Самая таямнічая крэпасць

У канцы ХІХ стагоддзя генерал-маёр А.І.Міхайлоўскі ў сваёй кнізе “Героі Айчыннай вайны” пісаў: “Ніводная крэпасць у Расіі ніколі не з’яўлялася настолькі карыснаю, як Бабруйская ў 1812 годзе”. Сёння адносна крэпасці можна сказаць наступнае: “Ніводны з аб’ектаў багатай гісторыка-архітэктурнай спадчыны Бабруйшчыны не з’яўляецца настолькі карысным у грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення, як знакамітая крэпасць”. Для бабруйскай зямлі яна галоўная славутасць, а для ўсёй Беларусі — яшчэ і адзін з сімвалаў вайны 1812 года, 200-годдзе якой у хуткім часе будзе шырока адзначаць наша краіна.

Абарончы горад

На высокім беразе Бярэзіны на месцы старога Бабруйска 200 гадоў назад вялося будаўніцтва крэпасці, якая ў свой час была аднесена да першага класа абарончых збудаванняў і лічылася адным з лепшых узораў фартыфікацыйнага будаўніцтва на тэрыторыі Расійскай імперыі. Аўтар праекта — генерал-маёр інжынернага корпуса Карл Іванавіч Аперман. Менавіта па яго ініцыятыве месца для ўзвядзення крэпасці было перанесена з берагоў Дняпра ў Рагачове на бераг Бярэзіны ў Бабруйску. Планавалася, што, дзякуючы такому размяшчэнню, падчас вайны крэпасць стане апорным пунктам для збору рускай арміі. З гэтай задачай крэпасць справілася на “выдатна”. 6—8 ліпеня 1812 года 2-я армія Пятра Іванавіча Баграціёна папоўніла ў крэпасці запасы харчавання, пакінула хворых і параненых, атрымала падмацаванне, што дазволіла ёй паспяхова злучыцца ў Смаленску з 1-й арміяй Барклая дэ Толі. Акрамя таго, на працягу ліпеня-лістапада Бабруйская цвярдыня вытрымала аблогу польскага корпуса генерала Яна Дамброўскага.
Хто ведае, ці выстаяла б крэпасць, калі б не цяжкая, самаадданая праца тысяч салдат і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерній, якія да 1812 года ўзвялі значную частку фартыфікацыйных збудаванняў. Другі этап будаўніцтва крэпасці вёўся з 1812 па 1855 гады. За гэты час крэпасць была ператворана ў асаблівы абарончы горад. Былі тут свае вуліцы, бульвары, плошчы і, канечне, будынкі, узведзеныя ў стылі класіцызму. Па гэтых вуліцах праходзілі афіцэры і салдаты, вялікія князі і дзекабрысты. Перажыла крэпасць і драматычныя падзеі савецка-польскай вайны, жудаснай Вялікай Айчыннай. Аднак найбольш разбуральнымі аказаліся мірныя часы, калі ў 1960-я гады крэпасць была знята з уліку ўсесаюзнага значэння. Цяпер пра яе колішнюю веліч нагадваюць толькі руіны асобных рэдзюітаў і равелінаў.

Разам з ветрам

Турыстычны сезон для Бабруйскай крэпасці — гэта канец вясны, лета і пачатак восені. Цяпер жа ў будні зімовы дзень на тэрыторыі былых палігонаў можна сустрэцца толькі з ветрам, які гарэзліва носіцца сярод змрочных сцен равелінаў, заглядвае ў чорныя вокны былых казармаў, імкліва ўзбягае на высокія валы. Тут ён спыніцца на хвілінку, адпачне, а потым працягне гойсанне. Асабліва яму падабаюцца забаўкі з сухой травой: то ён раптоўна схіліць яе да зямлі, то выпраміць, і тады светла-жоўтыя травінкі становяцца падобнымі на стромкія сосны. Не адмовіцца гарэза-вецер і пакарагодзіць са сваімі белымі сяброўкамі-сняжынкамі. Часам падляціць і да кустоўя, якое невядома як вырасла на сценах рэдзюітаў.
За гэтым гойсаннем ветру мы назіралі разам з метадыстам Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска Святланай Аксенцьеўнай Семчанка і педагогам дадатковай адукацыі Таццянай Мікалаеўнай Федчанка. Пакуль я намагаўся з дапамогай фотаапарата захапіць найбольш цікавыя моманты незвычайнай гульні ветру з сухой травой, педагогі дадатковай адукацыі расказвалі пра выхаваўчыя мерапрыемствы, якія праводзіць Цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска на тэрыторыі крэпасці для школьнікаў горада.
— Кожны бабруйскі настаўнік, які цікавіцца мінулым горада, не можа не даследаваць гісторыю крэпасці, не далучаць дзяцей да вывучэння фартыфікацыйных збудаванняў. У савецкія часы тэрыторыя крэпасці была закрытым месцам, паколькі там знаходзіліся воінскія часці. Таму даследаванне нашага асноўнага экскурсійнага аб’екта мы пачалі ў канцы 90-х гадоў. Тады і сфарміравалася сістэма краязнаўчай работы. Яе галоўная мэта — прапагандаваць славутыя мясціны роднай зямлі. Адпаведная работа вядзецца ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Каб вучні актыўна займаліся вывучэннем малой радзімы, для іх неабходны актыўныя формы работы, пажадана гульнявыя. Адной з такіх формаў з’яўляецца конкурс “Ты — бабруйчанін”, які на працягу ўжо амаль 20 гадоў мы арганізоўваем сумесна з супрацоўнікамі Бабруйскага краязнаўчага музея ў лістападзе або снежні. Конкурс дазваляе шырока выкарыстоўваць розныя выхаваўчыя сродкі, у тым ліку і музейнай педагогікі. Напрыклад, у аснове правядзення конкурсу ляжыць метад “Чатыры куты”, а падчас пошуку адказаў на пытанні выкарыстоўваюцца падказкі стэндавай інфармацыі залаў музея. Пра папулярнасць конкурсу сведчыць той факт, што кожны год у ім удзельнічаюць каманды ўсіх школ горада, — расказвае Святлана Аксенцьеўна.

Краязнаўчае арыентаванне

Не менш папулярны сярод юных даследчыкаў бабруйскай зямлі і конкурс “Знаходка года”. Аднак самым любімым, самым арыгінальным з’яўляецца краязнаўчае арыентаванне. На жаль, гэтая форма выхаваўчай работы рэдка выкарыстоўваецца педагогамі. Куды часцей праводзяцца краязнаўчыя канферэнцыі, чытанні, алімпіяды, віктарыны. На думку супрацоўнікаў ЦТКіЭДіМ Бабруйска, пры ўсіх станоўчых момантах гэтых мерапрыемстваў у іх ёсць і адзін істотны недахоп — гэта адсутнасць рухальнай актыўнасці вучняў, што важна пры арганізацыі работы ва ўстановах дадатковай адукацыі. Таму супрацоўнікамі цэнтра і было распрацавана краязнаўчае арыентаванне, якое сумяшчае ў сабе пазнавальную, пошукавую і фізічную актыўнасць навучэнцаў. І конкурс “Ты — бабруйчанін”, і краязнаўчае арыентаванне, і экскурсія “Бабруйская крэпасць — цытадэль на Бярэзіне” ўваходзяць у склад спецыяльнага вучэбна-метадычнага комплексу па вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю сродкамі інтэрактыўных тэхналогій краязнаўства “Ты — бабруйчанін”.
— Упершыню краязнаўчае арыентаванне было праведзена вясной 2009 года, — дзеліцца Святлана Аксенцьеўна. — Перад яго ўдзельнікамі ставіцца мэта знайсці фартыфікацыйныя аб’екты па спецыяльна распрацаванай легендзе. Гэтыя легенды, складзеныя намі ў форме пытанняў, дапамагаюць вучням вызначыць гістарычны або прыродны помнік, пра які ідзе гаворка. Колькасць легенд роўная колькасці выбраных аб’ектаў. Напярэдадні правядзення краязнаўчага арыентавання мы размяшчаем на аб’ектах маршруту спаборніцтваў (у асноўным гэта будынкі рэдзюітаў, казармаў, сцены равелінаў і г.д.) аркушы паперы з намаляванымі на іх лічбамі. Дарэчы, правільнымі з’яўляюцца толькі тыя лічбы, што пазначаны на аб’ектах, пра якія гаворыцца ў легендах. Каманды дзеляцца па ўзроставых катэгорыях. На старце юныя краязнаўцы атрымліваюць маршрутныя лісты, у якіх пазначаны парадак праходжання маршруту. Навучэнцаў суправаджаюць “гульнявыя трэнеры”. Яны выдаюць на маршруце спецыяльныя канверты з легендамі, аднак толькі пасля таго, як вучні знайшлі пэўны аб’ект. Для выканання заданняў даецца кантрольны час — 40 хвілін, за кожны няправільны адказ — штраф у 10 хвілін. Каманда-пераможца вызначаецца па найбольшай колькасці знойдзеных лічбаў і па найменшым часе, затрачаным на праходжанне маршруту.

Некалькі таямніц

Для навучэнцаў ЦТКіЭДіМ Бабруйска работа па вывучэнні крэпасці не абмяжоўваецца толькі конкурсам “Ты — бабруйчанін”, экскурсіяй “Бабруйская крэпасць — цытадэль на Бярэзіне” і краязнаўчым арыентаваннем. Удзел у археалагічных раскопках — таксама адзін з напрамкаў дзейнасці педагогаў і навучэнцаў установы дадатковай адукацыі. Паколькі настаўнікі і вучні не могуць самастойна праводзіць археалагічныя раскопкі, цэнтр цесна супрацоўнічае з НАН Беларусі. Напрыклад, у 2006 годзе падчас археалагічных работ на тэрыторыі былога трэцяга палігона пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алы Уладзіміраўны Ільюцік навучэнцы адкапалі ўнікальны прадмет — чыгунны герб: двухгаловы арол (размах крылаў да 2 метраў), які ў лапах трымае лаўровы вянок і факел. Спецыялісты вызначылі што, гэты герб знаходзіўся на мінскай браме. Як адзначылі мае суразмоўцы, да нядаўняга часу і мінская брама, і першы паверх рэдзюітаў на тэрыторыі трэцяга палігона былі засыпаны зямлёй.
Пасля таго, як быў раскапаны першы паверх будынкаў, адкрылася і яшчэ адна невялікая таямніца. А вось якая, пра гэта мы даведаемся пазней, калі наведаем гарадскую бібліятэку № 4 Бабруйска, дзе намаганнямі яе загадчыка педагога дадатковай адукацыі Святланы Віктараўны Калюта і навучэнцамі ў 1995 годзе быў створаны арыгінальны макет бабруйскай крэпасці. Даведаемся мы і пра лёс некаторых экспанатаў, што захоўваюцца ў пакоі-музеі “Бабруйская крэпасць”, створаным у той жа бібліятэцы. Акрамя таго, мы наведаем і сярэднюю школу № 16, дзе пазнаёмімся з арыгінальнай картай Бабруйскай крэпасці, якую пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Людмілы Мікалаеўны Дабравольскай стварылі вучні, удзельнікі гуртка “Мой горад”.

Час збіраць каменне

Гэта будзе крыху пазней, а пакуль што, паслухаўшы ціхае шапаценне ветру і сухой травы на фоне блакітнага зімовага неба і задуменна-чырвоных руінаў рэдзюітаў на тэрыторыі былога трэцяга палігона, разам са Святланай Аксенцьеўнай, Таццянай Мікалаеўнай і метадыстам ЦТКіЭДіМ Бабруйска Сяргеем Аляксандравічам Поразавым мы накіраваліся на месца былой саборнай плошчы, дзе некалі ўзвышаўся велічны сабор, пабудаваны ў гонар Аляксандра Неўскага.
Тое, што храм не захаваўся, не здзіўляе: надта ж многа ў ХХ стагоддзі было прычын для яго зносу. Час раскідваць каменне ўжо мінуў, прыйшоў час яго збіраць. І каму як не маладому пакаленню выпраўляць памылкі сваіх папярэднікаў.
— На тэрыторыі крэпасці знаходзіцца манастыр у імя Святых жанчын-міраносіц. Яго настаяцельніца матушка Раіса і ўзялася за аднаўленне сабора. Праз інтэрнэт яна даведалася пра дзейнасць нашага цэнтра па вывучэнні мінулага крэпасці і спытала, ці не можам мы разам з навучэнцамі дапамагчы галоўнаму архітэктару горада правесці ацэнку стану падмурка сабора. Мы, канечне, пагадзіліся. Паколькі да гэтай справы далучылася і Ала Уладзіміраўна Ільюцік, то разам з ёй мы ўдзельнічалі і ў археалагічных раскопках. Справа ў тым, што на месцы былой саборнай плошчы (якраз вось тут, дзе мы стаім) знаходзіўся пасад XVII стагоддзя. Гэта пацвярджаюць нашыя знаходкі: керамічныя люлькі, фрагменты керамікі, металічныя вырабы. Найбольш каштоўныя прадметы археолагі адвезлі ў Мінск, частку мы перадалі ў Бабруйскі краязнаўчы музей. У мінулым годзе да нас прыязджаў Мітрапаліт Філарэт і асвяціў крыж на месцы будаўніцтва сабора. Плануецца, што храм будзе ўзведзены ў найбліжэйшыя гады, — расказвае Святлана Аксенцьеўна.
Каб у мяне склалася найбольш дакладнае ўяўленне пра знешні выгляд храма, педагог дастала папку і паказала намаляваны на аркушы паперы макет сабора. Што ж, спадзяёмся, велічны храм будзе адноўлены, а гэтая добрая справа пакладзе пачатак адраджэнню былой славы крэпасці. Усё ж такі мы, беларусы, можам смела гаварыць, што наша краіна — гэта зямля не толькі замкаў і палацаў, але яшчэ і крэпасцей.

Нібы птушкі

У тое, што крэпасць абавязкова адродзіцца, вераць многія жыхары Бабруйска, асабліва тыя, хто цікавіцца яго мінулым. Сярод іх і педагог дадатковай адукацыі Людміла Мікалаеўна Дабравольская. Конкурс “Ты — бабруйчанін”, краязнаўчае арыентаванне ніколі не застаюцца па-за ўвагай Людмілы Мікалаеўны і яе выхаванцаў. Як і ў кожнага настаўніка, які займаецца вывучэннем крэпасці, у Людмілы Мікалаеўны ёсць асабісты, найбольш любімы, напрамак такой работы. Гэта стварэнне вобразаў мінулага праз малюнкі. Усе этапы будаўніцтва крэпасці яна разам з вучнямі адлюстравала з дапамогай фарбы на аркушах паперы. За некалькі гадоў гэтых творчых работ, якія вы бачыце на фотаздымку на с. 19, сабралася столькі, што наспеў час выдаць спецыяльны тэматычны альбом. Наогул, задумак у настаўніцы многа: гэта і стварэнне ў школьным холе вялікага кардоннага макета рэдзюіта, і правядзенне каля яго для навучэнцаў малодшага і сярэдняга звяна краязнаўчых гульняў, і стварэнне ў школьным двары вялікага снежнага макета Бабруйскай крэпасці.
— На жаль, з цяперашнім надвор’ем мы можам пра гэта толькі марыць, — адзначыла Людміла Мікалаеўна. — Аднак, думаю, ідэя ажыццявіцца, як рэалізавалася і задумка стварэння вось гэтай карты, якую нашы вучні малявалі на працягу некалькі месяцаў напярэдадні краязнаўчага арыентавання. Ствараць карту было няпроста, паколькі заданне нам далі, а верталёт — не. Таму даводзілася ўяўляць, што мы птушкі і ляцім над крэпасцю. Такім чынам і адзначалі на карце фартыфікацыйныя аб’екты.

Чарніліца з “бабруйскага мяшка”

Паспрабуем і мы ўявіць сябе птушкамі, таму з шаснаццатай школы адразу ж перанясёмся ў чацвёртую бібліятэку, а калі больш дакладна, то — у музей “Бабруйская крэпасць”.
— Цяжка было глядзець, як разбураюцца калісьці велічныя фарты, рэдзюіты, — прызналася кіраўнік музея, педагог дадатковай адукацыі, загадчык бібліятэкі Святлана Віктараўна Калюта. — Таму разам з вучнямі, удзельнікамі клуба “Шукальнік”, мы вырашылі звярнуць увагу людзей на гэты помнік, узняць пытанне аб яго аднаўленні. Адным з першых крокаў у гэтай справе стала стварэнне музея. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 16 лютага 1996 года. Калі жыхары Бабруйска даведаліся пра музей, то пачалі прыносіць у бібліятэку розныя экспанаты. Цяпер іх налічваецца больш за 600, у тым ліку каля 300 асноўнага фонду. З 2009 года разам з вучнямі мы працуем над праектам “Бабруйская крэпасць: учора, сёння, заўтра”.
Сярод цікавых экспанатаў — незвычайная чарніліца, знойдзеная на тэрыторыі крэпасці, і арыгінальны макет цытадэлі. Для пачатку некалькі слоў пра макет. Ён быў створаны яшчэ да адкрыцця музея, у 1995 годзе. Юныя краязнаўцы, як некалі салдаты і сяляне ў далёкім ХІХ стагоддзі, узводзілі бастыёны, вежы, будынкі, насыпалі валы, выкопвалі рвы. Праўда, у адрозненне ад будаўнікоў мінулых часоў, у сваёй працы яны выкарыстоўвалі… пластылін. А створаны макет на аснове нямецкай карты-плана Бабруйска часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая карта, дарэчы, таксама найбольш каштоўны музейны прадмет.
А цяпер, як і абяцалі, раскрыем яшчэ адну невялікую таямніцу, якая стала вядома пасля таго, як на тэрыторыі былога трэцяга палігона быў раскапаны першы паверх рэдзюітаў.
— Калі мы разам з настаўніцай гісторыі сярэдняй школы № 31 Святланай Сцяпанаўнай Аляксеевай і яе вучнямі прыйшлі аглядаць будынкі, то заўважылі на сценах, акурат на той іх частцы, што знаходзілася пад зямлёй, невядомае нам рэчыва, якое па знешнім выглядзе падобна на соль. Мы не ведалі, што гэта такое, таму ўзялі ўзор у невялікую скрыначку, і вучні аднеслі яго на аналіз настаўніцы хіміі. Пакуль, праўда, не ўдалося дакладна вызначыць паходжанне рэчыва. Будзем удзячны, калі нехта з нашых калег падкажа, што гэта такое, — паведаміла Святлана Віктараўна.
А цяпер пра яшчэ адзін незвычайны экспанат музея “Бабруйская крэпасць”, які захоўваецца ў раздзеле, прысвечаным дзекабрыстам. Для пачатку некалькі гістарычных фактаў. Вядома, што пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў некаторыя з тых, хто выходзіў на Сенацкую плошчу, былі адпраўлены ў Бабруйскую крэпасць. Сярод 16 арыштантаў такія вядомыя прозвішчы, як Нораў (член таемнага “Паўднёвага таварыства”), Берсцель (член “Таварыства аб’яднаных славян”). Гэта былі дваране, афіцэры. У турме яны пісалі вершы, дасылалі пісьмы родным, сябрам. А для гэтага і выкарыстоўвалі чарніліцу, знойдзеную ў самым змрочным месцы крэпасці, у форце “Фрыдрых Вільгельм”, які “славіўся” сваёй авальнай камерай, якую называлі “бабруйскі мяшок”. Яшчэ Герцэн пісаў, што няхай лепш Сібір, толькі б не гэтая страшная крэпасць на Бярэзіне.
— Тое, што чарніліца знаходзілася ў турме, сведчыць выява кратаў на ёй. Гэта нам пацвердзілі ў былым Магілёўскім музеі дзекабрыстаў, — гаворыць Святлана Віктараўна. — А прынёс экспанат адзін наш чытач, калі даведаўся пра стварэнне музея. У 1967 годзе, калі разбуралі форт “Фрыдрых Вільгельм”, ён вырашыў знайсці ля старых муроў што-небудзь цікавае. Заўважыў, як хлапчукі нешта адкапалі, уважліва разглядваюць. Дзіўны прадмет ён купіў у юных шукальнікаў за 1 рубель. Затым 30 гадоў выкарыстоўваў гэтую знаходку як попельніцу.

Загадкавыя курганы

У гэты дзень, акрамя Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска, сярэдняй школы № 16, чацвёртай бібліятэкі і, вядома, крэпасці, мне пашчасціла наведаць і Бабруйскі краязнаўчы музей, за што вялікі дзякуй яго супрацоўнікам і ў прыватнасці дырэктару Наталлі Пятроўне Арцёмчык і навуковаму супрацоўніку Іне Вячаславаўне Аўсейчык. Як ужо адзначалася, на базе музея праводзіцца заключны этап конкурсу “Ты — бабруйчанін”. У музейных залах падчас пошуку адказаў на пастаўленыя пытанні канкурсанты звяртаюцца па дапамогу да экспанатаў, сярод якіх і прадметы, звязаныя з падзеямі вайны 1812 года. Пытанні на гэтую тэматыку вучням задае Таццяна Мікалаеўна Федчанка, паколькі асноўны напрамак яе пошукавай і даследчай работы — вайна 1812 года. Пошукамі інфармацыі па гэтай тэме Таццяна Мікалаеўна займаецца разам з вучнямі падчас паходаў па месцах, звязаных з ваеннымі падзеямі 200-гадовай даўніны. Яны наведалі і Барысаў, і месца пераправы напалеонаўскай арміі праз Бярэзіну, пабывалі і ў Крупках, у прыватнасці каля возера, дзе, згодна з легендай, Напалеон патапіў сваю карэту са скарбам. У паходнай біяграфіі педагога — і Полацк, і Магілёў, і Віцебск, і Калінкавічы, і Мазыр. Адным словам, атрымаўся сапраўдны баявы паход услед за арміямі Баграціёна, Барклая дэ Толі і Напалеона. У выніку вандровак былі створаны работы “Вайна 1812 (адступленне Напалеона)”, “Вайна 1812 года на Бабруйшчыне”. А які краязнаўчы паход ды без адкрыццяў?
— Падчас гэтых вандровак мы даведаліся (дарэчы, у Калінкавічах ад краязнаўца Уладзіміра Аляксандравіча Лякіна) пра тое, што на тэрыторыі нашага раёна паміж вёскамі Гарбацэвічы і Обча адбыўся вялікі бой паміж салдатамі Фёдара Эртэля і Яна Дамброўскага. На жаль, гэты бой быў незаслужана забыты і ў літаратуры пра яго амаль не ўзгадваецца. Каб больш падрабязна даведацца пра падзеі таго часу, мы адправіліся на месца бою. Перад гэтым наведалі Гарбацэвіцкую сярэднюю школу, пагутарылі з былой настаўніцай гісторыі Раісай Пятроўнай Клімаўцовай. Наогул, сярод даследчыкаў падзей таго часу існуюць супрацьлеглыя меркаванні наконт таго, ці праходзіў бой. Тое, што бой адбыўся, сведчыць, напрыклад, ядро, якое захоўваецца ў музеі Гарбацэвіцкай сярэдняй школы, а таксама словы мясцовых жыхароў пра тое, што сярод курганоў, якіх даволі многа ў ваколіцах Гарбацэвіч і Обчы, ёсць і брацкая магіла забітых салдат. Таямніцы гэтай баталіі яшчэ не да канца раскрыты. На жаль, мы з вучнямі не можам праводзіць археалагічных даследаванняў, таму нашы спадзяванні на навукоўцаў-прафесіяналаў. Добра, калі з часам там з’явіцца і помнік або капліца, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна.

Магчыма…

Шмат таямніц прыхоўвае і сама крэпасць. Пасля размовы з бабруйскімі педагогамі пераконваешся, што яна дзіўным чынам імкнецца раскрыць іх. У гэтым лёгка пераканацца: усе пошукавыя работы, што праводзіліся на былых палігонах, абавязкова заканчваліся поспехам. Здаецца, крэпасць толькі і чакае таго моманту, калі мы праявім да яе належную ўвагу. Магчыма, на тэрыторыі крэпасці будзе створаны асобны музей, магчыма, усе фартыфікацыйныя збудаванні будуць адноўлены, магчыма, цытадэль на Бярэзіне будзе занесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Усё гэта магчыма… А пакуль што ў рэдзюітах гаспадарыць толькі вецер.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.