Самаадукацыя павінна быць бесперапыннай

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Навукова-метадычнае суправаджэнне павышэння кваліфікацыі педагогаў: вопыт, праблемы, перспектывы” прайшла днямі ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Мэтай мерапрыемства было выяўленне эфектыўнага педагагічнага вопыту і распрацоўка падыходаў да сістэмнага навукова-метадычнага суправаджэння росту прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў і спецыялістаў адукацыі.

У канферэнцыі прынялі ўдзел 112 педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі і дадатковай адукацыі дарослых з Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля, Мазыра, Мінска, метадысты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, педагагічныя работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці.
З прывітальным словам да іх звярнуўся начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў. Ён адзначыў, што ўстойлівае развіццё беларускага грамадства мае патрэбу ў адукаванай, творчай, крэатыўнай асобе, здольнай да самарэалізацыі. Менавіта ў адукацыйнай прасторы закладваецца падмурак палітычнага, эканамічнага і тэхналагічнага развіцця, і ў гэтым працэсе ўзрастае сацыяльная адказнасць педагогаў за маральна-духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі, падрыхтоўку навучэнцаў да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, да працягу адукацыі і далейшай прафесійнай сацыялізацыі.
Рэктар МДАІРА Ірына Старавойтава раскрыла стратэгічныя пытанні навукова-метадычнага суправаджэння павышэння кваліфікацыі педагогаў у абласной адукацыйнай сістэме, задачы інстытута па арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі і профільным навучанні на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, механізмы комплекснай падтрымкі інавацыйных адукацыйных практык.
У пленарным і секцыйных пасяджэннях канферэнцыі была звернута ўвага на выяўленне і абагульненне эфектыўнага педагагічнага вопыту па арганізацыі адукацыйнай, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, на развіццё сацыяльнага партнёрства і цьютарскага суправаджэння ў сістэме работы адукацыйных устаноў, на ўкараненне ў адукацыйны працэс інстытутаў развіцця адукацыі і ўстаноў адукацыі сучасных педагагічных і інфармацыйных тэхналогій.
Удзельнікі канферэнцыі прызналі эфектыўнай сістэму бесперапыннай прафесійнай адукацыі і вядучую ролю інстытутаў развіцця адукацыі ў гэтым працэсе, адзначылі актуальнасць прымянення эфектыўных методык і адукацыйных тэхналогій пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу, акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці распрацоўкі метадычных матэрыялаў па дапрофільнай падрыхтоўцы на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі і профільным навучанні на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Падчас дыскусіі, прысвечанай перспектывам развіцця сістэмы навукова-метадычнага суправаджэння павышэння кваліфікацыі педагогаў, удзельнікі канферэнцыі прапанавалі ініцыіраваць узаемадзеянне ІРА па выпрацоўцы агульных падыходаў да вызначэння зместу і якасці дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў і распаўсюджванні эфектыўнага вопыту ва ўмовах пераходу на павышэнне кваліфікацыі з інтэрвалам тры гады і скарачэннем працягласці да аднаго тыдня. Педагогі звярнулі ўвагу на эфектыўнасць такіх форм бесперапыннага прафесійнага ўдасканалення, як удзел у сеткавых прафесійных таварыствах, вучэбных семінарах, круглых сталах, конкурсным руху.
Цікавай і своечасовай была прапанова аб стварэнні партнёрскай сеткі ўстаноў адукацыі Магілёўскай вобласці, якія завяршылі рэалізацыю інавацыйных праектаў. Гэта неабходна, каб распаўсюджваць канструктыўныя і перспектыўныя ідэі па павышэнні якасці адукацыі і актывізацыі работы па стварэнні ўмоў для трансляцыі вопыту, назапашанага педагогамі вобласці падчас дзейнасці інавацыйных пляцовак, і інш.
Пры падвядзенні вынікаў работы былі выказаны і больш канкрэтныя адрасныя пажаданні аб распрацоўцы вучэбных планаў павышэння кваліфікацыі педагогаў, якія будуць здзяйсняць дапрофільную падрыхтоўку і профільнае навучанне, аб арганізацыі павышэння кваліфікацыі педагогаў, якія вядуць эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць, з правядзеннем заняткаў у актыўных і інтэрактыўных формах, майстар-класаў з запрашэннем навуковых кіраўнікоў інавацыйных праектаў, вядомых навукоўцаў, аб правядзенні вучэбных семінараў. Па выніках канферэнцыі будзе апублікаваны зборнік навуковых артыкулаў.

Алена ГІРЫНА,
метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін МДАІРА.