Самая салодкая прафесія

- 12:15Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Каля дзесяці гадоў назад я ўбачыла тэлешоу пра знакамітага амерыканскага кандытара. Яго называлі каралём сваёй справы, бо ён ствараў неверагодна рэалістычныя тарты — у выглядзе танка, небаскроба, стадыёна, жывёл і людзей. Сказаць па праўдзе, тады мне здавалася, што гэта нейкі супергерой з суперздольнасцямі. Але зараз я ведаю, што такія супергероі жывуць і працуюць побач з намі. Больш за тое, яны яшчэ і выхоўваюць гэтакіх жа герояў. Гэта майстры вытворчага навучання, якіх нямала ў сістэме прафесійнай адукацыі. З задавальненнем пазнаёмлю чытачоў з Ірынай Мікалаеўнай Кубліцкай, якая працуе ў Магілёўскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы і дапамагае навучэнцам асвоіць самую салодкую прафесію — кандытара.

Вы толькі паглядзіце на фотаздымак і кампазіцыю, якую навучэнка Ірыны Мікалаеўны Настасся Данілава зрабіла на рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills. Стварыць такую прыгажосць было б складана нават з палімернай гліны, вельмі зручнай для лепкі. А гэты шэдэўр зроблены з шакаладу, які вельмі капрызны ў паводзінах. Тэма конкурскага задання — “Кніга “Тысяча і адна ноч”, таму і з’явілася Шахеразада і шыкоўны арабскі палац. І ўсё ў гэтай кампазіцыі — ад завіткоў валасоў прыгажуні да мазаікі на сценах палаца — зроблена з любімага многімі ласунку. Давялося выкарыстоўваць шмат розных тэхнік: лепку з шакаладнай масы, заліўку, тэмпераванне. Яшчэ шакалад трэба было правільна пафарбаваць. Няпростае майстэрства работы з шакаладам Настассі дапамагала спасцігаць Ірына Мікалаеўна.

— Падрыхтоўка да конкурсу — доўгі працэс, да якога падключаецца цэлая каманда. І ўсе дасягненні — гэта вынік работы нашага калектыву, — адзначае майстар вытворчага навучання.

Яшчэ адна навучэнка, Марыя Кушвід, была сярод лідараў на рэспубліканскім этапе прафесійнага конкурсу. Потым яна ўзяла ўдзел у чэмпіянаце WorldSkills СНД у Казані, дзе заваявала сярэбраны медаль, і прадстаўляла нашу краіну на сусветным чэмпіянаце ў бразільскім Сан-Паўлу. Канечне, каб рыхтаваць канкурсантаў такога ўзроўню, трэба і настаўніку трымаць марку.

— Наша сфера хутка мяняецца. З’яўляюцца новыя тэхналогіі, новыя прылады для работы. Майстры вытворчага навучання нашай установы пастаянна наведва­юць семінары і майстар-класы, каб знаёміцца з навінкамі. Напрыклад, мы ездзілі ў Маскву на майстра-клас Алены Сучковай па афармленні пірожных. На майстар-класе неаднаразовай пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў кандытара Наталлі Шарай вучыліся вырабляць кампазіцыі з карамелі. Актуальныя веды і ўменні неабходны не толькі для конкурсаў, а ў першую чаргу для таго, каб нашы выпускнікі станавіліся прафесіяналамі.

Шлях да майстэрства няпросты. Кандытару трэба шмат чаму навучыцца. Трэба ведаць асартымент тартоў, пірожных, крэмаў, сіропаў і іншых паўфабрыкатаў і ўмець іх гатаваць. Кантраляваць якасць з дапамогай кантрольна-вымяральных прыбораў. Ведаць, як карыстацца разнастайным абсталяваннем, інструментамі, прыстасаваннямі. Выконваць правілы ўпакоўкі і затарвання гатовай прадукцыі, прымяняць тэхналагічныя карты і кіравацца патрабаваннямі нарматыўных дакументаў пры стварэнні кандытарскіх вырабаў і яшчэ шмат чаго. Даведацца ўсе сакрэты прафесіі і дапамагае Ірына Мікалаеўна.

— Каб асвоіць навык, трэба паўтарыць пэўнае дзеянне шмат разоў. На занятках мы адточваем майстэрства, даводзім да аўтаматызму выкананне важных аперацый. У той жа час не даю навучэнцам забыцца, што ў нашай прафесіі вялікая прастора для фантазіі і крэатыву, — расказвае майстар. — Лічу вельмі важным абудзіць у дзецях цікавасць да справы і жаданне вучыцца. Паказваю ім прыгожыя кандытарскія вырабы і пераконваю, што кожны з іх можа такое зрабіць, бо ніхто не нараджаецца майстрам ці экспертам — імі становяцца.

Дарэчы, Ірына Мікалаеўна свой шлях да майстэрства пачынала менавіта ў той установе, дзе зараз працуе. Праўда, у той час гэта было прафтэхвучылішча № 18. Потым прымяняла веды на практыцы, працуючы кандытарам у рэстаране. А калі вырашыла сваімі ўменнямі дзяліцца, пайшла вучыцца ў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, адкуль па размеркаванні трапіла ў Чэрыкаў.

— Як майстар вытворчага навучання я пачала працаваць у Чэрыкаве. Канечне, вельмі хвалявалася. Але мне адразу трапілася такая цудоўная група! Памятаю іх і сёння. Руплівыя, вясёлыя і вельмі дружныя дзеці. Праз два гады ў іх скончылася вучоба, а ў мяне — размеркаванне. Развітваючыся, плакалі і яны, і я, — успамінае мая гераіня.

І сёння для Ірыны Мікалаеўны яе вучні — гэта крыніца натхнення і стымул для развіцця.

— Мае навучэнцы даюць мне эмацыянальную падпітку. Кожны раз 1 верасня прыходжу да іх і адчуваю радасць. З нецярпеннем чакаю знаёмства з новай групай, бо гэта новыя цікавыя людзі. Бачыць, што ў іх атрымліваецца тое, чаму я вучыла, — сапраўднае задавальненне. У такія хвіліны асабліва разумею, навошта я тут, — прызнаецца Ірына Мікалаеўна.

І не кандытарскія вырабы, а менавіта гэтыя шчырыя эмоцыі робяць прафесію салодкай і надаюць жыццю смак.

Дар’я РЭВА.