Самае спакойнае лета з пачатку канфлікту

Трохбаковая кантактная група 22 жніўня прыняла заяву аб спыненні агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года. Аб гэтым паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік.

У заяве гаворыцца, што ТКГ пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны пацвярджае сваю поўную прыхільнасць да бестэрміновага спынення агню з 00.01 29 жніўня. “Бакі абавязваюцца зрабіць усе неабходныя крокі для забеспячэння ўстойлівасці рэжыму спынення агню”, — падкрэсліваецца ў ім. Яны таксама абавязваюцца забяспечыць надзейны і бяспечны доступ спецыяльнай маніторынгавай місіі (СММ) АБСЕ па ўсёй тэрыторыі Украіны згодна з яе мандатам.

Спецпрадстаўнік заклікаў бакі выказаць падтрымку гэтаму рашэнню на вышэйшым палітычным узроўні. Марцін Сайдзік таксама адзначыў пасрэдніцкую дзейнасць СММ АБСЕ па забеспячэнні рэжыму цішыні. Ён нагадаў, што дзякуючы яе падтрымцы ў асобныя раёны Данецкай вобласці паспяхова дастаўлена першая партыя запасных частак і тэхнікі для мабільнага аператара Vodafone, вядуцца работы па аднаўленні магістральнага кабелю ў Станіцы Луганскай.

Марцін Сайдзік таксама адзначыў, што ў гэтым годзе самае спакойнае лета з пачатку канфлікту. Ён звярнуў увагу, што са жніўня не было зафіксавана ніводнай ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва. Аднак, паводле даных маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне, цяпер ёсць тры параненыя. У сувязі з гэтым пытанні выканання рэжыму спынення агню і агульная сітуацыя з бяспекай у зоне канфлікту і былі ў цэнтры ўвагі ТКГ і яе адпаведнай рабочай групы.

Гуманітарная рабочая група прадоўжыла разгляд пытанняў, звязаных з абменам людзьмі, што ўтрымліваюцца ў сувязі з канфліктам. Абмяркоўвалася падрыхтоўка да маючай адбыцца паездкі ў зону канфлікту каардынатара групы Тоні Фрыша. Чакаецца, што ён сустрэнецца з людзьмі, што ўтрымліваюцца па абодвух баках лініі сутыкнення, і азнаёміцца з умовамі іх утрымання. Палітычная рабочая група прадоўжыла абмеркаванне з імплементацыі формулы Штайнмаера, амністыі, эканамічная — разглядала тэму забеспячэння функцыянавання аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры.

Наступны раўнд перагавораў па сітуацыі на ўсходзе Украіны ў Мінску запланаваны на 5 верасня.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *