Самаадукацыя праз індывідуальныя лісты навучання

У наш час паток навуковай і іншай інфармацыі расце як снежны камяк. Усе спробы ўзброіць чалавека поўнай інфармацыяй загадзя асуджаны на правал. Агульнавядома, што галоўнае ў паўнавартаснай творчай асобе заключаецца не ў аб’ёме атрыманай ёю інфармацыі, а ў наяўнасці ў чалавека здольнасці да перапрацоўкі ведаў, заснаванай на аналітычных адносінах да інфармацыі і крытычнай яе ацэнцы. Сапраўднае засваенне ведаў не зводзіцца да простага запамінання інфармацыі, а мае на ўвазе яе эфектыўнае выкарыстанне. Гэта магчыма толькі пры ўмове самастойнай работы па перапрацоўцы інфармацыі.

Самаадукацыя — не анархія. Вучань не можа сам складаць план навучання, бо не валодае адпаведнымі ведамі, дастатковым вопытам і неабходным кругаглядам. Ён ажыццяўляе самаадукацыю пад кіраўніцт­вам настаўніка. Задача настаўніка — арганізаваць творчае саманавучанне дзяцей, а задача вучня — задзейні­чаць сваю волю і здольнасці для паспяховага ­саманавучання. Прымяніць элементы самаадукацыі ў школе дапаможа методыка індывідуальна-групавога навучання (ІГН). На працягу двух гадоў творчая група настаўнікаў пачатковых класаў ­апрабоўвала гэтую методыку на ўроках па розных прадметах. Ідэю арганізацыі самаадукацыі з прымяненнем індыві­дуальных лістоў навучання падхапілі настаўнікі І.М.Мікалаевец (геаграфія), Т.А.Эйсмант (гісторыя), А.А.Аге­ева (хімія) на 2 і 3 ступенях навучання.

Сутнасць індывідуальна-групавога метаду заключаецца ў тым, што вучні да вывучэння тэмы атрымліваюць (магчымы папяровы або электронны варыянт) індыві­дуальныя лісты навучання (ІЛН), у якіх надрукаваны пытанні па тэме (параграфа падручніка) і пакінуты месцы для адказаў. Школьнікі дома самастойна засвойваюць матэрыял параграфа, запаўняюць ІЛН і такім чынам становяцца актыўнымі вучнямі. Пачынаць працу з ІЛН настаўнікі вырашылі з групай высокаматываваных вучняў — яны лепш пра­цуюць ­індывідуальна, таму што сярод іх часта сустракаюцца дзеці з высокай самаацэнкай і гэта дапамагае ім рэалізоўваць сябе. Акрамя таго, у ІЛН ёсць заданні як факталагічнага, так і творчага плана, якія пад сілу толькі вучням з высокай матывацыяй.

Вельмі каштоўным вынікам такой працы будзе, калі ўсе вучні класа пачнуць прымяняць ІЛН. Прывядзём прыклады індывідуальных лістоў па некаторых прадметах.

Гісторыя сярэдніх вякоў (6 клас)

Тэма: “Чэхія і Польшча ў X—XV стст.”

  1. Назавіце дзяржаву, у склад якой уваходзіла Чэшскае каралеўства.
  2. Хто такі Карл IV? Як змянілася становішча Чэхіі ў пе­рыяд яго кіравання?
  3. Чаму ў познім сярэдневякоўі гаварылі, што “чэх жыве ў сваёй краіне, як выгнаннік”?
  4. Колькі гадоў доўжыліся гусіцкія войны? Хто атрымаў перамогу?
  5. Назавіце асноўныя саслоўі феадальнага грамадства ў заходніх славян.
  6. Назавіце дзве прывілеі, якімі валодала польская шляхта?
  7. Растлумачце выраз: “Казімір III атрымаў Польшчу драўлянай, а пакінуў яе мураванай”.
  8. Якія адносіны склаліся ў Польшчы з Тэўтонскім ордэнам?
  9. Калі была заключана Крэўская унія? З якой мэтай?
  10. Якое значэнне мела Грунвальдская бітва для ВКЛ і Польшчы?

Геаграфія (10 клас)

Тэма: “Паверхневыя і падземныя воды. Каналы”

  1. Да басейнаў якіх мораў адносіцца гідраграфічная сетка Беларусі? Дзе праходзіць мяжа водападзела?
  2. Якія штучныя гідраграфічныя аб’екты ўваходзяць у паняцце “рачная сетка”? Калі яны былі пабудаваны?
  3. Запоўніце табліцу:
Колькасць рэк,
іх даўжыня
Сілкаванне рэк Рачныя басейны
ў межах Беларусі
Густата рачной сеткі Беларусі Характар
цячэння рэк
Суднаходныя
каналы
Тры самыя доўгія ракі
краіны
Гідраграфічны рэжым рэк
(разводдзе,
паводка, ледастаў)
Значэнне
Вілейска-Мінскай воднай сістэмы
  1. Гідраграфічныя рэкорды Беларусі:

а) самая доўгая рака — …;

б) самая хуткая рака — …;

в) рака з самым высокім узроўнем пад’ёму вады — …;

г) самы доўгі канал — ….

  1. Знайдзіце адпаведнасць (напрыклад, А-1-в):
Старажытны
горад
Рака, на якой стаіць горад Рачны басейн
А. Мсціслаў 1. Палата а) басейн Дняпра
Б. Заслаўе 2. Віхра б) басейн Нёмана
В. Полацк 3. Прыпяць в) басейн
Заходняй Дзвіны
Г. Тураў 4.Свіслач г) басейн Прыпяці

Хімія (9 клас)

Тэма: “Вуглярод і крэмній — элементы IV А-групы”

  1. Што агульнага ў атамаў вугляроду і крэмнію і чым яны адрозніваюцца?
  2. Якой колькасці электронаў не хапае да завяршэння вонкавага пласта вугляроду і крэмнію?
  3. З якімі злучэннямі хімічных элементаў вуглярод і крэмній могуць праяўляць акісляльныя ўласцівасці і мець адмоўную ступень акіслення?
  4. Назавіце 4 алатропныя мадыфікацыі вугляроду.
  5. Як даказаць, што розныя мадыфікацыі вугляроду ўяўляюць сабой відазмяненні аднаго і таго ж элемента?
  6. Якому алатропнаму відазмяненню вугляроду аналагічная крышталічная рашотка крэмнію?
  7. Назавіце сферы прымянення вугляроду і крэмнію?
  8. Што такое карбарунд?
  9. Які вучоны даказаў, што алмаз з’яўляецца алатропным відазмяненнем вугляроду? Якім чынам ён гэта ажыццявіў?
  10. Як называецца самы буйны алмаз у свеце? Дзе і калі ён быў знойдзены?

Заданні ў індывідуальных лістах навучання павінны быць накіраваны на развіццё самастойнасці ў меркаваннях і нават элементаў творчага падыходу; змяшчаць пытанні, якія прадугледжваюць тлумачэнне сэнсу некаторых слоў або выразаў, вызначэнне прычынна-выніковых сувязей; на развіццё разумовых аперацый, якія ляжаць у аснове ўтварэння паняццяў (аналіз, сінтэз, абагульненне, параўнанне, канкрэтызацыя, абстрагаванне).

Рэкамендацыі па прымяненні
індывідуальных лістоў навучання:

  • падрыхтоўка настаўніка да ўрока пачынаецца са складання пытанняў у ІЛН і раздрукоўкі для кожнага вучня або адпраўлення па электроннай пошце за ўрок да вывучэння тэмы;
  • у індывідуальныя лісты навучання рэкамендуецца ўклю­чаць ад 5 да 10 заданняў (у адпаведнасці з узроўнем складанасці);
  • для пісьмовых адказаў неабходна пакідаць крыху месца, адказы павінны быць кароткімі;
  • настаўнік павінен да ўрока паглядзець ІЛН ва ўсіх вучняў, каб ведаць ступень складанасці для  кожнага, па гэтай прычыне заданні павінны быць сфармуляваны такім чынам, каб настаўніку для праверкі дастаткова было аднаго погляду на ІЛН;
  • наступны ўрок павінен пачынацца з разбору заданняў ІЛН — такім чынам адбываецца нібы паўторнае тлумачэнне матэрыялу, пры гэтым вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі працэсу, а не пасіўнымі слухачамі;
  • далей арганізоўваецца творчая праца ў групах па тэме ўрока, заданні для груп падбіраюцца розныя: крыжаванкі, рэбусы, дапаўненне сказаў, замалёўкі, праца з картай, складанне табліц, загадак, апавядання па плане, сінквейнаў, “тонкіх” і “тоўстых” пытанняў да тэксту, тэлеграм, і г.д.;
  • лепш пачаць працу з ІЛН па адным прадмеце (на выбар настаўнікаў у паралелі), а потым дадаць яшчэ адзін прадмет; магчыма чаргаванне ІЛН па розных прадметах;
  • вучнi здаюць ІЛН настаўніку на праверку толькі ў канцы ўрока, таму што маглі дома нешта няправільна зразумець — падчас урока гэта выявіцца; часам на ўроку некаторыя дзеці нешта закрэсліваюць у ІЛН і запісваюць іншы адказ або дапаўняюць свой (пажадана гэта рабіць стрыжнем іншага колеру ці алоўкам, каб настаўнік бачыў, што вучаць дадаў або выправіў);
  • ацэньваць ІЛН можна тады, калі ў працы вучань праявіў творчасць; калі рабіць ІЛН у адпаведнасці з узроўнем складанасці, то і ацэньваць можна па крытэрыях ацэньвання самастойнай працы; адзнакі неабходна выстаўляць па жаданні вучня;
  • калі на падрыхтоўку да новай тэмы даецца індывідуальны ліст навучання, то іншае дамашняе заданне па дадзеным прадмеце задаваць не рэкамендуецца, каб пазбегнуць пера­грузкі вучняў.

Перавагі індывідуальных лістоў навучання:

  • поўнае прачытванне тэксту вучнем (павольнае чытанне);
  • прадумванне адказу і фармулёўкі адказу для запісу;
  • абавязковасць адказу на ўсе пытанні кожным дзіцем — у адрозненне ад вуснага апытання, калі вучань можа не быць апытаным, таму часта не засяроджвае ўвагу, не думае;
  • магчымасць задаваць пытанні, над якімі дзіця можа думаць даўжэй за 5 секунд (звычайна настаўнік чакае адказу на сваё пытанне каля 5 секунд);
  • магчымасць даваць дадатковыя веды.

Методыка індывідуальна-групавога навучання патрабуе прадуманай да дробязей працы настаўніка, але дае свой эфектыўны вынік: у вучняў развіваецца пачуццё самастойнасці, яны могуць фарміраваць ацэнку ўласных ведаў, выпрацоўваецца ўменне карэктна адстойваць сваё меркаванне. Гэты метад развівае ў вучняў цікавасць да навучання, робіць атрыманне ведаў актыўным, дапамагае засвойваць інфармацыю без механічнага завучвання. Вопыт прымянення ІЛН вельмі каштоўны падчас падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд рознага ўзроўню. Пры індывідуальна-групавым метадзе навучання значна мяняецца роля настаўніка. Замест апавядальніка ён ператвараецца ў педагога і памочніка вучня, дапамагае яму адбіраць патрэбную інфармацыю, актыўна засвойваць яе і перапрацоўваць. У выніку вучань ператвараецца з аб’екта адукацыі ў яго суб’ект. Методыка індывідуальна-групавога навучання дае магчымасць настаўніку наладжваць зваротную сувязь з кожным дзіцем і, калі неабходна, аказваць своечасовую дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.

Наталля ЛЕБЯДЗЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Гродна.