Самае галоўнае — гэта стабільнасць

- 14:54Інфармацыйная гадзіна

Беларусь з Босніяй і Герцагавінай могуць дасягнуць значна большага ў развіцці адносін. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларадам Додзікам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што рады вітаць у Мінску Міларада Додзіка, з якім сустракаўся 19 гадоў назад. “Вельмі шкада, што мы сустракаемся рэдка, але добра, што нарэшце сустрэліся і якраз у патрэбны момант”, — заўважыў прэзідэнт.

“Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём вашай краіны. Вы ведаеце маё меркаванне аб былой Югаславіі, аб той сітуацыі, якая складвалася ў яе былых рэспубліках. У нас былі нядрэнныя адносіны з Югаславіяй. У нас нядрэнныя адносіны складваюцца з Сербіяй. У нас ёсць адносіны з Босніяй і Герцагавінай, але гэтага недастаткова. Мы можам значна больш. І ў сувязі з гэтым ваш візіт вельмі важны”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Прэзідэнт лічыць, што спорт — гэта добрая нагода для сустрэчы. Ён звярнуў увагу на паспяховае развіццё спорту на пост’югаслаўскай прасторы. “Мы вучымся ў вас па розных відах спорту. Многія спартсмены выступаюць у нас у Беларусі, трэнеры прыязджаюць перадаваць свой вопыт. І спорт заўсёды быў прадвеснікам міру і добрай нагодай, каб вам пабываць у Беларусі”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Міларад Додзік адзначыў, што цэніць намаганні беларускага лідара зрабіць краіну стабільнай і квітнеючай.

Старшыня Прэзідыума Босніі і Герцагавіны падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту ў Мінск. Паводле яго слоў, сталіца Бе­ларусі — прыгожы і чысты горад. Асаблівую ўвагу Міларад Додзік звярнуў на ўпэўненае развіццё краіны.

Ён таксама пажадаў беларускай камандзе поспехаў на маючых адбыцца спартыўных спаборніцтвах.

На сустрэчы з журналістамі Старшыня Прэзідыума Босніі і Герцагавіны расказаў, што на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам размова ішла аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, аб кантактах у сферах новых тэхналогій і трактарабудаўніцтва. У цэнтры ўвагі былі і палітычныя пытанні. “Узаемным было меркаванне, што самае галоўнае — гэта стабільнасць”, — падкрэсліў Міларад Додзік.

Ён падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за запрашэнне наведаць цырымонію адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

Каманда Босніі і Герцагавіны ўдзельнічае ў II Еўрапейскіх гульнях. У яе складзе — 16 спартсменаў і 13 трэнераў. Баснійскія атлеты выступяць у такіх відах спорту, як веславанне на каноэ, бокс, дзюдо, тэніс, кулявая і стэндавая стральба, веласіпедны спорт.