Самі сабе зрабілі цудоўны падарунак

- 10:55Культура

16 кастрычніка народны маладзёжны тэатр-студыя “Залаты Арыён”, які працуе на базе сярэдняй школы № 52 Гомеля, адсвяткаваў 20-годдзе з дня заснавання. Гэты калектыў добра ведаюць у родным для яго горадзе, наогул у прасторы айчыннай маладзёжнай тэатральнай творчасці. “Залаты Арыён” паспяхова ўдзельнічаў у шматлікіх аглядах і конкурсах тэатральных калектываў гарадскога і рэспубліканскага ўзроўню, выязджаў са сваімі пастаноўкамі ў Эстонію і Расію. Балазе, юным гомельскім акцёрам ёсць што паказаць гледачам: “Звычайны цуд” і “Голы кароль” Я.Шварца, “Сабор Парыжскай Божай Маці” В.Гюго, “Страчаны рай” А.Курэйчыка, “Рудольфіа” В.Распуціна, “Брэменскія музыканты” Ю.Энціна, “Хор” і “Хто там?” С.Альтава, “Прынцэса без гарошыны” Я.Тышчука, “Проба інтэрмедыі” А.Грыбаедава, “Вяртанне Снежнай каралевы” (казка на новы лад па матывах Х.К.Андэрсена) — усяго ў рэпертуары тэатра-студыі “Залаты Арыён” на цяперашні момант налічваецца больш за 25 пастановак.

А напярэдадні свайго юбілею акцёры тэатра вырашылі зрабіць сабе падарунак. Яны выехалі ў Эстонію на Міжнародны тэатральны фестываль “Тэатральная восень у Таліне-2015” са сваім спектаклем “Прынцэса Кру” па матывах аповесці хрэстаматыйнай англійскай пісьменніцы Фрэнсіс Элізы Бёрнет “Маленькая прынцэса” (рэжысёр мастацкі кіраўнік тэатра-студыі “Залаты Арыён” Юлія Савіцкая). Фестываль праходзіў 3—4 кастрычніка 2015 года. У рамках фестывальнага конкурсу, арганізатарамі якога выступілі Цэнтр рускай культуры ў Таліне і тэатр “Юнацтва”, свае пастаноўкі эстонскім гледачам паказалі 5 калектываў з Эстоніі (Талін), Расіі (Санкт-Пецярбург) і Беларусі (наша краіна якраз і была прадстаўлена ў адной асобе “Залатога Арыёна”). Прафесійнае журы ў складзе тэатральнага крытыка Барыса Туха, эстонскага і савецкага акцёра тэатра і кіно Эдуарда Томана, вядучага Radio-4 у Эстоніі Аляксандра Лук’янава і старшыні Эстонскага саюза самадзейных тэатраў Марэта Оомера не пакінула без увагі выступленне гамяльчан. “Залаты Арыён” адзначаны дыпломам удзельніка фестывалю “Тэатральная восень у Таліне-2015”, а акцёр з нашай тэатральнай трупы Ілья Пабягаеў атрымаў дыплом лаўрэата форуму ў намінацыі “Лепшая мужчынская роля другога плана”. У спектаклі “Прынцэса Кру” ён сыграў дастаткова складаную ролю Дональда Кармілека-малодшага, якому ў другой частцы спектакля давялося пераапранацца ў місіс Сікспенс — надзяваць жаночую сукенку, парык, станавіцца на высокія абцасы. І ўсё гэта дзеля таго, каб выратаваць прынцэсу.
У Таліне нашы землякі не толькі паспыталі адрэналіну падчас конкурснага выступлення, але і мелі багатую культурную праграму: падчас экскурсій пазнаёміліся з унікальнай архітэктурай старажытнай эстонскай сталіцы, на майстар-класе ад харэографа Цэнтра рускай культуры вывучылі нацыянальны эстонскі танец і інш. Прывезлі з Таліна ў Гомель нават некалькі сцэнарыяў для будучых пастановак з падказкі сваіх новых эстонскіх сяброў. Праўда, і самі не засталіся ў даўгу перад эстонскімі калегамі — у другі фестывальны дзень выступілі перад імі з адмысловымі творчымі візітоўкамі пра тэатр-студыю “Залаты Арыён” і пра Беларусь наогул.
Цікава, дарэчы, што паездка нашага тэатра ў Талін стала магчымай намаганнямі яго мастацкага кіраўніка Юліі Савіцкай, якая ў свой час, будучы навучэнкай 52-й школы Гомеля, на працягу 7 гадоў займалася ў гэтым калектыве, ужо была ў складзе трупы тэатра на фестывалі “Тэатральная восень у Таліне”, а цяпер проста быццам бы аднавіла колішнія кантакты з эстонскімі калегамі. Сёння Юлія Савіцкая, выпускніца Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (атрымала там спецыяльнасць “Руская філалогія” са спецыялізацыяй “Камп’ютарная лінгвістыка”), не толькі кіруе “Залатым Арыёнам”, але і выкладае ў роднай гомельскай сярэдняй школе № 52 рускую мову і літаратуру, з’яўляецца класным кіраўніком 8 “Б” класа. У сувязі з тэатральнай дзейнасцю яна любіць прыгадваць цытату Мікалая Васільевіча Гогаля: “Тэатр — гэта такая кафедра, з якой можна многа сказаць свету дабра”. “А калі дабро ідзе са сцэны — гэта ўдвая каштоўна, — ужо ад сябе дадае Юлія. — Наш спектакль “Прынцэса Кру” ў гэтым плане не адстае ні на крок, ён вучыць любові і разуменню, у ім дабро перамагае зло. У наш час самае важнае — гэта не растраціць вечныя маральныя каштоўнасці. І ўрэшце менавіта з гэтай прычыны ў рабоце са сваімі сённяшнімі акцёрамі тэатра “Залаты Арыён” я часцей за ўсё звяртаюся да праверанай класікі. Няважна якой — рускай, беларускай, замежнай… Якраз там я знаходжу гэтыя каштоўнасці. А ў сучаснай драматургіі неяк мала бачу дабра і прыгажосці”.

Мікола ЧЭМЕР.