Саксонскія камп’ютары набудуць беларускае праграмнае забеспячэнне

- 14:55Інфармацыйная гадзіна

Сіліконавая даліна ў Саксоніі зацікаўлена ў вытворчасці камп’ютарнага абсталявання з беларускім праграмным забеспячэннем (ПЗ). Пра гэта ішла размова на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з дэлегацыяй федэральнай зямлі Германіі Саксонія на чале з дзяржаўным міністрам юстыцыі Саксоніі дэпутатам ландтага Себасціянам Гемкавым.

Міхаіл Мясніковіч прапанаваў абмеркаваць развіццё кантактаў паміж ПВТ і інфармацыйна-камунікацыйным паркам “Сілікон” у Саксоніі. “Мы шмат увагі ўдзяляем лічбавай эканоміцы. Гэта прынцыпова новыя магчымасці, мы можам тут мець вельмі добрыя вынікі як для бізнес-колаў, так і для органаў дзяржаўнага кіравання”, — падкрэсліў спікер. Ён запрасіў германскія кампаніі шырэй удзельнічаць у рабоце Кітайска-беларускага парка “Вялікі камень”.

Себасціян Гемкаў у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь вядома ў свеце як ІТ-краіна. “Цудоўнай ідэяй было б сумясціць намаганні па вытворчасці камп’ютарнага абсталявання ў Сіліконавай даліне Саксоніі з праграмным забеспячэннем, якое рыхтуецца ў Беларусі, каб такім чынам прапаноўваць гатовыя рашэнні для розных галін”, — лічыць ён.

У час сустрэчы абмяркоўваліся таксама перспектывы супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кадраў, развіццё міжпарламенцкіх, гуманітарных кантактаў.

У кастрычніку 2017 года ў горадзе Мітвайда адбыўся першы беларуска-германскі эканамічны форум, другі павінен прайсці ў лістападзе 2018 года таксама ў Германіі. Трэці Міхаіл Мясніковіч прапанаваў правесці ў Мінску ў 2019 годзе. Себасціян Гемкаў падтрымаў гэтую ідэю. Ён таксама запрасіў беларускую парламенцкую дэлегацыю наведаць Саксонію.

Нямецкія інвестары праяўляюць павышаную цікавасць і да індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. У кастрычніку мінулага года новым рэзідэнтам парка стала кампанія “Ланц Мануфактур”, якая мае намер рэалізаваць інвестыцыйны праект па вытворчасці святлодыёдных элементаў. Лагістычны аператар найбуйнейшага рачнога порта Еўропы — кампанія “Дуйспорт” — увайшла ў склад заснавальнікаў СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка”.