Самая каштоўная ўзнагарода і гонар

- 12:51Навіны рэгіёнаў

Тысяча трыста выпускнікоў. Тысяча трыста дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Такой колькасці дзяцей за час свайго існавання дала пуцёўку ў жыццё Мсціслаўская спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Менавіта столькі навучэнцаў знайшлі тут другі дом, набылі веру ў сябе і свае сілы. Сёлета Мсціслаўская спецыяльная школа-інтэрнат адзначае 90-гадовы юбілей.

Гэта ўстанова адукацыі ўзнікла ў далёкім 1925 годзе як Беларускі інстытут глуханямых. Паступова ўстанова мяняла сваё аблічча, укараняліся новыя медыцынскія і адукацыйныя тэхналогіі, але ранейшым заставалася яе прызначэнне — аказваць карэкцыйна-развіццёвую і рэабілітацыйную дапамогу асаблівым дзецям.
На сённяшні дзень спецыяльная школа-інтэрнат у Мсціславе з’яўляецца адной з нямногіх у рэспубліцы адукацыйных устаноў для дзяцей з парушэннямі маўлення. Сёння ў школе жыве 141 навучэнец, для якіх сіламі педагагічнага калектыву створаны ўсе ўмовы для выхавання, навучання і развіцця.

— Наша школа мае моцную матэрыяльна-тэхнічную базу. У нас абсталяваны камп’ютарны клас, вучэбныя класы аснашчаны мультымедыйнымі праектарамі. Школа мае свой сайт. Для заняткаў фізічнай культурай і спортам ёсць спартыўная пляцоўка і добра абсталяваныя спартыўная і трэнажорная залы. Заняткам творчасцю спрыяе прасторная актавая зала. Дзеці атрымліваюць 5-разовае харчаванне ва ўтульнай сталовай. Ахова іх здароўя ажыццяўляецца пад кантролем медыцынскіх работнікаў у асобным сучасна абсталяваным медыцынскім блоку. Акрамя таго, для сваіх выхаванцаў мы праводзім урокі працоўнага навучання ў спецыяльна прыстасаваных швейнай і сталярнай майстэрнях, — гаворыць дырэктар школы-інтэрната Алена Аляксандраўна Клеянкова. — Мы стараемся максімальна напоўніць школьную прастору, што дазваляе станоўча ўздзейнічаць на развіццё кожнага дзіцяці. Сцены школы ўпрыгожваюць сезонныя пано, зменныя віншавальныя паштоўкі да найбольш значных свят, інфармацыйныя куткі па пажарнай бяспецы і Правілах дарожнага руху, арганізацыі шостага школьнага дня. Усе кабінеты пачатковых класаў, кабінеты карэкцыйнай работы аформлены з улікам вучэбнай, метадычнай, творчай зон, зоны індывідуальнай работы.

Жыццё школы насычанае і шматграннае. Дзеці тут вучацца і выхоўваюцца ў асяроддзі дабра, любові і разумення. Ва ўстанове традыцыйна праводзяцца святы, ранішнікі, конкурсы, у якіх выхаванцы прымаюць непасрэдны ўдзел. Актыўна вядзецца работа з дзецьмі ў пазаўрочны час у гуртках і секцыях. Асаблівую ўвагу педагагічны калектыў установы ўдзяляе грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў.
— Работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей можна лічыць візітнай карткай нашай школы. Гэтаму спрыяе багатая гісторыя горада і школы, зацікаўлены і творчы калектыў педагогаў, наяўнасць свайго музея з разнастайнымі экспазіцыямі, — гаворыць Алена Клеянкова. — У аснову выхаваўчай сістэмы школы пакладзена праектна-даследчая дзейнасць. Так, у цяперашні час педагогамі і навучэнцамі вядзецца работа над рэалізацыяй цэлай серыі праектаў: “Гады, апаленыя вайной” — пра дзяцей вайны, педагогаў школы — удзельнікаў вайны, аб рабоце ўстановы з ветэранамі педагагічнай працы і Вялікай Айчыннай вайны, — дадае суразмоўца.Станоўчы вопыт Мсціслаўскай спецыяльнай школы-інтэрната па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей актыўна распаўсюджваецца падчас конкурсаў і семінараў. Акрамя гэтага, цяпер у навучальнай установе вядзецца мэтанакіраваная работа па стварэнні рэсурснага цэнтра ў гэтым напрамку.
Як заўважае дырэктар, у школе працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Большасць педагогаў мае вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю, а некаторыя з іх звязалі з установай усё сваё працоўнае жыццё.
— Кожны педагог школы ўмее знаходзіць ключ да дзіцячых сэрцаў, узбагачае духоўны свет выхаванцаў, заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, пастаянна займаецца самаадукацыяй, а таксама бясконца любіць і шануе ўсіх навучэнцаў, — расказвае Алена Аляксандраўна.
Выхаванцы школы рэалізуюць свае здольнасці і магчымасці ў самых розных напрамках. Навучальная ўстанова з’яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Больш за тое, навучэнцы школы-інтэрната на працягу ўжо некалькіх гадоў становяцца дыпламантамі І ступені праекта. Выхаванцы ўстановы таксама з’яўляюцца пастаяннымі прызёрамі рэспубліканскага фестывалю дзіцячай мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

У дасягненнях навучэнцаў — неацэнная заслуга педагогаў і ўсіх работнікаў школы. Гэтая работа калектыву не застаецца незаўважанай. Мсціслаўская спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення тры разы займала прызавыя месцы ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод спецыяльных школ і школ-інтэрнатаў, станавілася прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.
Але, па словах дырэктара ўстановы Алены Клеянковай, для калектыву школы гэтыя перамогі не галоўнае. Іх самая каштоўная ўзнагарода і гонар — выпускнікі, якія сталі паўнапраўнымі членамі грамадства і як іх здаровыя аднагодкі працуюць зараз на карысць нашай рэспублікі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.