толькі псіхалагічнай, але і фізічнай. Калі ты проста прагульваешся па парку і раптам чуеш крыкі птушак — адчуваеш, як ток бяжыць у цябе па кончыках пальцаў, табе хочацца залезці ў балота, ляжаць у засідцы, чакаць кадр, пераставаць дыхаць, назіраць ці з заплюшчанымі вачыма слухаць гукі прыроды”.

Словамі бёрдвотчарам свае пачуцці выказаць складана. А ўрэшце і не трэба. Для гэтага ў іх ёсць фотаздымкі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Таццяны РАМАНАВАЙ.