Сакрэты ўнутранай матывацыі і камфортнага навучання

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Заслаўскай гімназіі Мінскага раёна Валянціна Аляксандраўна Даманава адносіцца да людзей, нават кароткае знаёмства з якімі надоўга застаецца ў памяці. Ёй важна несці іншым святло, душэўную цеплыню, аптымізм — і гэта адчуваецца даволі хутка і без усякіх тлумачэнняў. Адносіны з вучнямі яна будуе па тым жа прынцыпе, імкнецца стварыць камфортную атмасферу і максімальна павысіць унутраную матывацыю на вучобу. У гэтым — адзін з сакрэтаў яе шматлікіх прафесійных поспехаў і многіх дасягненняў яе навучэнцаў.

“Добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш”

Валянціна Аляксандраўна працуе настаўніцай 35 гадоў. За гэты час накапіліся і багаты педагагічны вопыт, і каштоўная жыццёвая мудрасць. І ўсім гэтым яна з радасцю дзеліцца, цікава і шчыра расказвае пра свой лёс. Калі б прыйшлося вярнуцца назад і выбіраць нанова жыццёвы шлях, нічога б не стала мяняць. Зноў бы стала настаўніцай менавіта беларускай мовы і літаратуры.

— Ужо ў школьныя гады я дакладна ведала, што хачу быць педагогам і нікім іншым, — адзначае В.А.Даманава. — На маё ранняе ўпэўненае рашэнне паўплывала некалькі фактараў. Па-першае, мне пашчасціла вучыцца ў знакамітай Цімкавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Гэта месца, дзе заўсёды шанавалі па­мяць пра свайго таленавітага земляка Кузьму Чорнага, дзе адчуваўся дух яго творчасці, былі і захоўваюцца слаўныя традыцыі, створаны цудоўны музей. Па-другое, у маіх педагогаў была вельмі правільная жыццёвая пазіцыя, і мне хацелася быць падобнай да іх. Асабліва ўдзячна заслужанай настаўніцы Беларусі Вользе Ільінічне Марціновіч, якая выкладала беларускую мову і літаратуру і вучыла прыстойна ісці па дарозе жыцця.

І ўсё ж спачатку перад старшакласніцай Цімкавіцкай школы, якая цвёрда хацела ­стаць настаўніцай, стаяла адно пытанне. Яна думала, якой спецыялізацыі ў будучыні аддаць перавагу: выбраць беларускую мову і літаратуру ці англійскую мову і гісторыю. Аднак вагалася нядоўга, даволі хутка адчула: “Беларуская філалогія — гэта маё. Вучыць ведаць і шанаваць роднае слова — тое, чым хочацца займацца ў будучыні”. Паступіла ў Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя А.М.Горкага (сёння імя Максіма Танка), дзе не толькі з цікавасцю вучылася і атрымала вышэйшую адукацыю, але і сустрэла будучага мужа — аднадумца, зараз яшчэ і свайго кіраўніка, дырэктара Заслаўскай гімназіі Аляксандра Аляксандравіча Даманава. Так у студэнцкія гады склалася цудоўная інтэлігентная сям’я педагогаў, якая сёння карыстаецца павагай шматлікіх жыхароў Заслаўя і калег, прычым не толькі са свайго горада і раёна.

Пасля заканчэння ўніверсітэта працоўную дзейнасць Валянціна Аляксандраўна пачынала ў прысталічным рэгіёне ў невялічкай Слабадской школе. Праз некалькі гадоў перайшла бліжэй да дома, сям’і, у Заслаўе: спачатку ў другую школу, а пазней — у новую, трэцюю, якая ў 2005 годзе набыла статус гімназіі. Гэта ўстанова і стала месцам, дзе В.А.Даманава самааддана працуе доўгія гады.

Пра першыя крокі настаўніцкага шляху Валянціна Аляксандраўна сёння ўспамінае з усмешкай: напачатку складанасцей хапала, асабліва пасля таго, як перайшла з невялікай вясковай школы ў гарадскую. Бывалі нават моманты, калі прыходзіла дамоў і плакала. Замест чатырох-пяці вучняў цяпер у класе было ажно трыццаць, і не ўсім з іх хацелася грызці граніт навукі. Што дапамагло пераадолець цяжкасці? Паставіла перад сабой задачу: неабходна вучыцца паспяхова працаваць у новых умовах, да кожнага дзіцяці знайсці свой ключык. В.А.Даманава заўсёды прытрымлівалася простага правіла: калі ўжо выбрала сваю сцяжынку настаўніцкую, то ўвесь час трэба годна па ей ісці. Па жыцці ідзе з дэвізам: “Той, хто хоча, зробіць больш, чым той, хто можа”.

Каб быць вартай выбранай прафесіі, Валянціна Аляксандраўна ўвесь час няспынна працуе над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства. Выкарыстоўвае любую магчымасць, якая дазваляе зрабіць крок наперад, навучыцца новаму.

— Сучаснаму настаўніку трэба асаб­ліва шмат вучыцца, бо сённяшнія дзеці, прычым не толькі старшакласнікі, — высокага інтэлектуальнага ўзроўню, з вялікімі патрабаваннямі і чаканнямі, — расказвае В.А.Даманава. — Ім важна, каб педагог не адставаў ад сучасных рэалій і тэхнічнага прагрэсу, а размаўляў з імі на адной мове, здзіўляў і выклікаў сапраўдную зацікаўленасць. Таму настаўніку трэба заўсёды стаяць на прыступку вышэй, але размаўляць з вучнямі як з роўнымі.

“Як зрабіць свой урок нашым урокам?”

Настаўніца з жалем заўважала, што так любімыя ёю ўрокі беларускай мовы не заўсёды выклікалі зацікаўленасць у вучняў. А падчас гутаркі з бацькамі дзяцей ёй нярэдка даводзілася чуць: “Не хоча вучыцца, мог бы значна лепш, але жадання няма”. Валянціна Аляксандраўна моцна задумалася над тым, як жа зацікавіць дзяцей сваім прадметам, павысіць іх матывацыю да вывучэння беларускай мовы, актывізаваць пазнавальную дзейнасць і палепшыць якасць ведаў. У пошуках адказаў на гэтае важнае пытанне перачытала мноства літаратуры, дэталёва прааналізавала свае ўрокі і прыйшла да высновы: дабіцца гэтага можна толькі на аснове ўнутранай матываванай дзейнасці вучняў. Аналізуючы псіхолага-педагагічную літаратуру і ўласны настаўніцкі вопыт, акрэсліла для сябе дзве асноўныя супярэчнасці. Па-першае, востра адчувалася неабходнасць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці і ў той жа час відавочнай была недастатковая ўвага да праблемы забеспячэння матывацыі. Па-другое, існаваў вялікі разрыў паміж неабходнасцю ўнутранай матываванай вучэбнай дзейнасці і перавагай на практыцы іншай, знешне матываванай.

— Адразу перада мной паўсталі пытанні: што і як зрабіць, каб матывацыя стала ўнут­ранай, а вучні працавалі з жаданнем і ініцыятывай? З дапамогай якіх прыёмаў і метадаў запаліць у іх вачах дапытлівую і ўстойлівую зацікаўленасць да ведаў? Як зрабіць свой урок нашым урокам, ураўнаваць настаўніцкае “трэба” і вучнёўскае “хачу”? — дзеліцца сваімі разважаннямі В.А.Даманава. — Для таго каб знайсці ўсе неабходныя адказы, пачала ўзмоцнена працаваць над тэмай павышэння матывацыі як сродку актывізацыі пазнавальнай дзейнасці.

Валянціна Аляксандраўна назірала за вучнямі 5—8 класаў, у якіх выкладала беларускую мову і літаратуру. Як аказалася, вядучымі матывамі да вучобы ў іх былі пачуццё абавязку, прэстыжная матывацыя (атрыманне высокай адзнакі) і жаданне пазбегнуць няўдач (пакарання). Усё гэта варыянты знешняй матывацыі, а яна прымусовая і няўстойлівая. Прыярытэтнымі матывамі больш глыбокай унутранай матывацыі з’яўляюцца пазнавальная цікавасць, матыў дасягненняў (матыў поспехаў) і сацыяльныя матывы (матывы супрацоўніцтва), якія і актывізуюць устойлівую пазнавальную дзейнасць. Таму менавіта ўнутраную матывацыю варта абудзіць у вучняў. Гэта і стала адной з галоўных задач для В.А.Даманавай. Глыбока ў душу ёй запалі словы М.Твэна: “Хто не бачыць канчатковай мэты, вельмі здзіўляецца, што прыйшоў не туды”. Зрабіла з іх свой прафесійны вывад: значыць, матываванымі павінны быць дзеянні вучняў на працягу ўсяго ўрока.

Настаўніца паступова шукала метады і прыёмы павышэння матывацыі на ўроках беларускай мовы, якія дапамогуць справіцца з пастаўленымі задачамі. Ішла да гэтага доўга, паступова спрабуючы і спалучаючы розныя варыянты, пільна назіраючы за рэакцыяй вучняў. Паралельна аналізавала, як працуюць іншыя педагогі, вывучала літаратуру. Дзякуючы сістэмнаму падыходу, Валянціна Аляксандраўна вызначыла для сябе правераныя, эфектыўныя метады і прыёмы, а затым адранжыравала іх і ўбачыла, што лепш працуе для павышэння якасці ведаў, а што — пас­рэдна, а значыць, ад апошняга можна смела адмовіцца.

Шукаць, спрабаваць і эксперыментаваць

У аснове вопыту Валянціны Аляксандраўны ляжыць ідэя эўрыстычнага навучання. Пры ім вучні самі ствараюць “адукацыйны прадукт” па пэўнай тэме. Уласныя вывады яны супастаўляюць з аналагічнымі, змешчанымі ў падручніках. У працэсе параўнання кожны асэнсоўвае, дабудоўвае свой першасны прадукт, пры гэтым адбываюцца актывізацыя і развіццё пазнавальных здольнасцей дзіцяці, “прырост” яго ведаў, вопыту і павышаецца ўнутраная матывацыя.

Настаўніку важна стварыць умовы, якія актывізуюць працэс пазнання. В.А.Даманава пераканалася: адукацыйны патэнцыял значна ўзрастае, калі рэалізуецца ідэя адзінства эмацыянальнага і інтэлектуальнага кампанентаў зместу. Эмоцыі могуць быць магутным стымулам да дзейнасці. Гэта абумоўлівае выкарыстанне метадаў і прыёмаў, якія адпавядаюць патрэбам і інтарэсам вучняў, выклікаюць станоўчы настрой, жаданне вучыцца без прымусу і напружання.

Павышэнне матывацыйнай дзейнасці праектуецца ў метадах і прыёмах навучання. Аналізуючы эфектыўнасць прымянення больш як пяцідзесяці апрабаваных метадаў і прыёмаў, Валянціна Аляксандраўна згрупавала аптымальныя, якія найбольш спрыя­юць павышэнню матывацыі на пэўных этапах урока. Напрыклад, падчас арыентавана-матывацыйнага этапу найбольшую зацікаўленасць і актыўнасць вучні праяўляюць, калі настаўнік пры дапамозе вучэбнай дзейнасці стварае праблемную сітуацыю, выкарыс­тоўвае розныя прыёмы па мэтавызначэнні. Пры гэтым выдатна працуюць такія метады, як рэпрадуктыўны, часткова-пошукавы і дыдактычная гульня. Што тычыцца прыёмаў, то лепш за ўсё прымяняць наступныя: “Арфаграфічнае лато”, мазгавы штурм, “Гульнявая мэта”, “Крок за крокам”, “Запалі агеньчык!”, “Пытальныя словы”, “Чароўная скрынка”. Такім чынам з’яўляюцца матывацыя і самавызначэнне на канчатковы вынік урока.

На аперацыйна-пазнавальным этапе ўрока ставяцца мэты: арганізаваць матываваную пазнавальную дзейнасць па засваенні новых ведаў, стварыць сітуацыю ўзаемадзеяння. Аптымальныя метады для гэтага — рэпрадуктыўны, часткова-пошукавы, даследчы, творчы, дыдактычная гульня ці работа з падручнікам. Максімальна эфектыўнымі тут будуць прыёмы: апорны канспект у выглядзе табліц, алгарытм, клас­тар, прэзентацыя, “Вучу і вучуся!”, “Гісторыя з куфэрка”, “Аўкцыён ведаў”, “Візітоўка”, “Пчаліны вулей”, “Лаві памылку”, “Запасны бал” і “Свой алгарытм”. Усё гэта дапамагае абудзіць пазнавальную актыўнасць і самастойную дзейнасць вучняў, знайсці вырашэнне праблемы, набыць, выкарыстаць і сінтэзаваць інфармацыю.

Валянціна Аляксандраўна пераканалася, што важнае месца ў вучэбным працэсе займае рэфлексія: яна выклікае станоўчыя эмоцыі, спрыяе павышэнню матывацыі і актывізуе пазнавальную дзейнасць. Да таго ж пры яе дапамозе вучань ацэньвае сферу матывацыйна-пазнавальных цяжкасцей. У выніку дзеці вызначаюць наступныя крокі ў сваёй пазнавальнай дзейнасці і плануюць індывідуальную работу дома. В.А.Даманава актыўна выкарыстоўвае на сваіх уроках такія формы рэфлексіі, як сінквейн, “Тэлеграма”, “Скарбонка ведаў”, незакончаны сказ, “Так!”, “Рамонак” і інш. Напрыклад, падчас рэфлексіі “Тэлеграма” дзеці коратка пішуць, чым іх узбагаціў урок, і аддаюць ліст суседу па парце, але ёсць і іншы варыянт: зыхо­дзячы з тэмы ўрока запісваюць найбліжэйшую мэту-пажаданне для сябе. Таксама настаўніца задае тыповыя пытанні выніковай рэфлексіі: “Якія заданні былі найбольш цяжкімі (лёгкімі)? Чаму?”, “За што ты можаш пахваліць сябе і кагосьці з аднакласнікаў?”, “Што ты абавязкова адпрацуеш дома?”.

Валянціна Аляксандраўна праводзіла дыягностыку гэтага вопыту і ўбачыла доб­рыя вынікі. Таму яна ўпэўнена працягвае працаваць у гэтым жа кірунку на трэцяй ступені навучання. Год за годам назірае, што ў яе вучняў дастаткова высокі ўзровень ведаў па беларускай мове (сярэдні бал у класах — 7,8). Таксама павысіўся ўзровень пазнавальнай актыўнасці, а яшчэ назіраецца развіццё агульнавучэбных уменняў і навыкаў. Усё гэта якраз і стала вынікам павышэння ўнут­ранай матывацыі. Акрамя таго, пры дапамозе апрабаваных метадаў і прыёмаў удаецца ствараць і падтрымліваць добразычлівы мікраклімат, забяспечваць адзінства інтэлектуальнага і эмацыянальнага кампанентаў зместу адукацыі, далікатна і паспяхова супрацоўнічаць з бацькамі дзяцей.

Вучні В.А.Даманавай з задавальненнем удзельнічаюць у творчых, інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах рознага ўзроўню. Ёсць такія дасягненні, як 100 балаў па выніках ЦТ, дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеней на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, паспяховы ўдзел у заключным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, дып­ломы на конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці і інш.

— А яшчэ мяне вельмі радуе прос­тае пытанне вучняў перад пачаткам урока: “Што новага чакае нас сёння?” — зазначае В.А.Даманава. — Значыць, атрымалася: урок стаў нашым, а мае вучні неабыякавыя! А мне трэба і далей шукаць, спрабаваць, эксперыментаваць!

Валянціна Аляксандраўна імкнецца дапамагчы кожнаму знайсці сябе і раскрыць свае здольнасці. Дзякуючы ёй, працуе этнаграфічны куток “Беларуская хатка”, дзе сабраны прадметы жыцця і побыту жыхароў Міншчыны (усяго 115 унікальных экспанатаў), а экскурсіі пра гісторыю краю право­дзяць зацікаўленыя вучні. Таксама настаўніцы ўдалося наладзіць плённае супрацоўніцтва гімназістаў з членам Саюза пісьменнікаў пісьменніцай-заслаўчанкай Святланай Анатольеўнай Быкавай. У гімназіі працуе клуб “Ізяслаўцы”, удзельнікі якога кожны год пас­пяхова выступаюць на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску. Пабачылі свет тры арыгінальныя творчыя зборнікі: “Струмені заслаўскай крынічкі”, “Нашчадкі Рагнеды” і “Зорны россып”, у якіх змешчаны творы не толькі гімназістаў, але і вучняў іншых навучальных устаноў Заслаўя.

Валянціна Аляксандраўна да любой справы падыходзіць творча і імкнецца зрабіць яе добра, на радасць і карысць сабе і людзям. І гэта, вядома ж, не застаецца без увагі. Яна ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі. У 2018 годзе як лепшая па прафесіі В.А.Даманава была занесена на раённую Дошку гонару. З’яўляецца кіраўніком раённага рэсурснага цэнтра па беларускай мове і літаратуры, які плённа працуе ў Заслаўскай гімназіі. Але мудрая Валянціна Аляксандраўна зазначае: “Не было б поспехаў без дапамогі адміністрацыі Заслаўскай гімназіі і калег-аднадумцаў, падтрымкі мужа і сына”.

Таццяна ШЫМКО.