Самая сацыяльна абароненая прафесія

- 12:45Уступная кампанія
Уступная кампанія пачалася не толькі ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Сёння прыём дакументаў вядуць таксама прафесійна-тэхнічныя ліцэі і каледжы. Нельга сказаць, што там аншлагі (асноўная плынь паступаючых прыйдзецца на жнівень, калі завершыцца прыём ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі), але самыя матываваныя дзеці не чакаюць канца лета. Многія з іх ужо даўно вызначыліся і з будучай прафесіяй, і з навучальнай установай.

Напрыклад, у Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля на сённяшні дзень падалі дакументы больш як 100 юнакоў і дзяўчат. І можна сказаць, што адна група аддзелачнікаў на базе 11 класаў ужо скамплектавана: на адпаведную прафесію паступіла каля 30 заяў. Вялікую цікавасць выпускнікі школы праяўляюць і да прафесій “Электрагазазваршчык”, “Муляр; мастаўшчык”. Гэта і зразумела: на рынку працы яны заўсёды ў ліку самых запатрабаваных.
“Зараз да нас прыходзяць выпускнікі, якія ўжо даўно вырашылі атрымаць рабочую прафесію, — расказвае дырэктар ліцэя Анатолій Паўлавіч Непачаловіч. — А ў жніўні мы чакаем тых, хто не паступіў ва ўніверсітэты і каледжы. Іх матывацыя, як правіла, невысокая: прыходзяць у прафесійна-тэхнічны ліцэй, каб не страчваць год. Але мы часта назіраем, як у працэсе вучобы стаўленне навучэнцаў да прафтэхадукацыі мяняецца, яны пачынаюць разумець, што выбраная прафесія ім падабаецца, і яны нават рады, што ўсё так атрымалася. Вядома, іх далейшы прафесійны шлях можа ляжаць і праз універсітэт, але ён будзе ўжо больш усвядомленым”.
На жаль, дэмаграфічны крызіс моцна закрануў установы прафтэхадукацыі, і ў апошнія гады іх патэнцыяльныя навучэнцы масава рушылі ў вышэйшую школу. А яшчэ гадоў пяць назад конкурс у ліцэй быў 4-5 чалавек на месца. Менавіта таму тут вельмі станоўча паставіліся да ўвядзення мінімальных прахадных балаў для абітурыентаў устаноў вышэйшай адукацыі. “Ну што гэта за інжынеры, у якіх па матэматыцы 5 балаў, яны ж нават чарцёж не прачытаюць! — абураецца Анатолій Паўлавіч. — Але яны могуць на высокім узроўні асвоіць рабочую прафесію і стаць добрымі будаўнікамі”.
Што да паступаючых на базе 9 класаў, то ім прапаноўваюцца такія прафесіі, як “Майстар апрацоўчых работ”, “Сталяр; цясляр; станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, “Муляр; бетоншчык; цясляр”, “Муляр; тынкоўшчык; абліцоўшчык; плітачнік”.
“Наш вопыт паказвае, што “дзевяцікласнікі”, якія прыходзяць у ліцэй, значна больш матываваны да атрымання прафтэхадукацыі і толькі ў рэдкіх выпадках спыняюць вучобу, — гаворыць намеснік дырэктара ліцэя Любоў Іванаўна Траханава. — Многія з іх пасля заканчэння ліцэя працягваюць навучанне ў тэхналагічных і тэхнічных каледжах і нават ва ўніверсітэтах. А тыя, хто ідзе працаваць на будоўлі ці прадпрыемствы, становяцца сапраўднымі прафесіяналамі, і мы чуем пра іх толькі добрыя водгукі”.
Усе выпускнікі ліцэя пры ўмове добрага навучання могуць атрымаць 4 разрад, а па прафесіі “Муляр; тынкоўшчык; абліцоўшчык; плітачнік” 4 разрад закладзены праграмай, а ўвогуле можна і 5-ты атрымаць. Гэта вырашае выпускная кваліфікацыйная камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў базавых прадпрыемстваў.
“Дарэчы, навучэнцам, якія праходзяць навучанне на базе 9 класаў, разрады прысвойваюцца пасля другога курса, — тлумачыць дырэктар ліцэя. — Гэта добрая сацыяльная падтрымка для тых дзяцей, якія па нейкай прычыне (напрыклад, па стане здароўя) не могуць вучыцца далей. Мы маем права не адлічваць іх, а рабіць датэрміновы выпуск. Такім чынам, у іх ужо ёсць разрад і выпіска адзнак за два гады — а гэта, лічыце, сярэдняя адукацыя. Розніца паміж вучэбнымі праграмамі нязначная, і яе можна вывучыць і даздаць літаральна за некалькі месяцаў у вячэрняй школе”.
Сацыяльная падтрымка навучэнцаў ліцэя заключаецца і ў тым, што яны забяспечваюцца бясплатнымі абедамі, ім выдаецца спецвопратка, падручнікі. Іншагароднім прадастаўляецца інтэрнат.
“Практыка, якую праходзяць навучэнцы на будоўлі, аплачваецца, што таксама з’яўляецца вельмі добрай падмогай, — расказвае Анатолій Паўлавіч. — Напрыклад, падчас апошняй практыкі некаторыя нашы навучэнцы зарабілі па 6-7 мільёнаў рублёў. Вядома, ёсць і тыя, хто атрымаў 2 мільёны, — аплата ж на будоўлі здзельная, але ў сярэднім па ліцэі навучэнцы зарабілі па 4,5 мільёна. У тых, хто не прагульвае, а працуе і выконвае норму, зарплата добрая.
Сёння ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля ёсць усе ўмовы, каб атрымаць прафесію, якая адпавядае самым сучасным патрабаванням. Пры падтрымцы беларуска-германскага прадпрыемства “Хенкель Баўтэхнік” тут дзейнічае сучасная вучэбная майстэрня “Ceresit” па навучанні новым будаўнічым тэхналогіям і выкарыстанні найноўшых аддзелачных матэрыялаў.
“На прадпрыемстве “Хенкель Баўтэхнік” увесь час з’яўляюцца новыя матэрыялы і тэхналогіі, — расказвае Анатолій Паўлавіч, — і спецыялісты прадпрыемства часта праводзяць семінары па іх выкарыстанні для нашых майстроў і выкладчыкаў прафесійных дысцыплін. Мы плануем, што ў хуткім часе ўсе нашы навучэнцы таксама будуць праходзіць навучанне ў майстэрні “Ceresit”. Гэта зробіць іх яшчэ больш канкурэнтаздольнымі і сацыяльна абароненымі на рынку працы”.
Значную падтрымку ліцэю аказваюць і іншыя базавыя прадпрыемствы: будаўнічы трэст №4, упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання, ТАА “Маналіт груп”. Яны прадастаўляюць навучэнцам месцы як для вытворчага навучання, так і для практыкі, а пасля заканчэння вучобы бяруць іх на работу.
“У рэдкіх выпадках, калі на іншагародніх навучэнцаў паступаюць пісьмовыя заяўкі з іх гарадоў, мы накіроўваем іх працаваць на радзіму, — гаворыць дырэктар ліцэя, — але каля 97% выпускнікоў застаюцца працаваць на базавых прадпрыемствах у Мінску. Вельмі важна, што ў гэтых прадпрыемстваў ёсць інтэрнаты, нярэдка яны аплачваюць сваім работнікам арэнднае жыллё”.
Такім чынам, у навучэнцаў будаўнічага ліцэя ёсць рэальныя перспектывы і разуменне таго, у якім напрамку можна рухацца. І вельмі важна, што ў такім далікатным узросце яны знаходзяцца пад надзейнай апекай дарослых. У ліцэі побач з імі — майстры, у інтэрнаце — выхавальнікі. Тут ліцэісты ўсведамляюць каштоўнасць стваральнай чалавечай працы і прычыняюцца да са-праўднай творчасці.
Трэба сказаць, што ў ліцэі працуе больш за два дзясяткі клубаў і аб’яднанняў, дзе кожны можа знайсці справу па душы і праявіць сябе: Школа лідара, Клуб цікавых сустрэч, Прэс-цэнтр, клубы “Спадчына” і “Нашчадкі”, ансамбль “Братка беларус” (пра яго будзе асобная размова), а таксама вакальныя, інструментальныя, мастацкія, спартыўныя гурткі. Многія падлеткі тут па-сапраўднаму раскрываюцца, а гэта дарагога каштуе.
“Аўтарытэт нашага ліцэя ў горадзе вельмі высокі, — гаворыць Любоў Іванаўна Траханава. — Падлеткі ведаюць пра яго са слоў былых выпускнікоў, якія зараз паспяхова працуюць на сталічных будоўлях. Да нас прыходзяць ужо дзеці і нават унукі былых навучэнцаў, а гэта значыць, што нам давяраюць”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.