Самы галоўны чалавек у жыцці

Настаўнікі Верасніцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці імкнуцца выхоўваць у вучняў паважлівае стаўленне да старэйшага пакалення, перш за ўсё да маці.

У школе быў арганізаваны тыдзень “Дзякуй жанчыне, чыё імя — мама…”, прысвечаны Дню маці. Навучэнцы паўдзельнічалі ў акцыі “Дзясятка для маёй матулі”: былі ўзнагароджаны вучні, якія зарабілі найбольшую колькасць дзясятак за тыдзень.

У школьнай бібліятэцы арганізавалі маляўнічую выстаўку “Вялікае, святое слова — мама”: вучні маглі даведацца, як і калі святкуецца Дзень маці ў іншых краінах, як вымаўляецца слова “мама” на розных мовах, прачытаць вершы вядомых пісьменнікаў… Кожны клас узяў удзел у распрацоўцы віншавальных газет. Дзеці старанна падышлі да задання, кожны хацеў напісаць некалькі радкоў для мамы. Таксама была арганізавана выстаўка з кветак, дзе вучні паказалі творчыя здольнасці.

І вось надышла субота, школа расчыніла дзверы для мам і бабуль. Госці наведалі канцэрт, выстаўку “Кветкавы калейдаскоп”, выстаўку віншавальных газет, паспаборнічалі ў спартландыі “Спартыўная мама”.

Свята атрымалася душэўнае і кранальнае. Некаторыя мамы і бабулі не маглі стрымаць слёз радасці і гонару за дзяцей і ўнукаў.

Алёна КАРАЛЕЦ,
педагог-арганізатар Верасніцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.