Сальфеджыа з гумарам

У гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна ўжо 10 гадоў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны выкладае Святлана Анатольеўна Цар. У мінулым годзе да яе педагагічных абавязкаў дабавіліся адміністрацыйныя: яна стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Вядома, турбот стала больш, але на ўзаемаадносіны з любімымі вучнямі гэта ніяк не паўплывала, і што б там ні было, яна заўсёды знаходзіць час на размовы з імі і сумесныя справы, стараючыся стаць сябрам для кожнага.

Раман з музыкай у Святланы Анатольеўны пачаўся яшчэ ў дзіцячым садзе, калі яна пачула, як музычны кіраўнік іграла на фартэпіяна. Дзяўчынка настолькі захапілася віртуозным выкананнем і прыгожай мелодыяй, што вырашыла абавязкова і самой навучыцца так іграць. Бацькі падтрымалі гэтае жаданне і адвялі яе на праслухоўванне ў сярэднюю агульнаадукацыйную школу мастацтваў Маладзечна. Там яна трапіла да выдатнага педагога па фартэпіяна А.Ю.Кузьміной. “Я заўсёды з радасцю бегла да яе на заняткі. Яна была добрай, уважлівай і ў той жа час патрабавальнай, з лёгкасцю знахо­дзіла агульную мову з ўсімі сваімі вучнямі, і нават калі зараз сустракаемся, яна пра кожнага пытаецца, — прыгадвае педагог. — Менавіта Аляўціна Юр’еўна навучыла мяне працаваць. Яна часта гаварыла, што без старання і прыкладання сіл нічога не атрымаецца ў жыцці. Таму і я імкнуся працаваць не складаючы рук, як гаворыцца, праца і рукі — моц­ныя зарукі”.

Калі ж у 9 класе паўстала пытанне аб выбары прафесіі, С.А.Цар дакладна разумела, што ёй падабаецца займацца музыкай. Таму яна ўпэўнена накіравалася ў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага, а затым — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вярнулася ў родны горад. “У 2001 годзе я прыйшла працаваць у Маладзечанскую дзіцячую школу мастацтваў духавых інструментаў, а ў гімназію-каледж перайшла ў 2011-м, дзе стала кіраўніком узорнага хору Estro і выкладчыцай музычна-тэарэтычных дысцыплін ці, калі гаварыць па-простаму, настаўніцай сальфеджыа, — дадала намеснік дырэктара. — За 20 гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці я ні разу не пашкадавала аб сваім прафесійным выбары. І калі б мне сёння прапанавалі вярнуцца ў мінулае, усё роўна выбрала б гэтую прафесію. Бо я пераканана, што педагог — найлепшая прафесія для жанчыны, гэтая дзейнасць штодзень зараджае станоўчымі эмоцыямі. Я вельмі люблю сваю работу і сваіх вучняў, стаўлюся да іх, як да родных, з матуліным клопатам, і яны адказваюць мне ўзаемнасцю: дзеляцца сваімі перажываннямі, радасцямі і нягодамі, давяраюць самае патаемнае”.

Пытаннем, што такое сальфеджыа і для чаго яно патрэбна, задаюцца многія бацькі, калі аддаюць сваё дзіця ў музычную школу. Па словах С.А.Цар, гэта абавязковы вучэбны прадмет, неабходны як для прафесійнага навучання, так і для агульнага ўсебаковага развіцця юнага музыканта. Канечне, такая складаная дысцыпліна заўсёды выклікала і выклікае шмат дыскусій: як выкладаць сальфеджыа, каб яно было зразумелым і цікавым дзецям, а работа над развіццём музычнага слыху станавілася інтэнсіўнай і займальнай. Бо ці будзе вучань у далейшым займацца музыкай і ці захавае любоў да яе на ўсё жыццё, залежыць ад педагога.

Святлана Анатольеўна мае ў сваім арсенале шэраг прыёмаў, якія дапамагаюць ёй з першых дзён навучання зацікавіць дзяцей няпростай музычнай дысцыплінай. “Каб прывіць любоў да сальфеджыа, педагог павінен прыкласці шмат намаганняў, таму што гэты прадмет на самай справе вельмі складаны. Калі настаўнік хоча даць веды, то бу­дзе бесперапынна шукац­ь усё новыя і новыя спосабы, каб зрабіць выкладанне нясумным. Таму, напрыклад, у малодшых класах можна выкарыстоўваць гульнявую форму і розныя віды заахвочвання, — тлумачыц­ь яна. — Да таго ж у 1 класе я падкрэсліваю дзеткам, што яны прыйшлі ў свет музыкі, які выглядае як шмат­павярховы дом, і каб адчыніць яго дзверы, неабходна падабрац­ь правільныя ключыкі: для адных гэта будзе скрыпічны, а для другіх — басовы ключ”. Вось так дзеці пачынаюць вучыцца эмацыянальна ўспрымаць музыку, і ў іх развіваецца цікавасць да яе.

Старэйшым жа вучням С.А.Цар тэарэтычны матэрыял падае больш канкрэтна, ствараючы трывалую базу для далейшага прафесійнага навучання, не забываючы пры гэтым пра творчыя заданні, якія развіваюц­ь лагічнае мысленне, слых, інтанацыю, памяць, вакальныя здольнасці і г.д. “Усе вельмі любяць рытмічныя практыкаванні, партытуры, прапляскваць і пра­стукваць мелодыі, дапамагаючы сабе бразготкамі або лыжкамі, — расказвае настаўніца. — Мне прыемна, калі я бачу, што дзеці з майго ўрока выходзяць з усмешкай і радасцю, калі яны задаволеныя і ў добрым настроі. Тады я разумею, што ўрок прайшоў не дарма: дзеці атрымалі часцінку ведаў і ў той жа час адпачылі, — прызналася яна. — У той жа час больш за ўсё засмучае, калі вучні прыходзяць сумныя, калі ў іх нешта не атрымліваецца або яны не разумеюць тэму, тады я разам з імі перажываю і задаю сабе пытанне: “Дзе і што я недапрацавала?..” Калі ж раптам бачу, што нехта лунае ў аблоках, асабліва за апошняй партай, то прыцягваю яго ўвагу жартам або пасільным займальным заданнем, за якое ён абавязкова атрымае добрую адзнаку і захоча далей спасцігаць яе вялікасць Сальфе­джыа”.

Акрамя таго, С.А.Цар — класны кіраўнік сямікласнікаў, якіх яна стараецца выхоўваць творчымі асобамі. Разам яны шмат дзе бываюць, вельмі любяц­ь вандроўкі па родным краі, удзельнічаюць у разнастайных конкурсах і канцэртах. “Раблю ўсё дзеля таго, каб яны як мага больш вучыліся кантактаваць адно з адным у рэальнасці, размаўляць і абмяркоўваць тое, што іх хвалюе, каб былі зносіны афлайн, а не анлайн, — сказала яна. — Асабіста для мяне, харавіка, сапраўднай творчай аддушынай сталі спевы ў мясцовым праваслаўным храме, а таксама маляванне карцін па нумарах. Пераканана, творчы чалавек заўсёды знойдзе магчымасць рэалізавац­ь свае памкненні”.

Развітваючыся са Святланай Анатольеўнай, папрасіла яе адказаць адным сказам, навошта вывучаць сальфеджыа. Яна сказала: “Для развіцця музычнага слыху, бо менавіта сальфеджыа ператварае яго з простай музычнай здольнасці ў магутны прафесійны інструмент”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва гераіні.