Самы кароткі шлях да справядлівасці

- 11:03Якасць адукацыі

Закон аб медыяцыі прыняты ў Беларусі яшчэ некалькі гадоў назад. Здавалася б, якое дачыненне ён можа мець да школ і школьнікаў? Але гэта толькі на першы погляд, сувязь тут прамая і ўзнікла яна не сёння. Медыяцыя, якую нярэдка называюць самым кароткім шляхам для дасягнення справядлівасці, паступова становіцца прывычнай з’явай у школах і іншых навучальных установах. Пакуль такіх устаноў нямнога, але пабачым, што будзе далей. Ва ўсялякім выпадку, круглы стол на тэму школьнай медыяцыі, які нядаўна адбыўся ў Мінску, дае падставу думаць, што ўсё толькі пачынаецца.

Фота да матэрыяла: Самы кароткі шлях да справядлівасці.

Як, хто, навошта?

Круглы стол “Беларуская школьная служба медыяцыі: уплыў на адукацыйны працэс і тэндэнцыі развіцця ў Рэспубліцы Беларусь” сабраў людзей, якія не першы год паглыблены ў работу гэтых службаў — юрыстаў і педагогаў.

Але пачнём з вызначэння паняццяў, як іх тлумачаць юрысты (у вольным пераказе). Такім чынам, медыяцыя — гэта перагаворы з удзелам медыятара для ўрэгулявання спрэчкі (спрэчак) бакоў пры дапамозе выпрацоўкі ўзаемапрымальнага пагаднення. Спецыялізаваныя інтэрнэт-рэсурсы падкрэсліваюць, што медыяцыя грунтуецца на даверы, бо бакі давяраюць медыятару, упэўнены, што гэты спецыяліст здольны забяспечыць эфектыўнае вядзенне перагавораў. Зразумела, медыятарам можа быць толькі асоба, якая валодае спецыяльнымі ведамі і навыкамі ў галіне медыяцыі, мае сертыфікат на такую дзейнасць.

— Медыяцыя дазваляе грамадзянам і суб’ектам гаспадарання без звароту ў суд хутка і канфідэнцыяльна, і, што самае галоўнае, добраахвотна, адшукаць узаемавыгаднае рашэнне, — адзначыў Валерый Вацлававіч Міцкевіч, старшыня Беларускага саюза юрыстаў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. — Гэты падыход можа паспяхова выкарыстоўвацца для вырашэння гаспадарчых, працоўных, сямейных, карпаратыўных і іншых грамадзянска-прававых канфліктаў, спрыяючы наладжванню канструктыўных адносін і атмасферы ўзаемаразумення ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

У школьным жыцці, і гэта не сакрэт, спрэчак і канфліктных сітуацый узнікае нямала, хаця б той жа булінг, які, здараецца, прыводзіць да трагічных наступстваў. Магчыма, складаныя сітуацыі і не даходзілі б да кропкі незвароту, калі б іх удавалася своечасова заўважыць і вырашыць мірным шляхам.

Фота да матэрыяла: Самы кароткі шлях да справядлівасці.Як заўважыў В.В.Міцкевіч, тыя дзяржорганы, якія паспрабавалі выкарыстоўваць медыяцыю, пераканаліся ў яе эфектыўнасці. Ён таксама лічыць, што ў будучыні медыяцыя дазволіць палепшыць грамадскія адносіны, дапаможа стварыць больш спрыяльнае навакольнае асяроддзе для развіцця асобы, умацуе такія ўласцівыя беларусам рысы, як разважлівасць і міралюбства. Безумоўна, замацаванне гэтых рыс характару ў юных беларусаў з дзяцінства можна толькі вітаць.

— Унікальны пілотны праект па развіцці школьнай медыяцыі пад эгідай Саюза юрыстаў праводзіцца ў нашай краіне з 2015 года. Яго дэвіз — “Вучымся разумець адно аднаго”, — нагадаў выступоўца. — Сваёй паспяховай дзейнасцю ён абавязаны нашаму цэнтру “Медыяцыя і права”, педагогам і школьнікам.

Прымяненне медыяцыі ў школьным ці студэнцкім асяроддзі, на думку спецыяліста, дае магчымасць пераарыентаваць канфлікты з удзелам непаўналетніх на механізмы аднаўленчага правасуддзя, што ў роўнай ступені выклікае цікавасць у юрыстаў і педагогаў, канфліктолагаў і псіхолагаў. Дзеці і падлеткі не заўсёды гатовы гаварыць пра свае праблемы з бацькамі, настаўнікамі, а тым больш з супрацоўнікамі міліцыі. Медыятар (а ў іх ролі выступаюць і самі школьнікі) можа, такім чынам, адыграць у падобных выпадках важную ролю.

Калі ў акружэнні школьніка асноўнымі спосабамі рэагавання на канфлікт з’яўляюцца ціск, прымяненне сілы, пагрозы і пакаранні, узнікае рызыка, што менавіта гэтыя спосабы падлетак будзе лічыць натуральнымі і менавіта іх возьме ў дарослае жыццё. Медыяцыя, упэўнены яе прыхільнікі, у тым ліку здольна не дапусціць такога сцэнарыя, яна можа быць не толькі сродкам аздараўлення псіхалагічнага клімату, але і метадам прафілактыкі супрацьпраўных дзеянняў.

— Цэнтр “Медыяцыя і права” вучыць дзяцей міратворчай функцыі, — лічыць у сваю чаргу намеснік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Міхайлавіч Старавойтаў. — Такое ўменне спатрэбіцца маладым людзям у жыцці і ў прафесіі, яны будуць умець вырашаць канфлікты паміж дарослымі. Мэты школьнай медыяцыі — прапаганда каштоўнасцей канструктыўнага ўзаемадзеяння, правільных паводзін у канфліктных сітуацыях, фарміраванне культуры ненасілля і здольнасці да ўзаемаразумення сярод удзельнікаў школьнай супольнасці.

Мікалай Міхайлавіч таксама звярнуў увагу прысутных на тое, што доўгія гады ў Беларусі адзіным сродкам вырашэння канфліктаў быў зварот у суд, але прымяненне медыяцыі ў розных сферах жыцця паказала, што ў пэўных выпадках яе магчымасці намнога пераўзыходзяць магчымасці судаводства. Дарэчы, завяршаецца падрыхтоўка законапраекта па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства ў сферы медыяцыі. Законапраект, у прыватнасці, прадугледжвае ўкараненне медыяцыі ў якасці альтэрнатыўнага дасудовага спосабу вырашэння спрэчак паміж юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, магчымасць прымянення медыяцыі ў вырашэнні спрэчак у сямейных і шлюбных адносінах, у тым ліку пасля скасавання шлюбу, у прыватнасці ў пытаннях, што тычацца дзяцей.

Пакуль, праўда, беларусы яшчэ не вельмі давяраюць медыяцыі як альтэрнатыве звароту ў суд, але кропля, як кажуць, камень точыць. Папулярызацыі новага метаду вырашэння канфліктаў можа дапамагчы і развіццё школьных службаў медыяцыі. А яна, дзякуючы ўпартай працы, дае свой плён — у Беларусі ўжо сёння існуе рэальная практыка рэгулявання школьных канфліктаў самімі школьнікамі на прынцыпах аднаўленчага правасуддзя.

Такую дзейнасць вітае і Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), прадстаўнік якога доктар Рашэд Мустафа Сарвар быў актыўным удзельнікам круглага стала.

— ЮНІСЕФ у супрацоўніцтве з Урадам Рэспублікі Беларусь гатовы падтрымаць развіццё механізмаў аднаўленчага правасуддзя, у тым ліку медыяцыі, — сказаў ён. — Мы будзем рады бачыць, што школьная медыяцыя стане часткай адукацыйнага працэсу ў Беларусі, як і ў многіх іншых краінах, і рады адзначыць, што ўжо назапашаны пазітыўны вопыт.

Дрэнны мір лепшы за добрую спрэчку

Які ж станоўчы вопыт можа занесці сабе ў актывы школьная медыяцыя ў Беларусі? Ніхто, напэўна, не ведае гэта лепш, чым Ірына Уладзіміраўна Арлоўская, якая выконвае абавязкі дырэктара цэнтра “Медыяцыя і права”, кіраўнік праекта, выканаўчы дырэктар Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў. Яна і нагадала пра гісторыю школьнай медыяцыі ў нашай краіне.

Усё пачалося ў 2015 годзе на базе мінскай школы № 30. Праект адразу ж праводзіўся як валанцёрскі, пэўны час медыятары цэнтра тлумачылі адміністрацыі школы, педагогам, бацькам, школьнікам, што такое медыяцыя і ў чым яе перавагі, але не заўсёды гэта было проста. Тады ўсе медыяцыі, аднаўленчыя працэсы ў школе праводзілі спецыялісты цэнтра, пазней тут з’явіліся свае медыятары — 9 вучняў і 5 педагогаў. Адна з праграм, якую ўжо ў той час медыятары правялі ў 30-й школе, тычылася аб’яднання дзяцей у адным з класаў, наладжвання паважлівых адносін адно да аднаго.

У 2016 годзе цэнтр “Медыяцыя і права”, камітэт па адукацыі Мінскага гарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, і з гэтага моманту пачаўся праект “Вучымся разумець адно аднаго”. Да яго падключыліся школы ў розных раёнах сталіцы — №№ 131, 164, 205, 22, 148, 6, гімназіі №№ 38 і 42. Акрамя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, да праекта далучыліся Мінскі гарадскі педагагічны каледж, і на той час — Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, дзе займаліся вучні 59-й школы, і сёння можна гаварыць пра тое, што ў праекце з’явіўся новы ўдзельнік.

За мінулы час былі створаны праграмы падрыхтоўкі школьнікаў і педагогаў, іншыя праграмы, педагагічны каледж выступіў з ініцыятывай падрыхтоўкі праграмы факультатыву “Школьная медыяцыя”, што і было зроблена. 96 навучэнцаў і 50 педагогаў прайшлі спецыяльнае навучанне, а частка педагогаў атрымала пасведчанне медыятара, што выдае Міністэрства юстыцыі. Ужо сёлета цэнтр правёў фестываль школьнікаў і студэнтаў, на якім змаглі абмяняцца вопытам юныя медыятары Мінска і Гродзенскай вобласці, бо там таксама развіваецца школьная медыяцыя. Цікавасць да яе праяўляюць і іншыя рэгіёны краіны, і нават краіны-суседкі, так што фестываль можа стаць пастаянным, колькасць яго ўдзельнікаў павялічыцца, а геаграфія пашырыцца.

Акрамя ўсяго названага, праект вывеў яго ўдзельнікаў на супрацоўніцтва з камісіямі па справах непаўналетніх, і ўжо сёння з КПН у цэнтр “Медыяцыя і права” паступаюць запыты на медыяцыю ў сем’ях непаўналетніх, чые справы трапілі ў камісію. У якасці перспектыўнага напрамку энтузіясты бачаць стварэнне аднаго ці больш рэсурсных цэнтраў на базе ўжо дзеючых школьных службаў медыяцыі.

А піянер у галіне школьнай медыяцыі ў Беларусі — сярэдняя школа № 30 Мінска — працягвае работу ў гэтай сферы. Па словах дырэктара ўстановы Святланы Мікалаеўны Чурбанавай, у школе пры дапамозе медыяцыі імкнуцца наладжваць адносіны ў дзіцячым і дзіцяча-дарослым асяроддзі, фарміраваць у дзяцей уменне рэгуляваць канфлікты без фізічнага насілля, зніжаць узровень злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Кіруе службай медыяцыі сацыяльны педагог.

Кожны юны медыятар у гэтай навучальнай установе мае падшэфную паралель, і кожны вучань ведае, да каго трэба звяртацца ў выніку канфліктнай сітуацыі. За час існавання медыяцыі ў 30-й школе праведзены 32 медыятыўныя сустрэчы, 25 з іх далі станоўчы эфект. А ўвесну 2018 года прайшоў школьны тыдзень медыяцыі і з’явіліся новыя ахвотнікі стаць медыятарамі. Сёння ў 30-й школе імкнуцца прымяняць медыяцыю не толькі непасрэдна ва ўстанове, але і для вырашэння сямейных канфліктаў. Святлана Мікалаеўна адзначыла таксама, што яны гатовы падзяліцца вопытам з усімі жадаючымі.

На круглым стале свой вопыт рэалізацыі праекта “Вучымся разумець адно аднаго” прэзентавалі іншыя ўстановы адукацыі сталіцы, прадстаўнік Гродзенскай вобласці, члены цэнтра “Медыяцыя і права”.

— У пачатку рэалізацыі праекта многія прыходзілі ў яго, бо было проста цікава, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Віктараўна Рысявец. — А тыя, хто застаўся, пазней перайшлі ў іншыя школы і выступілі з ініцыятывай стварэння службаў медыяцыі на базе новых устаноў адукацыі. Сёння Кодэкс аб адукацыі дазваляе мець ва ўстанове любыя структурныя падраздзяленні.

У выступленні Ганны Віктараўны прагучала і слушная думка пра тое, што медыяцыя — гэта магутны рэсурс прафарыентацыйнай работы, бо многія з тых хлопцаў і дзяўчат, якія ўдзельнічалі ў праекце, выбралі прафесію юрыста, паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на згаданы профіль, прычым зрабілі гэта цалкам асэнсавана, маючы за плячыма пэўны вопыт адпаведнай работы. Г.В.Рысявец таксама лічыць, што стварыць рэсурсны цэнтр магчыма на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра Першамайскага раёна Мінска. А калі згадаць, што летась Мінск прызнаны горадам, дружалюбным да дзяцей, а Беларусь імкнецца да дасягнення Мэт устойлівага развіцця, якія звязаны з асноўнымі кірункамі Стратэгічнага плана ПРААН, то праект па школьнай медыяцыі набывае новы сэнс.

Удзельнікамі круглага стала былі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і беларускага парламента. У прыватнасці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Аксана Уладзіміраўна Няхайчык адзначыла, што дэпутаты падтрымліваюць ідэю работы школьных службаў медыяцыі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена рэдакцыяй часопіса “Юстыцыя Беларусі”.