Сам-насам з шэдэўрам

- 16:16Культура, Рознае
У Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў задумалі і ажыццявілі неардынарны мастацкі праект “Я малюю шэдэўр. Вучымся ў Вялікіх”.

Усё геніяльнае, як вядома, простае. Навучэнцам 2—8-х класаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў было прапанавана перамаляваць, скапіраваць, узнавіць па-свойму — як хочаце, гэта назавіце — творы іх любімых мастакоў. Атрымалася, трэба заўважыць, вельмі цікавая агульная “карцінка”. Натуральна, любімымі аказаліся геніяльныя мастакі мінулага. Вядомыя творы Леанарда, Ван Гога, Шагала, Сезана, Маціса, Манэ, Мадзільяні, Урубеля, Пятрова-Водкіна, Клімта, Куінджы і многіх іншых вялікіх майстроў, у тым ліку і нашага Віталя Цвірко, заўсміхаліся дзіцячымі фарбамі, напоўніліся светлымі фантазіямі і адчуваннямі і па вялікім рахунку, набылі новае жыццё, пераўвасобіліся ў шэдэўры менавіта дзіцячай творчасці. І калі больш дарослыя дзеці, сапраўды, імкнуліся да дакладнасці, то другакласнікі і трэцякласнікі проста сказалі ў сваіх копіях Вялікім: “Вы так? А мы так!” Мастацкая рэфлексія ўдалася на ўсе сто. Шагал са сваімі анёлкамі адпачывае…
18 лютага павітаць юных “Ван Гогаў” і “Сезанаў” на адкрыцці выставы “Я малюю шэдэўр” у Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў прыйшлі нават старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца і кіраўнік творчай суполкі БСМ “Верасень” мастак і мастацтвазнаўца Ніна Марчанка. І адзін, і другая па-свойму выказвалі сваё захапленне ад убачанага. У прыватнасці, Рыгора Сітніцу пацягнула на развагі пра тое, што мастацтва ў пэўным сэнсе з’яўляецца проста цікавай формай пражывання жыцця. Жыццё, то бок адведзены Богам чалавеку кавалак часу, можна змарнаваць, а можна пражыць цікава, змястоўна і прыгожа, як гэта зрабілі тыя вялікія майстры, творы якіх малявалі дзеці — удзельнікі праекта “Я малюю шэдэўр. Вучымся ў Вялікіх”. “А тое, што ўжо ў 2 ці 3 класе дзеткі спрабуюць разгадаць мастацкія загадкі геніяў, гэта наогул цуд! — не стрымліваў эмоцый Рыгор Сямёнавіч. — Вы нават самі яшчэ не здагадваецеся, наколькі вы сябе ўзбагацілі. Зразумееце гэта потым! І калі зусім сур’ёзна гаварыць, то з так званага капіравання, пераймання твораў вялікіх геніяў і пачынаецца любая творчасць. Кожны літаратар, кампазітар, мастак пачынае з гэтага. А пасля ўжо, калі ён таленавіты, пераходзіць ад пераймання да выяўлення ўласнага “я”, знаходзіць у мастацтве свой шлях. Калі ж не таленавіты, то на ўзроўні пераймання застаецца на ўсё жыццё”.
Тым часам аўтар праекта “Я малюю шэдэўр. Вучымся ў Вялікіх” — намеснік дырэктара МДГКМ, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, сябра Беларускага саюза мастакоў Яўген Саковіч — запэўніў нашага карэспандэнта, што праект насамрэч прынёс дзецям вялікую карысць. Для многіх навучэнцаў ён стаў добрым штуршком да творчага самаўдасканалення. Напрыклад, заўважна паднялася ў сваіх уменнях дванаццацігадовая Юля Давыдава, натхнёная “Царэўнай-лебедзем” Урубеля, выдатнай каларыстычнай школай стала капіраванне карціны Віталя Цвіркі для сямікласніцы Дашы Паўлючэнка, якая не раз падыходзіла да Яўгена Мікалаевіча і “жалілася” яму на нашага выдатнага мастака: “Божачкі! Ды ў яго ж нават у снезе тысяча адценняў! Як іх мне перадаць?!”
Дарэчы, сам Яўген Саковіч у дзяцінстве (яно ў яго прайшло ў маленькай палескай вёсачцы) таксама некалі маляваў “алеем на цыраце” Левітана, Шышкіна і Куінджы, а таму добра ведае радасць ад такога занятку. “Шкада, што нават з нашай установы мастацкага профілю знік такі прадмет, як “Гісторыя мастацтва”, — заўважыў Яўген Мікалаевіч. — Што ж атрымліваецца! Рукі працуюць, а ў галаве — нічога… Пра беларускіх мастакоў дзеці наогул нічога не ведаюць. Таму наступны праект “Я малюю шэдэўр. Вучымся ў Вялікіх” мы, хутчэй за ўсё, цалкам прысвяцім нашым творцам”.
А пакуль Яўгена Саковіча і яго калег з гімназіі-каледжа і Беларускага саюза мастакоў больш за ўсё займаюць думкі пра тое, каб пусціць выставу “Я малюю шэдэўр” у шчаслівае плаванне. Маленькая зала Палаца мастацтваў, шпіталь для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, дзіцячая бальніца хуткай дапамогі — вось тыя найбольш верагодныя месцы, дзе можна будзе ўбачыць творы юных беларускіх “Ван Гогаў” і “Сезанаў” у хуткім часе.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.