Самае важнае — здароўе чалавека і ўзровень жыцця

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Экалагічны складнік адыгрывае асаблівую ролю ў захаванні здароўя чалавека і ўстойлівым развіцці, заявіла намеснік старшыні Савета Рэспублікі нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыяна Шчоткіна ў час міжнароднай навуковай канферэнцыі “Маніторынг стану навакольнага асяроддзя ў Мэтах устойлівага развіцця. 25 гадоў Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”.

“Калі гаварыць аб Парадку дня — 2030, мы заўсёды абмяркоўваем, што трэба для таго, каб дабіцца ўстойлівага развіцця і дасягнуць 17 мэт. Але самае важнае — здароўе чалавека і ўзровень жыцця. Экалагічны складнік у гэтым адыгрывае асаблівую ролю. У Савеце па ўстойлівым развіцці вылучана спецыяльная група, якая займаецца экалагічнымі пытаннямі. Змяненне клімату, павышэнне ўзроўню ўрбанізацыі, перапрацоўка адходаў, якасць пітной вады — гэтыя пытанні непасрэдна тычацца здароўя чалавека і знаходзяцца ў зоне адказнасці дзяржавы. Таму павінен быць пастаянны маніторынг гэтых працэсаў. У Беларусі ёсць 12 відаў маніторынгу… Гэта мае вялікае значэнне для кожнага з нас”, — сказала Марыяна Шчоткіна.

Яна падкрэсліла, што экалагічная сітуацыя ў краіне знаходзіцца пад пастаянным кантролем. “Але нам трэба абмяркоўваць гэтыя пытанні і выходзіць на новы ўзровень работы па кантролі за экалагічным складнікам. Экалагічныя пытанні маюць планетарны, глабальны характар. Усім дзяржавам трэба весці гэтую работу разам, пастаянна і паступальна, дасведчана, з навуковым падыходам”, — адзначыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі.