Самае галоўнае ў чалавеку — дабрыня

- 12:13Людзі адукацыі, Рознае

Ці многа сярод нас шчаслівых людзей, хто ў дарослым жыцці выбраў прафесію, пра якую марыў з маленства, калі пачынае фарміравацца ўстойлівая матывацыя да набыцця педагагічнай спецыяльнасці?

У сям’і Ганны Міненка настаўнікаў не было, а яна сваю будучыню заўсёды бачыла толькі ў школе, таму літаральна паставіла родных перад фактам: будзе настаўніцай, прычым менавіта замежнай мовы. Як ні дзіўна, паўплывалі на выбар не аўтарытэтны дарослы ці гераіня кінафільма, на якую хацелася быць падобнай, а… паездкі з татам у звычайным “ікарусе” і таямнічы надпіс Hungary.

— Чаму я ведаю літары, але слова не магу прачытаць? Мне адказвалі: “Напісана на замежнай мове”. Што такое замежная мова? Дзе ёй навучыцца? Хацелася лепшага, і бацькі ў гэтым заўсёды мяне падтрымлівалі. Так і вызначылася паступова. Прамая сцежка мне была ў сярэднюю школу № 9 Віцебска, — з усмешкай успамінае Ганна Сяргееўна. Сумненняў, куды далей паступаць, не было зусім — толькі на профільны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта і толькі на педагагічную спецыяльнасць. — У студэнцкія гады я рэальна ацаніла грунтоўную падрыхтоўку, якую дала мне родная школа, і неаднойчы ўдзячнымі словамі ўспамінала сваіх настаўнікаў. Часцей за ўсіх Наталлю Мікалаеўну Чарнову: закладзеная ёю база ведаў па англійскай мове дазволіла мне з лёгкасцю адаптавацца і паспяхова вучыцца ва ўніверсітэце. Тут, дарэчы, мне таксама пашанцавала з педагогамі. Асабліва ўдзячная лёсу за сустрэчу з Гюльчахрой Шарохаўнай Бачковай — выдатным выкладчыкам, якая працавала з нашай групай з першага па пяты курс. Пасля заканчэння ВДУ імя П.М.Машэрава кола замкнулася, я была рада вярнуцца па размеркаванні ў сваю школу, якая стала гімназіяй № 2. Быў студэнт, а ўжо настаўнік. Здавалася, ты можаш усё. На практыцы ж высветлілася: ёсць пытанні. Маімі першымі вучнямі былі старшакласнікі. Заваяваць давер і прызнанне амаль равеснікаў і разам з тым пазбегнуць фамільярнасці ва ўзаемаадносінах было досыць складана. Але паколькі тыя выпускнікі і да сённяшняга дня са мной кантактуюць, часам па розных пытаннях раяцца, іншы раз самі даюць парады (яны ж ужо дарослыя, паспяховыя людзі), то, напэўна, можна сказаць, што са сваёй задачай я тады справілася.

Цікава назіраць, як штораз вучні Ганны Міненка ўпарта бяруць новыя, больш высокія, вышыні. Гэта тычыцца і агульнай паспяховасці, і цэнтралізаванага тэсціравання, дзе на працягу некалькіх гадоў планка не апускаецца ніжэй за 90 балаў, і алімпіяднага руху, і даследчай дзейнасці. Настаўніца падрыхтавала дваццаць пераможцаў і прызёраў абласнога і чатырох — заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, двух — рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, пераможцу міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. На заключным этапе сёлетняй Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове навучэнцы Ганны Сяргееўны атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў.

— На нас, настаўнікаў гімназіі № 2, ускладзена вялікая адказнасць, таму што наша ўстанова адукацыі — адна з вядучых не толькі ў Віцебску і вобласці, але і ў краіне. Каб падтрымліваць гэты статус, трэба па ўсіх напрамках працаваць на 120 працэнтаў, — лічыць наша гераіня. — Я катэгарычна не згодна, што толькі адораныя дзеці могуць дасягнуць вышынь. Аснова поспехаў маіх вучняў — іх настойлівасць, руплівая праца і планамерная работа настаўніка. А ў кожнага педагога, на маю думку, такой асновай выступаюць дасведчанасць у сваім прадмеце, зацікаўленасць ім і методыка, уменне падаць матэрыял. У адваротным выпадку веды будуць абсалютна бескарыснымі. І ўсё ж самы важны складнік — пазітыўны настрой. Энергетыка, сама прастора ўрока замкнёны на асобе педагога, і на асабістыя перажыванні проста не застаецца часу. Калі гаварыць аб прыярытэтах, то мне хацелася б, каб пасля заканчэння гімназіі мае вучні ведалі па прадмеце амаль столькі ж, колькі і я, каб навучыліся і палюбілі вучыцца, а яшчэ ўсведамлялі: самае галоўнае ў чалавеку — дабрыня. Ты можаш быць з любым узроўнем здольнасцей, інтэлекту, адукацыі, але калі ты адкрыта і па-добраму ставішся да людзей, навакольнага свету, то цябе ёсць за што паважаць. А мы ўсе разам: настаўнікі, навучэнцы, бацькі — імкнёмся да ідэалу.

Педагогам, як і вучням, нельга стая ць на месцы, неабходна развівацца. Ганна Міненка — адна з тых, хто імкнецца выкарыстаць для гэтага ўсе магчымасці. Так, зусім нядаўна яна падала заяўку на конкурс па праекце павышэння педагагічнага майстэрства Teaching Excellence and Achievement Program. У выніку Дзень настаўніка для Ганны Сяргееўны быў азнаменаваны дзвюма прыемнымі падзеямі: атрыманнем ганаровай граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і паведамленнем аб перамозе разам з запрашэннем наведаць ЗША для ўдзелу ў шасцітыднёвай праграме для педагогаў сярэдніх школ з розных краін свету.

— Не веру прагнозам тых экспертаў, якія гавораць аб знікненні ў недалёкай будучыні прафесіі педагога. Упэўнена, што роля настаўніка застанецца вядучай як пры вочнай і завочнай, так і дыстанцыйнай і любых іншых формах навучання, звязаных з ІТ-тэхналогіямі. Настаўнік — прэстыжная і запатрабаваная прафесія, і я без сумненняў рэкамендую сваім вучням пасля заканчэння школы паступаць на педагагічныя спецыяльнасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.