Самы малады дырэктар школы ў Барысаўскім раёне стаў пераможцам абласнога этапу фестывалю «Педагагічны дэбют»

- 10:51Персона

Аб вясковай школе і пра тое, чаму любіць удзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказаў пераможца абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют — 2023» Антон Гульнеў.

Пяць гадоў назад, трымаючы дыплом настаўніка гісторыі ў руках, ён ведаў, што зможа бліскуча рэалізаваць сябе ў педагогіцы: дзякуючы любові да прадмета, якім Антона Гульнева захапіў яго школьны выкладчык, малады настаўнік бачыў перспектывы ў педагагічнай дзейнасці. І не памыліўся. Сёння Антон Гульнеў — дырэктар Вяляціцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна, самы малады кіраўнік навучальнай установы ў раёне.

Антон Сяргеевіч, вы самы малады дырэктар школы ў раёне. Якім быў ваш шлях у педагогіку?

— Я вучыўся ў сярэдняй школе № 3 Барысава. Пасля 8 класа прымаў удзел у тэматычнай раённай алімпіядзе па тэме вайны 1812 года, на якой заняў 3-е месца. Усім тром пераможцам прапанавалі пайсці вучыцца ў ліцэй (тады ўпершыню адкрываўся грамадазнаўчы профіль). Мне гэта было цікава, таму ў ліцэй я паступіў.

У ліцэі ў 10 класе гісторыю ў мяне выкладаў Анатоль Станіслававіч Забароўскі (сёння дырэктар гімназіі № 2 Барысава). Дзякуючы яму, я захапіўся гэтым прадметам яшчэ больш. Менавіта Анатоль Станіслававіч паўплываў на тое, каб я паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на гістарычны факультэт.

Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванні прыйшоў працаваць у сярэднюю школу № 3 Барысава. Выкладаў там гісторыю на працягу трох гадоў. Падчас работы ў школе рыхтаваў дзяцей да раённых і абласных алімпіяд па гісторыі. Сам таксама пастаянна прымаў удзел у многіх конкурсах педагагічнага майстэрства. Найбольш значным для мяне стаў удзел у раённым і абласным этапах конкурсу «Настаўнік года». На вобласці  разам з чатырма педагогамі Міншчыны выйшаў у фінал, але далей, на жаль, не прайшоў. Такім чынам, у сярэдняй школе № 3 Барысава працаваў да таго часу, пакуль мяне не назначылі на пасаду дырэктара Вяляціцкай сярэдняй школы.

Сёння мой педагагічны стаж — 5 гадоў, 2 з якіх працую ў якасці кіраўніка школы.

— Ці памятаеце свой першы ўрок?

— Безумоўна. Пяць гадоў назад, 2 верасня, я прыйшоў на свой першы ўрок у 11 клас. Праводзіць яго было складана, бо перада мной сядзелі дарослыя людзі. Гледзячы на іх, вельмі хваляваўся. Але пасля таго, як знайшоў з навучэнцамі кантакт (гэта атрымалася хутка і лёгка), хваляванне адразу прайшло. Вучні любяць маладых настаўнікаў, яны адчуваюць, што да іх прыходзіць зацікаўлены педагог. А калі яшчэ і падача матэрыялу адрозніваецца ад той, да якой прывыклі, то зацікавіць прадметам можна.

— Колькі педагогаў сёння працуе пад кіраўніцтвам маладога дырэктара?

— У нашым калектыве працуюць 22 педагогі. Што тычыцца навучэнцаў, то іх у нас 87, — для вясковай школы гэта дастаткова многа. Увогуле, наша навучальная ўстанова разлічана на большую колькасць дзяцей. Так, да 2006 года ёй кіраваў заслужаны настаўнік Беларусі Дзмітрый Аляксандравіч Касценіч. У яго вучыліся 340 дзяцей — гэта проста вялізная лічба для вясковай школы. Дзякуючы намаганням Дзмітрыя Аляксандравіча, у Вяляцічах пабудавалі новую школу, каб умясціць усіх навучэнцаў. Так, у 1980 годзе быў узведзены трохпавярховы будынак з разлікам на 700 чалавек. Калі 15 гадоў назад тут вучыліся 380 дзяцей, то сёння 87 (гэта разам з падвозам з суседніх вёсак). Тым не менш, дзякуючы таму, што ў вёску, на работу ў саўгас, прыязджаюць маладыя сем’і, да нас прыходзяць новыя дзеткі.

— Наколькі лёгка працаваць з тымі настаўнікамі, хто старэйшы за вас па ўзросце і мае большы педагагічны стаж? Ці не было прадузятасці з-за таго, што вопытным калектывам кіруе такі малады дырэктар?

— На шчасце, нічога падобнага не заўважаў. У нас у калектыве з самага пачатку склаліся дружалюбныя адносіны. Сярэдні ўзрост педагогаў школы — 40 гадоў. Сярод настаўнікаў ёсць пенсіянеры, тыя, хто працуе ў школе ўсё жыццё. Але нават ад іх у свой адрас ніколі не чуў ні слоў зайздрасці, ні жадання прынізіць. Адзінае, што могуць сказаць, што ў іх унукі такога ж узросту, як я. Але нават гэта гаворыцца як жарт, а не папрок.

— Магчыма, у вас ужо ёсць свае кіраўніцкія фішкі, якія дапамагаюць эфектыўнай рабоце?

— У калектыве настаўнікаў Вяляціцкай сярэдняй школы я ўжо шосты дырэктар. Відавочна, што за столькі гадоў работы ў іх склаліся свае звычкі і правілы. Усё, што фарміравалася на працягу больш чым 20 гадоў, змяніць вельмі цяжка. Таму я вырашыў, што буду ўсё паказваць на сваім прыкладзе. Лічу, што гэта самы эфектыўны і дзейсны спосаб.

Люблю ўдзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства і паказваць на іх сваю навучальную ўстанову, актыўна прыцягваю да гэтага і настаўнікаў.

Таксама працягваю рыхтаваць дзяцей да алімпіяд па гісторыі. Калі педагогі бачаць, што дырэктар навучальнай установы сур’ёзна ставіцца да гэтага, то самі з задавальненнем далучаюцца да адпаведнай дзейнасці, гэта іх падштурхоўвае.

Так, у мінулым навучальным годзе мой калектыў атрымаў 6 дыпломаў за падрыхтоўку дзяцей да конкурсаў і алімпіяд, а ў мяне іх было 3. Я заваяваў 2-е месца ў раённым конкурсе «Самы малады дырэктар», а мае навучэнцы, якіх рыхтаваў, у мінулым годзе ўзялі дыпломы ІІ і ІІІ ступені за ўдзел у алімпіядах па фінансавай дасведчанасці і грамадазнаўстве. Сёлета мой навучэнец атрымаў дыплом І ступені ў раённай алімпіядзе па грамадазнаўстве, а я перамог у абласным этапе фестывалю «Педагагічны дэбют — 2023» у намінацыі «Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі». Дарэчы, факультатыў па фінансавай дасведчанасці выкладаю таксама я. Лічу, што веды, якія атрымліваюць дзеці падчас яго вывучэння, сёння вельмі неабходны. Мне падабаецца вучыцца разам з імі і даведвацца многа новага з эканомікі. Часам нават здаецца, што не я, а дзеці вучаць мяне: сённяшняе пакаленне ведае намнога больш і цікавіцца эканомікай. Навучэнцы нават жартуюць, маўляў, я іх вучу гісторыі, а разам мы вучымся эканамічным ведам.

— Параўноўваючы сябе сённяшняга з тым настаўнікам, якім прыйшлі ў школу пасля ўніверсітэта, магчыма, бачыце адрозненні і заўважаеце, што выраслі ў прафесійным плане?

— Так, у прафесійным плане я вельмі змяніўся. Заўважаю, што стаў больш ураўнаважаным, умею ацэньваць і правільна ўспрымаць інфармацыю, акумуляваць яе, — а гэта для кіраўніка навучальнай установы вельмі важна. У першыя гады работы, калі працаваў у сярэдняй школе № 3, не прапускаў ніводнага конкурсу. Навучэнцам таксама заўсёды расказваў, у чым можна паўдзельнічаць, дапамагаў ім.

Я ўпэўнены, што ўдзел у конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях — гэта не проста магчымасць даказаць сабе і іншым, што ты нечага варты. Гэта добры шанс пачуць і ўбачыць, якія ідэі для развіцця сучаснай школы, адукацыі прапануюць калегі. 

Сёння, стаўшы дырэктарам, больш увагі ўдзяляю адміністрацыйнай рабоце, але ўсё роўна прытрымліваюся тых поглядаў, што школу трэба паказваць, рабіць усё магчымае, каб пра яе таленавітых вучняў і настаўнікаў ведалі і гаварылі.

— Як вырашаеце канфлікты, калі яны ўзнікаюць?

— У сельскай школе дзеці больш простыя, адкрытыя і непасрэдныя — не такія, як у горадзе, і бацькі лягчэй ідуць на кантакт. Сур’ёзных канфліктаў у нас ніколі не ўзнікала, але праблемныя моманты, якія патрабуюць вырашэння, ёсць. Напрыклад, адно з хвалюючых пытанняў — падвоз дзяцей з суседніх вёсак. Так, мы абслугоўваем 2 дзіцячыя сады, забіраем малышоў на сваім школьным аўтобусе, а потым развозім па дамах. Калі бацькам нешта не зразумела, яны ведаюць, што заўсёды могуць прыйсці да мяне і мы вырашым праблему разам. Тое ж тычыцца і вучэбных пытанняў. Калі ў навучэнца здараюцца канфлікты з аднакласнікамі альбо калі дзіця не можна знайсці кантакт з настаўнікам (у нас такое здараецца рэдка), мы сустракаемся і разам вырашаем праблемы.

— Ваша школа — адна з нямногіх, у якой працуюць тры музеі. Якую ролю яны адыгрываюць у вывучэнні гісторыі Беларусі?

— Так, у школе працуюць тры музеі: «Сялянская хата», «Час і мы», «Спадчына». Сёлета плануем адрамантаваць адзін з іх і стварыць магчымасць для інтэрактыўнай экскурсіі па школе. Зразумела, у маршруце ў першую чаргу будуць менавіта музеі. Вяляцічы — гэта вёска з цікавым мінулым. Мне як настаўніку гісторыі хочацца, каб нашы навучэнцы ведалі яе і ганарыліся месцам, дзе жывуць. Што тычыцца ўрокаў гісторыі і ролі музеяў у яе вывучэнні, то мы з дзецьмі падчас праходжання некаторых тэм наведваем свае экспазіцыі. Нагляднасць матэрыялу дапамагае лепш запамінаць інфармацыю.

Напрыклад, у «Спадчыне» можна даведацца пра людзей, якія ў розныя перыяды ўзначальвалі школу, вывучылі і выхавалі не адно пакаленне дзяцей. Тут жа знаходзіцца летапіс самой школы. Для яго стварылі аўтэнтычную вокладку. Пажоўклыя ад часу старонкі расказваюць, чым жылі педагогі ў кантэксце важных для рэгіёна і краіны падзей.

На тэрыторыі школы ёсць шэсць алей, кожная з якіх пасаджана ў гонар пэўных людзей. Так, ёсць алея ў гонар педагогаў, якія ў час вайны працавалі ў школе і загінулі, таксама растуць алеі, закладзеныя ў гонар герояў з Вяляціч і інш.

— Якія магчымасці дае вашым навучэнцам узаемадзеянне з прадпрыемствамі сельскай гаспадаркі?

— Лічу, што было б цудоўна, каб установы адукацыі падтрымлівалі мясцовыя прадпрыемствы. Так, дзякуючы падтрымцы птушкафабрыкі «Вяляцічы», у нашай школе быў адкрыты аграклас. Для яго навучэнцаў арганізуюцца экскурсіі на птушкафабрыку, а таксама праводзяцца прафарыентацыйныя заняткі, дзецям расказваюць пра прафесіі сельскагаспадарчага профілю.

— Антон Сяргеевіч, у чым сакрэт вашага поспеху і прафесійных перамог?

— Сакрэт маіх перамог просты: гэта маладосць, жаданне развівацца і вопыт, але не толькі мой, але і маіх калег. Я буду імкнуцца да таго, каб перамагчы і на рэспубліканскім этапе. Што тычыцца паспяховасці навучальнай установы, то каб школа была паспяховай, аднаго жадання і намаганняў дырэктара мала. Поспех навучальнай установы — у яе калектыве. Немагчыма дасягнуць поспеху, калі дырэктар, завуч ці настаўнік будуць працаваць асобна. Толькі тады, калі мы ўсе аб’яднаем свае намаганні, магчымасці і жаданні, школа будзе працаваць як адзін зладжаны механізм.

 Наталля САХНО
Фота аўтара