Салют, таленты! Салют, Данііл!

- 10:49Навіны рэгіёнаў

Хлопчык са Слуцка Данііл Савеня скарыў сэрцы членаў журы і ўвайшоў у тройку лепшых у міжнародным праекце “Салют талентаў”.

Падчас правядзення матчаў Кантынентальнай хакейнай лігі ў Мінску пра маленькага невідушчага спевака даведалася, здаецца, уся краіна. Данііл Савеня выконваў гімны краін — удзельніц чэмпіянату КХЛ на “Мінск-Арэне”. Для гэтага яму давялося вывучыць гімны на розных мовах. Данііл даўно вядомы аматарам беларускага хакея. Для хакейнай каманды “Дынама-Маладзечна” хлопчык — добры сябар. Выкананне ім нацыянальнага гімна Беларусі стала традыцыяй падчас дамашніх матчаў гэтай каманды. Выступленне ў “Салюце талентаў” — яшчэ адзін паспяховы крок на яго творчым шляху.Міжнародны праект “Салют талентаў” з 2008 года прыцягвае дзяцей да мастацтва, развівае і падтрымлівае маладыя таленты, дапамагае ўдасканальвацца педагогам. Праект — гэта не толькі фестывалі-конкурсы, але і шырокая асветніцкая і экскурсійная праграма. Ён дае магчымасць творчай моладзі прадэманстраваць свае здольнасці на канцэртных пляцоўках усяго свету. На працягу года ладзіцца мноства мерапрыемстваў, а завяршае кожны фестывальны сезон суперфінал, у якім прымаюць удзел самыя лепшыя канкурсанты, якія праявілі сябе за сезон.
Нядаўна суперфінал міжнароднага праекта “Салют талентаў” прайшоў у Санкт-Пецярбургу. Сваё майстэрства на суд журы прадставілі больш за 600 юных выканаўцаў з Расіі, Казахстана, Беларусі, Фінляндыі. У гала-канцэрце прынялі ўдзел толькі 25 чалавек, сярод іх і наш юны зямляк.
У суперфінале хлопчык выканаў песню “Белая лодка”, і выканаў так, што не пакінуў абыякавым нікога: журы і гледачы былі крануты і ўзрушаны. У выніку Данііл атрымаў гран-пры ІІІ ступені і грашовае ўзнагароджанне. Алег Юр’евіч Малаў, сусветна вядомы піяніст, заслужаны артыст Расіі, прафесар кафедры фартэпіяна Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава, які быў членам журы на суперфінале, так сказаў пра юнага выканаўцу: “Хлопчык з Беларусі Данііл Савеня так любіць музыку, так аддаецца ёй! Нейкіх рэчаў у майстэрстве, можа, яму не хапае, але яго аддача і любоў да справы падкупляюць”.
Данііл родам са Слуцка, а вучыцца ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку. Спяваў ён, здаецца, заў-сёды. У 1 класе на яго звярнула ўвагу Таццяна Мікалаеўна Стукалава, музычны кіраўнік вакальна-эстраднай студыі “Радасць”, якая дзейнічае ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2. Аказалася, што ў хлопчыка бездакорны музычны слых і цудоўныя вакальныя здольнасці. І цяпер Данік з задавальненнем старанна займаецца ў студыі. Ён не ўяўляе свайго жыцця без музыкі і спеваў, стараецца сваё майстэрства развіваць, яму падабаецца выходзіць на сцэну і ўдзельнічаць у конкурсах. Конкурсаў у яго жыцці было ўжо нямала. Напрыклад, незадоўга да “Салюту талентаў” ён браў удзел у конкурсе ў Маскве. У верасні на летняй эстрадзе парку “Сакольнікі” адбыўся гала-канцэрт пераможцаў V Маскоўскага інтэграцыйнага фестывалю-конкурсу творчай моладзі “Зорная карусель”. Гэта сацыякультурны праект, мэта якога — інтэграцыя і адаптацыя моладзі з абмежаванымі магчымасцямі, выхаванне ў іх актыўнай жыццёвай і творчай пазіцыі. І на гэтым мерапрыемстве спевы хлопчыка спадабаліся журы і гледачам. Данік быў узнагароджаны “Зоркай пераможца” і каштоўным падарункам.
Данііл Савеня — маленькі хлопчык. Ён з нараджэння невідушчы, але, нягледзячы на гэтую акалічнасць, знайшоў сваю справу, сваю мару і ідзе да яе. Ён прымушае кожнага задумацца аб сваім жыцці і сапраўдных чалавечых каштоўнасцях і пацвярджае сваім прыкладам, што творчасць, як і чалавечыя здольнасці, не мае межаў.

Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва сям’і Савеня.