Самае загадкавае парушэнне маўлення, або Парадоксы заікання

Настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 424 Мінска выдатнік адукацыі Антаніна Уладзіміраўна Каралёва ў прафесіі больш за 50 гадоў. Увесь гэты час яна працавала з праблемай заікання ў дзяцей, лічачы яе самай загадкавай, парадаксальнай і даволі цяжкай у карэкцыі. Сёння ў Ленінскім раёне сталіцы існуе адзіная спецыяльная група для дзяцей з названым парушэннем маўлення — і ў ёй працуе А.У.Каралёва.                                    

Школа жыцця

“Пасля заканчэння педагагічнага каледжа я паступіла на факультэт дашкольнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка), — успамінае Антаніна Уладзіміраўна. — Працягнула навучанне на факультэце спецыяльнай адукацыі інстытута па спецыяльнасці “Настаўнік-дэфектолаг. Настаўнік дапаможнай школы”. У мяне нарадзіўся сын Арцём. У месячным узросце ён перахварэў вірусным энцэфалітам і ў выніку атрымаў інваліднасць (з прычыны ДЦП). Прагноз урачоў быў несуцяшальны: “Дзіця будзе ляжаць, магчыма, зможа ўтрымліваць галаву”. Мне хацелася дапамагчы сыну. Адказы на свае няпростыя пытанні я шукала ўсюды, дзе магла. Сёння мой Арцём адаптаваны да соцыуму дарослы чалавек. Я з’яўляюся яго апекуном, паколькі ён недзеяздольны, але цалкам абслугоўвае сябе, да таго ж даглядае сваю бабулю. Школа жыцця, якую я прайшла, выхоўваючы Арцёма, дапамагла мне ў прафесійнай дзейнасці”.

Антаніна Уладзіміраўна працавала ў яслях-садзе № 424 з 1982 па 2000 год. Затым на працягу 12 гадоў узначальвала ЦКРНіР Ленінскага раёна і зноў вярнулася ў свой дзіцячы сад у групу для дзяцей з заіканнем. 

“У карэкцыйным цэнтры на пастаяннай аснове займаюцца дзеці з цяжкай інваліднасцю. Я часта сустракалася з іх бацькамі, пераважна мамамі, бачыла, якім моцным быў іх адчай з-за сітуацыі з дзіцем, у многіх апускаліся рукі, не хапала сіл жыць, — расказала Антаніна Ула­дзіміраўна. — Пераконвала іх, што жыццё працягваецца, дзялілася асабістым вопытам выхавання дзіцяці з інваліднасцю, суцяшала і ўсяляла надзею, вучыла любіць дзяцей, не праяўляць раздражнення ў адносінах да іх, не павышаць на іх голас. Разам з бацькамі мы радаваліся кожнаму, нават невялікаму кроку ў развіцці іх дзяцей, калі хтосьці, напрыклад, навучыўся самастойна прымаць ежу або пачаў фіксаваць погляд на навакольных прадметах. Вярнуўшыся на работу ў дзіцячы сад, адразу нават не магла зразумець, чаму педагогаў і бацькоў раздражняе шум дзяцей і яны павышаюць на іх голас. Мяне дзіцячая валтузня толькі радавала: я бачыла перад сабой прыгожых і здаровых малых. У садзе мая асноўная задача — вучыць дзяцей правільна карыстацца сваім маўленнем, каб яны адчувалі сябе ў соцыуме паўнавартаснымі людзьмі. Дапамагаюць мне ў гэтым калегі і бацькі выхаванцаў”.  

Якім бывае заіканне

“Заіканне — самае загадкавае, парадаксальнае парушэнне маўлення, якое цяжка паддаецца карэкцыі, — лічыць Антаніна Уладзіміраўна. — Як растлумачыць, чаму разумнае, развітое дзіця выдатна размаўляе з бацькамі, але ўпадае ў ступар і пачынае заікацца, калі трэба звярнуцца да іншага чалавека? Найбольшую складанасць у дзяцей з заіканнем, як правіла, выклікаюць вымаўленне пытанняў-адказаў, тлумачальныя канструкцыі (чаму, навошта), а таксама разважанне пра што-небудзь. Каб лепш зразумець дзяцей з заіканнем, я шмат чытала аб гэтай праблеме, кансультавалася са спецыялістамі. У сваёй рабоце выкарыстоўваю методыкі і дапаможнікі Н.А.Чавялёвай і С.А.Міронавай, Г.А.Волкавай, Л.І.Беляковай, А.А.Дзьякавай, І.Г.Выгодскай, Л.А.Зайцавай, Л.З.Андронавай-Аруцюнян і інш. Перыядычна звяртаюся да кнігі амерыканца Уільяма Пэры “Заіканне: як навучыцца кантраляваць”, дзе ён расказвае аб асабістым вопыце пераадолення гэтай праблемы. У выданні гаворыцца амаль пра ўсе складнікі алгарытму заікання: яго прычыны, парадоксы (чаму ў адных выпадках яно ўзмацняецца, а ў іншых — не). Асвятляюцца розныя віды тэрапіі і прапануецца эксперыментальны метад самалячэння з мэтай нейтралізаваць шкодны механізм, разарваць заганны круг заікання і вярнуць “заіку” прыроджаную плаўнасць маўлення. Знаёмлюся і з меркаваннямі медыкаў. Многія з іх, дарэчы, лічаць, што нельга адпраўляць дзіця з заіканнем у групу да такіх жа дзяцей, маўляў, яно будзе пераймаць і яшчэ больш пачне заікацца. Мой педагагічны вопыт сведчыць пра іншае: калі заікання няма, то “набрацца” яго нельга. Існуюць дзве клінічныя формы заікання: набытая, напрыклад, у выніку спалоху, неўратычная форма, і неўрозападобная, якая з’яўляецца вынікам арганічнага паражэння ЦНС. Парушэнне можа ўзнікнуць з прычыны паталогіі цяжарнасці ў маці, з-за пагрозы выкідыша або родавай траўмы. У выніку дзіця нараджаецца з аслабленай нервовай сістэмай. Заіканне выяўляецца да 2—4 гадоў, калі актыўна ідзе працэс фарміравання маўлення. На 70 працэнтаў мае спадчынны характар, у хлопчыкаў узнікае часцей, чым у дзяўчынак (суадносіны 1 да 4)”.

  Як працаваць з праблемай

Кожны год у верасні дзеці з маўленчымі праблемамі праходзяць лагапедычнае абследаванне, па выніках якога спецыялісты дзіцячага сада складаюць план заняткаў з кожным дзіцем. Антаніна Уладзіміраўна праводзіць падгрупавыя і індывідуальныя заняткі, працуе па праграме Міністэрства адукацыі “Карэкцыйная работа з дзецьмі з заіканнем”, а таксама кіруецца метадычнымі рэкамендацыямі міністэрства і вучэбным планам.

Спецыяльную групу наведваюць дзеці рознага ўзросту. Антаніна Уладзіміраўна ўмоўна вылучае дзяцей па спосабе іх узаемадзеяння з навакольным светам: тых, хто добра камунікуе з дарослымі, і тых, хто, наадварот, замыкаецца ў прысутнасці дарослых. Слова “заіканне” пры зносінах паміж педагогамі, дзецьмі і іх бацькамі ў садзе забаронена, яно замяняецца на словазлучэнне “дрэнная звычка”.

“Вядучы від дзейнасці дашкольнікаў — гэта гульня, таксама малышы дзейнічаюць па перайманні, — адзначае педагог. — У маіх выхаванцаў з заіканнем назіраецца трывожнасць, у іх часта напружаны мышцы, слаба развітая дробная і агульная маторыка. Неабходна вучыць іх расслабляць мышцы, прычым так, каб гэта атрымлівалася міжвольна. Штодня выконваю практыкаванні з дзецьмі перад люстэркам для таго, каб яны бачылі свой артыкуляцыйны апарат і маглі расслабіць яго. Вялікую ўвагу ўдзяляю ўменню правільна дыхаць, так званаму дыяфрагмальнаму дыханню. Але я не магу даць малышу інструкцыю: “Удыхні, набяры паветра і гавары”, таму абыгрываю практыкаванне і прапаную, напрыклад: “Пахаладзі горлачка”. Падчас заняткаў мы размаўляем з цацкамі, спяваем і калышам іх. Калі дзеці на ўдыху набіраюць занадта шмат паветра, гэта выклікае ў іх напружанне, а не патрэбную рэлаксацыю. Для таго каб навучыцца кантраляваць аб’ём паветра, дзеці кладуцца на канапу ці на падлогу і кладуць на жывоцікі мяккія цацкі, так мы вучымся правільна дыхаць. Ужо седзячы за сталом, як толькі дзіця зробіць удых, яно пачынае (на выдыху) гаварыць, але так, каб паветра выходзіла струменьчыкам, быццам праз трубачку. Пры гэтым прашу засяродзіцца не на тым, як яно гаворыць, а на тым, што гаворыць, над сэнсам сказанага. Нельга малому проста сказаць “думай пра гэта”. Павінна ўзнікнуць правільная звычка, якая выпрацоўваецца ў працэсе шматразовых паўтарэнняў. Спачатку малыш вучыцца прамаўляць галосныя гукі, затым словы, у тым ліку шматлітарныя, фразы і г.д.

Дзеці з неўрозападобнай формай заікання, як правіла, не могуць адразу выканаць двух трох, чатырох ступеньчатыя інструкцыі, напрыклад: “Падыдзі да шафы, вазьмі скрынку, адкрый, знайдзі цацку і прынясі”. Пераключальнасць у цэнтрах кары галаўнога мозга ў іх адбываецца больш павольна, чым у звычайных дзяцей. Таму яны асвойваюць такія інструкцыі паступова. Пачынаецца работа з самага простага. Пры выкананні пэўных дзеянняў дзіця паралельна прамаўляе іх, напрыклад: “Я ўстаю з крэсла, іду да шафы, шукаю цацку”. Мы працуем з прадметнымі малюнкамі, разглядаючы якія, дзеці вучацца прамаўляць словы і фразы, прычым цалкам. Напрыклад, дзіця гаворыць “гэта мяч” або “хлопчык ідзе на пошту за пасылкай” і пры гэтым указкай па намаляваных на малюнку стрэлках прасочвае ўвесь яго шлях. Я не даю ўстаноўку, маўляў, дыхай правільна ці цягні гэтае слова. Разглядаючы малюнкі, дзіця само гаворыць плаўна, з рэлаксацыяй і націскам на галосныя гукі, фактычна прапявае іх. Калі ў пачатку выхаванцы вымаўляюць простыя фразы, то ў далейшым складаюць аповеды па апорных малюнках і словах, пераказваюць тэкст, выконваюць заданне тыпу “прыдумай сам”. Напрыклад, я прашу дзяцей пагля­дзець на герояў і прыдумаць казку з іх удзелам Або заданне на разважанне: “Навошта Кот Леапольд шукае Матроскіна? І што яму сказаў Печкін?” Або разбіраем сітуацыю: “Мартышка з вядомага мульціка сустрэлася з Удавам. Хто з іх гаворыць хутка, а хто — павольна? Хто робіць гэта прыгожа і правільна? Чаму Мартышку ніхто не можа зразумець?” Вучу ўзгадняць маўленне з рухам. Напрыклад, дзіця прамаўляе сказ: “Сёння на вуліцы вельмі цёпла”. Ударны склад у словах яно адбівае нагамі, рукамі і воплескамі, а ў далейшым каардынуе слова з рухам з дапамогай пальчыкаў або ажыццяўляе сінхранізацыю пальцаў вядучай рукі (у працэсе вымаўлення ўдарнага склада злучае вялікі палец паслядоўна з астатнімі). Вучу дзяцей, што міміка падчас маўлення павінна быць жывой, што неабходна суправаджаць маўленне жэстамі (ківок галавы, рухі тулава і г.д.)”.

Карэкцыйная работа з дзецьмі ва ўстанове вядзецца на працягу ўсяго дня. Антаніна Ула­дзіміраўна супрацоўнічае з выхавальнікамі, музычным кіраўніком і педагогам-псіхолагам. Напрыклад, на лагарытмічных занятках дзеці вывучаюць матэрыял, які ўзгоднены з той лексічнай тэмай, якую яны праходзяць. У садзе працуе тэатральна-мастацкі гурток. Выхаванцы Антаніны Ула­дзіміраўны наведваюць яго нароўні з астатнімі дзецьмі і на радасць сваім бацькам прымаюць ­удзел у пастаноўках казак. Музычны кіраўнік, якая кіруе гуртком, улічвае праблему заікання пры распрацоўцы сцэнарыяў. Каб зняць страх, трывожнасць, разняволіцца, дзеці наведваюць заняткі з педагогам-псіхолагам ва ўмовах сенсорнага пакоя, дзе робяць практыкаванні на расслабленне і на актывізацыю. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне: сухі басейн, светлавыя паддон і панэль “Бясконцасць”, вялікі мяч, геаборд, тэатр ценяў, тэрапеўтычныя дзіцячыя крэслы, пуфік-груша і г.д. У кабінеце педагога-псіхолага таксама знаходзіцца інтэрактыўная дошка, на якой дзеці выконваюць развіццёвыя заданні.

Бацькі — саюзнікі спецыялістаў

Сама па сабе праблема заікання не прахо­дзіць, як часам думаюць бацькі. Калі дзіця трапляе да спецыялістаў у 3 гады, то праз два-тры гады яно, хутчэй за ўсё, навучыцца навыкам правільнага маўлення і пры паступленні ў школу праблем мець не будзе. Але калі звярнуцца да спецыялістаў позна, то верагоднасць таго, што маўленне цалкам нармалізуецца, невялікая. У пытанні пераадолення заікання ў дзяцей іх бацькі павінны стаць саюзнікамі спецыялістаў. Часта ім даводзіцца мяняць адносіны да свайго дзіцяці. Самае галоўнае — не павы­шаць на яго голас, не абражаць, заўсёды выслухоўваць і не перапыняць, нават калі яму цяжка вымавіць нейкае слова. Правільным зносінам з дзецьмі Антаніна Уладзіміраўна вучыць бацькоў падчас кансультацый, сходаў, майстар-класаў. Бацькі выхаванцаў рэгулярна атрымліваюць ад педагога заданні для адпрацоўкі і замацавання пэўных навыкаў з дзецьмі — вывучыць верш або аповед, пагуляць у “Прыдумай слова” або “падабраць прыналежныя прыметнікі да слова “ліса”. Ведаючы асаблівасці кожнага выхаванца, Антаніна Уладзіміраўна вучыць бацькоў неабходным тэхнікам работы, прыёмам правільнага дыхання, рэлаксацыі і сугестапедагогікі. Расказвае, якія гульні і цацкі неабходна выкарыстоўваць пры выкананні артыкуляцыйных практыкаванняў. Антаніна Уладзіміраўна рэгулярна дзеліцца з бацькамі відэасправаздачамі аб рабоце з дзецьмі, дэманструе іх поспехі. Педагог стварыла відэадапаможнік “Урок лагарытмікі”, які выкарыстоўваецца ў рабоце са студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка.        

Гаварыць смела і ўпэўнена

“Дзецям з заіканнем уласціва няўменне выслухоўваць, яны часта перапыняюць суразмоўніка, — гаворыць педагог. — Мы вучым іх чуць, слухаць, заўважаць і выпраўляць памылкі. Наша асноўная задача, каб дзіця авалодала навыкамі правільнага маўлення і пайшло ў школу, упэўненае ў сабе, нават калі ў яго нешта не атрымаецца адразу і заіканне ў нейкі момант нагадае пра сябе (неўрозападобная форма парушэння працякае хвалепадобна). У некаторых выпадках я наладжваю кантакт са школьнымі настаўнікамі пачатковых класаў, да якіх ідуць мае выхаванцы, і даю ім рэкамендацыі па рабоце з дзецьмі з заіканнем”.

Пералічым іх. 1. Арганізаваць правільныя адносіны калектыву класа да дзіцяці, якое заікаецца, падтрымліваць сувязь з яго бацькамі. 2. Не абмяркоўваць праблему заікання пры вучні, звярнуцца да псіхолага і настаўніка-дэфектолага з мэтай дапамагчы яму пераадолець нерашучасць у маўленні. 3. Пасадзіць за адну парту са спакойным дзіцем з добрым маўленнем. 4. Выкарыстоўваць у якасці зрокавай апоры схемы, табліцы, муляжы і інш. 5. Пры неабходнасці прамаўляць з дзіцем у пачатку яго адказу першае слова альбо прапанаваць напісаць яго на дошцы. 6. Вучыць дзіця прамаў­ляць вучэбныя дзеянні, якія яно выконвае. Напрыклад, “я ўстаю і іду да дошкі”, прамаўляць пра сябе тое, што піша. 7. Папярэджваць вучня зага­дзя аб тым, што яго выклічуць. 8. Падчас размовы для зняцця напружання прапанаваць зрабіць рухі рукамі, галавой і інш. 9. Дзіцяці неабходна выконваць наступныя правілы маўлення: перш чым гаварыць, падумай пра тое, што хочаш сказаць. Перад пачаткам маўлення ўдыхні і адразу ж пачынай гаварыць. Гавары на выдыху, паветра ў асноўным расходуй на галосныя гукі, гавары іх шырока і гучна. Зычныя гукі гавары лёгка, без напружання. У кожным слове вылучай ударны галосны гук, гавары яго больш гучна і працяжна, чым астатнія. Кароткія сказы (3—4 словы) гавары на адным выдыху. Словы прамаўляй разам, чапляючы адно за другое. Падчас размовы заўсёды глядзі ў твар суразмоўніку. Гэта дапаможа табе гаварыць смела і ўпэўнена.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.