Salam, dostlar!

- 10:11Актуально, Апошнія запісы

Нават не ведаючы азербайджанскай мовы, можна здагадацца, што выраз “Salam, dostlar!” азначае “Вітаем, сябры!”. “Salam, dostlar!” — сустракалі дарагіх гасцей беларусы. “Вітаем, сябры!” — гучала ў адказ ад прадстаўнікоў азербайджанскай дэлегацыі, якая раніцай у нядзелю прыляцела на беларускую зямлю для ўдзелу ў Днях моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, што праходзяць з 9 па 12 красавіка.

Госці з краіны агню (так яшчэ неафіцыйна называюць Азербайджан) прывезлі ў сваіх сэрцах іскрынкі сяброўства, запаленыя ў ліпені мінулага года падчас Дзён моладзі Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы. На беларускай зямлі гэтыя іскрынкі вельмі хутка ператварыліся ў вялізнае вогнішча. Гасціннасць і шчырасць беларусаў, памножаныя на гасціннасць і шчырасць азербайджанцаў, здольны запаліць у любым сэрцы агонь сяброўства.

— Кожны візіт у Беларусь для нас з’яўляецца вельмі прыемным, таму што Беларусь — гэта братэрская дзяржава, беларусы — братэрскі народ, з якім нас звязваюць вельмі моцныя повязі сяброўства, супрацоўніцтва на дзяржаўным узроўні і на ўзроўні моладзі. Упэўнены, што ў рамках візіту яшчэ больш умацуецца супрацоўніцтва паміж маладзёжнымі арганізацыямі Беларусі і Азербайджана. Мы абмяняемся вопытам і будзем абмяркоўваць перспектыўныя праекты на будучыню, каб максімальна зблізіць нашу моладзь. Першы раз я наведаў Рэспубліку Беларусь у 1999 годзе. З кожным візітам заўважаеш, як ваша краіна прыгажэе, развіваецца, квітнее, і мы як сябры Беларусі радуемся гэтаму, — падзяліўся намеснік міністра моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі Інтыгам Бабаеў.

Красавік — выдатны час для знаёмства з квітнеючай беларускай зямлёй. На дрэвах распускаюцца пупышкі, неба з кожным днём становіцца больш высокім, сонца — больш цёплым, а сэрцы беларусаў — больш адкрытымі для новых знаёмстваў і сустрэч. Дні моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь — выдатная нагода для такіх знаёмстваў. Яны праводзяцца ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі на 2016—2017 гады.

— Беларуска-азербайджанскім адносінам у сферы маладзёжнай палітыкі не першы год, з кожным годам яны пашыраюцца. У гэтыя красавіцкія дні азербайджанскія сябры азнаёмяцца не толькі са сталіцай. Мы з задавальненнем пакажам ім Нясвіж, яго адметнасці, раскажам пра слаўную гісторыю. Адным з пунктаў наведвання Нясвіжа стане знаёмства з дзейнасцю маладзёжнага цэнтра, кіраўніцтва якога ў ліпені мінулага года ў рамках Дзён моладзі Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з маладзёжным цэнтрам Шамкіра. Цяпер і ў азербайджанскага боку будзе магчымасць пазнаёміцца з беларускім вопытам дзейнасці маладзёжных цэнтраў, абмеркаваць рэальныя праекты, — паведаміла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пшанічная.

Праграма кожнага дня насычаная і распісана літаральна па хвілінах. У нядзелю азербайджанскія сябры наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — месца нашай агульнай славы і памяці, таму што многія азербайджанцы вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удастоены высокіх званняў за подзвігі, здзейсненыя на нашай зямлі. Азнаёміліся госці з традыцыйнымі народнымі рамёствамі ў музейным комплексе “Дудуткі”. У сераду гасцей чакае наведванне Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Важнай часткай праграмы стала наведванне флагмана беларускага аўтамабілебудавання — жодзінскага БелАЗа. Гасцям было цікава не толькі азнаёміцца з вядомым ва ўсім свеце беларускім брэндам, сфатаграфавацца на фоне самазвалаў-шматтоннікаў, але і сустрэцца з працоўнай моладдзю. Актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі ўздымаліся падчас адкрытага дыялогу з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Карпенкам.

Час экскурсій, сур’ёзных размоў, сцэнічных урачыстасцей, усмешак, новых знаёмстваў — Дні моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь працягваюцца. Больш падрабязна пра іх чытайце ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты”. Salam, dostlar! Мы працягваем вітаць вас, сябры!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.