Самакантроль за забеспячэннем якасці адукацыі — адна з найважнейшых кіраўніцкіх функцый. Што неабходна ведаць і ўмець дырэктару ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, каб самакантроль стаў эфектыўным спосабам работы па арганізацыі дзейнасці педагогаў па дасягненні запланаваных канчатковых вынікаў?
Як адзначана ў артыкуле 125 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, самакантроль за забеспячэннем якасці адукацыі — комплексны аналіз адукацыйнай дзейнасці, які ўключае самаправерку, самаацэнку адукацыйнай дзейнасці, што ажыццяўляецца ўстановай адукацыі. Парадак і перыядычнасць правядзення самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі вызначаюцца кіраўніком установы адукацыі.
Неабходна заўважыць, што ў цяперашні час самакантроль — працэдура, якая ажыццяўляецца для ўнутранай ацэнкі якасці адукацыі па праграме, зацверджанай самой установай агульнай сярэдняй адукацыі, і як неабходны этап правядзення (пацвярджэння) дзяржаўнай акрэдытацыі, што ажыццяўляецца ў парадку, распрацаваным Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя гэтага, тэрмін “самакантроль” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваецца ў дачыненні да педагога, эфектыўнасць дзейнасці якога не выклікае сумненняў. Як правіла, настаўнік, які працуе на ўмовах самакантролю, — добрасумленны спецыяліст, які валодае зместам вучэбнага прадмета і методыкай яго выкладання, творча выкарыстоўвае перадавы педагагічны вопыт, умее аналізаваць уласную дзейнасць і мае ўстойлівы канчатковы вынік у рабоце.
З мэтай устанаўлення правілаў узаемаадносін бакоў, які правярае і які правяраецца, мэтазгодна распрацаваць палажэнне аб самакантролі за забеспячэннем якасці адукацыі ва ўстанове і зацвердзіць яго як лакальны нарматыўны дакумент. У палажэнні можна адзначыць, якія дакументы ляглі ў аснову яго распрацоўкі, якія мэты, задачы, функцыі самакантролю; парадак зацвярджэння гэтага лакальнага дакумента і ўнясення ў яго змяненняў; апісаць прынцыпы, метады і прыёмы, якія выкарыстоўваюцца падчас правядзення самакантролю, падставы для яго правядзення. Значнае месца ў дакуменце можа быць адведзена алгарытму арганізацыі самакантролю, дзе дакладна і ясна будуць прапісаны віды і формы, правілы правядзення і спосабы афармлення вынікаў самакантролю. Наяўнасць палажэння дазволіць педагогам быць гатовымі да працэдуры самакантролю змястоўна і псіхалагічна.
Важна ўяўляць структуру самакантролю. Для гэтага неабходна вызначыць напрамкі (раздзелы), якія ўваходзяць у яго, і змест кожнага напрамку (часткі) кантролю. Часцей за ўсё яны адпавядаюць асноўным раздзелам гадавога плана работы ўстановы адукацыі:
* арганізацыйна-педагагічныя мерапрыемствы, звязаныя з адукацыйным працэсам;
* ажыццяўленне адукацыйнага працэсу;
* выхаваўчая і ідэалагічная работа;
* работа з педагагічнымі кадрамі;
* псіхолага-педагагічнае і медыка-сацыяльнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу;
* работа з сям’ёй і соцыумам;
* фінансава-гаспадарчая дзейнасць установы і інш.
Эфектыўны самакантроль не прадугледжвае татальныя праверкі па ўсіх напрамках дзейнасці ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Працэдура самакантролю цыклічная. У цыкле павінен быць вызначаны мінімум аб’ектаў кантролю. Гэты мінімум — базавы кампанент самакантролю. Ён з’яўляецца той інварыянтнай часткай самакантролю, якая дае магчымасць кіраўніцтву ўстановы рыхтаваць да акрэдытацыі, захоўваючы цэласнасць адукацыйнага працэсу. Так, улік дзяцей мікрараёна, ахова правоў і жыцця навучэнцаў, арганізацыя работы вучэбных кабінетаў, бібліятэкі, рэалізацыя вучэбнага плана, якасць выкладання вучэбных прадметаў, арганізацыя факультатыўных заняткаў, забеспячэнне пераемнасці паміж ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі; комплекснае рашэнне задач вучэбнай і выхаваўчай работы, інтэлектуальна-асобаснае развіццё навучэнцаў, атэстацыя педагагічных кадраў, вывучэнне, абагульненне эфектыўнага педагагічнага вопыту, прапаганда яго ідэй; самаадукацыя педагогаў, работа па ўмацаванні і захаванні здароўя ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця, навыкаў сацыялізацыі, арганізацыя работы ў перыяд канікул, узаемадзеянне з прадпрыемствамі-шэфамі, грамадскімі арганізацыямі, ажыццяўленне рамонтных работ, пазабюджэтная дзейнасць — складнікі базавага кампанента самакантролю, якія найбольш часта сустракаюцца.
У той жа час установа адукацыі мае магчымасць прытрымлівацца праграмных дакументаў, якія забяспечваюць развіццё, мадэрнізацыю ўласнай сістэмы. Для гэтага можна пашырыць план самакантролю за кошт варыятыўнай часткі. Гэта можа быць кантроль за спецыяльна арганізаваным метадычным суправаджэннем адукацыйнага працэсу, за вынікамі ўзаемадзеяння з установамі дашкольнай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, укараненнем сучасных тэхналогій навучання і выхавання, працэсам рэалізацыі адукацыйнага праекта і многае іншае.
Такім чынам, базавы кампанент самакантролю (інварыянтная частка) забяспечыць выкананне дзяржаўных стандартаў адукацыі, а варыятыўны кампанент дазволіць арганізаваць сучаснае кіраванне, якое будзе залежаць ад канцэпцыі, выбранай установай (часцей за ўсё адлюстроўваецца ў мэце і задачах плана яе работы на год).
Правядзенне самакантролю ва ўстанове адукацыі можа мець наступную паслядоўнасць:
— пастаноўка мэты;
— вызначэнне аб’екта і суб’екта вывучэння;
— планаванне ходу вывучэння пытання;
— выданне неабходных загадаў (распараджэнняў) па ўстанове;
— арганізацыя самакантролю (збор і апрацоўка інфармацыі);
— падвядзенне вынікаў, выпрацоўка рэкамендацый, прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў.
Для забеспячэння якасці кантрольнай дзейнасці важнай рэсурснай умовай з’яўляецца высокая прафесійная ступень гатоўнасці таго, хто ажыццяўляе кантроль.
Вельмі добра, калі спецыяліст адукацыі, які ажыццяўляе вывучэнне пытання ў рамках самакантролю, — прыстойны, стрыманы, ураўнаважаны, добразычлівы, схільны да эмпатыі, дасціпны, разумна патрабавальны, справядлівы, прыемны ў зносінах чалавек, які валодае методыкай правядзення сучаснага ўрока, здольны выпрацоўваць канкрэтныя рашэнні, выяўляць магчымыя станоўчыя тэндэнцыі ў ледзь прыметных праявах дзейнасці, умее разумець і слухаць, бачыць і знаходзіць вартасці ў рабоце іншага чалавека.
План самакантролю не павінен існаваць асобна ад гадавога плана работы ўстановы. Аднак калі форма гадавога плана не дазваляе размясціць яго для ўсеагульнага агляду, то ў пачатку кожнага месяца на спецыяльным стэндзе ў настаўніцкай і (або) метадычным кабінеце рэкамендуецца прадстаўляць выпiску з гэтага плана. У такім выпадку кожны педагог зможа азнаёміцца з пытаннямі, якія будуць уважліва вывучацца.
У артыкуле 157 Кодэкса аб адукацыі “Кіраванне ўстановай агульнай сярэдняй адукацыі” гаворыцца: “Непасрэднае кіраўніцтва ўстановай агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляе яго кіраўнік (дырэктар, начальнік); асноўным органам самакіравання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца савет, які ўзначальваецца яго кіраўніком; ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі ствараецца педагагічны савет і могуць стварацца папячыцельскі савет, бацькоўскі камітэт”.
Але традыцыйна ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі разгляд вялікай колькасці пытанняў, якія вывучаюцца ў рамках самакантролю, выносіцца на нарады пры дырэктары (намесніках дырэктара). У наменклатуру спраў у раздзел “Арганізацыя сістэмы кіравання” дырэктара традыцыйна ўносяць “пратаколы нарад у дырэктара (намеснікаў дырэктара) і дакументы да іх”.
Узнікае пытанне: што такое “нарада пры дырэктары”, “у дырэктара (намеснікаў дырэктара)”? Кім, у якой форме вядуцца пратаколы гэтых нарад, калі, згодна з артыкулам 157 Кодэкса аб адукацыі, нарады не могуць быць яшчэ адным органам калегіяльнага самакіравання?
Нарада пры дырэктары (намесніку дырэктара) можа быць адной з форм падрыхтоўкі кіраўніцкіх рашэнняў, заснаванай на прынцыпе адзінаначалля. У гэтым выпадку вызначэнне формы пратакола, назначэнне сакратара нарады (пры неабходнасці) ажыццяўляецца дырэктарам установы адукацыі. У любым выпадку вынікам нарады будзе, хутчэй за ўсё, пералік даручэнняў кіраўніка.
У некаторых установах агульнай сярэдняй адукацыі ў гадавым плане раздзел “Самакантроль” вельмі аб’ёмны. Сюды ўключаюцца пытанні для вывучэння як варыятыўнай часткі самакантролю, так і інварыянтнай. Разгрузіць яго можна, калі той мінімум аб’ектаў самакантролю, які складае інварыянтную частку, у большай меры планаваць для разгляду на нарадах пры дырэктары або намесніках дырэктара, на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў (адпаведна ранжыраванню пытанняў па важнасці, замацаванню адказнасці). А так званы варыятыўны кампанент кантролю, які дазваляе забяспечыць кіраванне па дасягненні канчатковага выніку, вызначанага ўстановай на перспектыву, лепш размясціць у раздзеле “Самакантроль”, дзе адзначаюцца канкрэтныя тэрміны працэдуры. Разгляд вынікаў вывучэння гэтых пытанняў выносіцца на педагагічныя саветы, якія ў сваю чаргу вызначаюць ступень рашэння задач установы на бягучы навучальны год. Мэтазгодна ў гэтым раздзеле пакінуць і найбольш важныя пытанні самакантролю з інварыянтнай часткі, якія адлюстроўваюць ключавыя моманты руху наперад установы агульнай сярэдняй адукацыі да дасягнення мэты.
У якім выглядзе прадстаўляецца матэрыял па выніках вывучэння пытання?
Гэта можа быць інфармацыя ў выглядзе табліц, дыяграм, даклада, справаздачы аб стане спраў па пытанні, якое вывучаецца, або ў форме дакладной запіскі. Важна: стыль выкладу павінен быць выразным і лаканічным. Для зручнасці апрацоўкі ва ўстанове могуць быць распрацаваны ўласныя алгарытмы, формы, карты, клішэ для збору і прадастаўлення інфармацыі.
Правільнае кіраўніцкае рашэнне можна прыняць толькі на аснове дакладных даных. Таму адна з умоў паспяховасці самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі ў школах звязана з фіксацыяй, захоўваннем і перапрацоўкай атрыманай інфармацыі. Аднак гэтая ўмова для забеспячэння эфектыўнага рэгулявання адукацыйнага працэсу хоць і важная, але не галоўная.
Асаблівасць функцыі самакантролю заключаецца ў яго “паслядзеянні” на асобу настаўніка. Калі гэта малады педагог, то вынік самакантролю павінен адбіцца на яго прафесійным станаўленні, калі вопытны творчы настаўнік — на развіцці прафесійнай кампетэнтнасці і ўмацаванні аўтарытэту.
Спадзяёмся, што прапанаваныя рэкамендацыі дапамогуць кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і іх намеснікам у арганізацыі самакантролю.
Аўтары артыкула шчыра дзякуюць дырэктару Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Мацвеевічу Здановічу за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.
Ірына ФІГАРА,
Ніна КРАЎЦОВА,
метадысты вучэбна-метадычнага аддзела кіруючых кадраў
Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.