Самы малады дырэктар школы ў Талачынскім раёне Аляксандр Маленціновіч – пра шлях у прафесію і прынцыпы кіравання

- 12:07Персона

Прыкладам таго, як маладыя педагогі прыязджаюць у раён па размеркаванні і становяцца паспяховымі кіраўнікамі, з’яўляецца дзейнасць дырэктара сярэдняй школы № 1 Талачына імя Ф.Я.Макавецкага Аляксандра Маленціновіча. Пра рэалізаваныя праекты, вынікі мінулага каляндарнага года і планы на найбліжэйшую перспектыву ён расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

Сямейны педсавет

— Аляксандр Ігаравіч, вы самы малады дырэктар у Талачынскім раёне. Раскажыце, калі ласка, як вы ў 26 гадоў сталі кіраўніком?

У выбары прафесіі я ніколькі не сумняваўся, бо побач заўсёды былі педагогі: матэматыкі і фізікі, хіміі і біялогіі, настаўнікі пачатковых класаў і інш. Мая мама — настаўнік-дэфектолаг, па яе слядах пайшла і сястра. А вось дзядуля быў дырэктарам Варапаеўскай школы-інтэрната і, калі я да яго прыязджаў, заўсёды браў мяне з сабой на работу. Агульны стаж нашай педагагічнай дынастыі складае больш за 350 гадоў. Што ні свята дома, то сапраўдны педсавет. 

Пасля заканчэння БДПУ па спецыяльнасці “Геаграфія, біялогія” паўстаў выбар: вярнуцца ў роднае Глыбокае ці паехаць у Талачын. Выбраў Талачын. Лічу, што, калі дзеці выраслі, яны павінны быць самастойнымі. Многа бачыў, калі маладыя спецыяліс­ты вяртаюцца дадому, застаюцца ў мамы за пазухай і не развіваюцца. А навошта штосьці рабіць, калі ты жывеш у камфорце? Звычайна чалавек развіваецца, калі хоча гэтага сам альбо ўплываюць умовы. Спачатку ў сярэдняй школе № 2 Талачына выкладаў геаграфію і біялогію. Потым прайшоў перанавучанне і стаў яшчэ настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Дарэчы, дыплом настаўніка фізкультуры мне вельмі дапамагае ў жыцці. Ёсць два віды работы: фізічная і псіхалагічная. Ад фізічнай работы можна прыйсці дадому і проста адпачыць, пачытаўшы кнігу, паглядзеўшы фільм. Ад псіхалагічнай — так не атрымаецца. І фізічныя заняткі з дзецьмі (калі ідзе ўрок фізічнай культуры, я зай­маюся разам з вучнямі) даюць псіхалагічную разгрузку, дапамаюць разняволіцца і адпачыць.

Я заняў пасаду дырэктара Славенскай сярэдняй школы 5 гадоў назад, калі мне было 26 гадоў. Спачатку было няпроста ў тым плане, што я пераскочыў ступень намесніка дырэктара. Дзякуючы зладжанаму калектыву і моцнаму дырэктарскаму корпусу ў раёне, які аказваў мне значную дапамогу, удалося замацавацца. У 2022 го­дзе прыйшоў у сярэднюю школу № 1 Талачына. Ад папярэдняга дырэктара атрымаў у спадчыну добры калектыў і моцныя традыцыі.

— Якія задачы паставілі перад сабой, калі ўзначалілі талачынскую школу?

— Адна з задач — падрыхтоўка сваіх педагагічных кадраў. Да нядаўняга часу прафесія настаўніка не карысталася папулярнасцю ў сучаснай моладзі. Многія маладыя людзі калі і траплялі ў педагагічныя УВА, дык толькі каб атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. З чым гэта звязана? З меркаваннямі, якія трывала ўмацаваліся ў нашым грамадстве, што педагагічная прафесія не прэ­стыжная, што ў настаўнікаў малая заработная плата. Але гэта ўсё на самай справе не так, бо зараз у педагогіцы пры жаданні можна атрымаць дастойную заработную плату, гэта тычыцца і маладых спецыялістаў. Дарэчы, усе пачынанні педагогаў у нашай школе стымулююцца і падтрымліваюцца: і падрыхтоўка вучняў да конкурсаў, алімпіяд, канферэнцый, і рэалізацыя педагагічных праектаў, і ўдзел у грамадскім жыцці і інш.

Мы ганарымся тым, што да нас прыходзяць маладыя спецыялісты, якія вяртаюцца на ра­дзіму і замацоўваюцца тут. Сёлета, напрыклад, наш калектыў папоўнілі два маладыя спецыялісты: настаўніца англійскай мовы Настасся Ляховіч, якая з’яўляецца членам маладзёжнага парламента, і настаўнік матэматыкі Аляксандр Цішуроў. Летась прыйшоў настаўнік матэматыкі Сяргей Картавіцкі. Такім чынам, калі зараз ва ўстановах адукацыі краіны ста­іць пытанне недахопу настаўнікаў фізіка-матэматычнага цыкла, то ў нашай школе чатыры настаўнікі матэматыкі. І ў гэтым напрамку мы працуем далей. У нас ва ўстанове дзейнічаюць педагагічныя класы.

Яшчэ адна задача, якая была пастаўлена, — арганізацыя на новым узроўні патрыятычнага выхавання. Сёння важна на канкрэтных прыкладах, а не абстрактна выхоўваць у вучняў павагу да нашага мінулага, любоў да Радзімы. У школе вядзецца работа над стварэннем ваенна-патрыятычнага клуба, для ўдзельнікаў якога адшываецца форма, афармляецца вучэбны кабінет. Да 9 мая мы плануем яго ўрачыста адк­рыць. Па рэспубліканскай праграме мы атрымалі лазерны цір, з дапамогай якога, спадзяёмся, наладзім больш якасную работу ў гэтым напрамку і павысім матывацыю школьнікаў.

Не сячы з-за пляча!

— Складана было маладому дырэктару знайсці агульную мову з педагагічным калектывам?

— Лічу, што педагагічны калектыў — гэта сям’я, складаная псіхалагічная работа ўсіх яе членаў. У школе працуе 49 настаўнікаў з вялікім стажам работы, сярэдняга ўзросту і зусім маладых. У нас прасочваецца пераемнасць у рабоце.

Мне вельмі пашанцавала з калектывам. Не ўсюды ўбачыш, як разам адзначаюцца дні нараджэння, святы, як педагогі ў цяжкую хвіліну прыходзяць на дапамогу адно аднаму. Са спакойнай душой я магу пайсці ў адпачынак альбо даручыць любую справу сваім намеснікам па вучэбнай рабоце Алесі Ермалаевай, Лізавеце Мазырэц, намесніку па выхаваўчай рабоце Алене Ерманок і намесніку па гаспадарчай рабоце Алесі Шылковай.

За гады работы прыйшоў да высновы, што, калі штосьці адбываецца (прыемнае і не вельмі), не трэба вырашаць усё раптам, сячы з-за пляча, а трэба разабрацца ў сітуацыі, бо часта аказваецца, што ўсё не так, як здаецца. Калі кожны член калектыву ўпэўнены, што да яго адносяцца з павагай і ра­зуменнем, тады і ў складанай сітуа­цыі ён будзе за цябе стаяць гарой. А яшчэ важна раскрыць патэн­цыял кожнага педагога. Адзін можа якасна арганізаваць конкурс, другі — падрыхтаваць вучня да алімпіяды ці канферэнцыі, трэці — правесці майстар-клас і г.д. Трэба ацэньваць кожнага як асобу і раскрываць яе моцныя бакі.

Лічу, што выніковая і якасная работа будзе толькі ў тым выпадку, калі кіраўнік і яго падначаленыя знаходзяцца ў адной звязцы, глядзяць у адным напрамку. А яшчэ, калі дырэктар і яго намеснікі будуць паказваць прыклад ва ўсім. Адна справа, калі ты гаворыш педагогу ў яго выхадны дзень паўдзельнічаць у пэўным мерапрыемстве, і зусім іншая — калі ты сам прыйдзеш на гэтае мерапрыемстве, і не проста для птушачкі, а будзеш зацікаўлены ў ім. Так, напрыклад, на раённай спартландыі я некалькі га­дзін забаўляў дзяцей і іх бацькоў у касцюме мядзведзя. Гэта дае дадатковы стымул педагогам, якія бачаць, што ты разам з імі.

— Аляксандр Ігаравіч, як стваралі навагодні настрой у калектыве?

— На навагодні настрой працуе ўвесь калектыў. Калі ў цябе добры настрой, усміхніся іншаму чалавеку, скажы добрыя словы, і ў яго таксама будзе цудоўны настрой. Мы ўпрыгожылі школу, вучэбныя кабінеты. Да свят былі арганізаваны навагоднія ранішнікі. Вучні, іх бацькі, настаўнікі прынялі ўдзел у дабрачынных акцыях дапамогі дзецям з нядобранадзейных сем’яў, дзецям-сіротам. Сам, дарэчы, выступаю ў якасці Дзеда Мароза, наведваючы дзіцячы прытулак. Добрай традыцыяй у школе стала навагодняя спартландыя з Дзедам Марозам і Снягуркай, конкурсамі, творчымі нумарамі, спаборніцтвамі паміж камандамі дзяцей, настаўнікаў і бацькоў. Такія мера­прыемствы згуртоўваюць усіх удзель­­нікаў адукацыйнага працэсу. 

А яшчэ чароўны настрой нам стварае прафсаюз, які ўзначальвае Таццяна Гіро, чалавек, адданы гэтай справе.

Бяспечная, якасная, інавацыйная

— Што прынёс установе 2024 год?

— У цэлым год быў удалым для школы. Ён прынёс нам кад­равы рэзерв з маладых спецыя­лістаў, з якімі нам пашанцавала: яны матываваныя, зацікаўленыя, ініцыятыўныя. Год быў напоўнены вялікай колькасцю інтэлектуальных і творчых конкурсаў і перамогамі ў іх. На абласным турніры “Сіла закона” навучэнка Арына Будкевіч заняла 2-е месца. Тры навучэнкі — Лізавета Васілеўская, Ульяна Спаткай, Арына Будкевіч — сталі пераможцамі раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, гісторыі і беларускай мове і літаратуры. Іх падрыхтавалі настаўнікі Таццяна Каўрыга, Таццяна Павадырова, Наталля Будкевіч. Спадзяёмся, што ў гэтым годзе будзе вынік на абласным этапе, бо падрыхтоўка ішла вельмі сур’ёзная.

У нас дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Умелец”, выхаванцы якога пастаянна прыносяць перамогі на конкурсах “Калядная зорка”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей” і інш. Радуе тое, што ў склад гэтага аб’яднання ўваходзяць і дзеці з АПФР. 

Прыемна адзначыць, што кожны год у нас ёсць медалісты. Летась быў адзін навучэнец, а сёлета на медалі прэтэндуюць 5 чалавек. 85% нашых выпускнікоў паступілі ва УВА. Яны выбіралі медыцынс­кія, тэхнічныя, аграрныя спе­цыяльнасці.

Нашы дзеці ўдзельнічаюць у праекце БРПА “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” па стварэнні базы ветэранаў — абаронцаў нашай Радзімы, дзе яны сумесна з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Васілём Кулыгіным збіраюць інфармацыю аб удзель­ніках вайны.

Год прынёс і павышэнне прафесійнага майстэрства нашых настаўнікаў. Яны павысілі кваліфікацыйную катэгорыю, паспяхова ўдзельнічалі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мера­прыемствах.

— Якой бачыцца школа ў найбліжэйшы час?

— Якаснай, інавацыйнай, бяспечнай, арыентаванай на асобу навучэнца. Ужо зараз вядзецца падрыхтоўчая работа па ўдзеле вучняў і педагогаў у праекце па арганізацыі пошукавай даследчай дзейнасці. Гэта наша гісторыя, пра якую трэба ведаць. Для бяспекі навучэнцаў у школе ўстанаўліваецца прапускная сістэма, з дапамогай якой ніхто пабочны не зойдзе ва ўстанову. Апошнім часам многа фінансавых сродкаў укладваецца ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы: гэта не толькі камп’ютары, тэлевізары, а і развіццё фізкультурна-спартыўнага напрамку, што дазволіць адцяг­нуць дзяцей ад гаджэтаў і прывіваць навыкі здаровага ладу жыцця.  

Спадзяюся, што ў хуткім часе кадравыя праблемы, якія існу­юць у школах, будуць вырашаны, што настаўніцкая прафесія ў нашым грамадстве стане прэстыжнай і ў яе будуць імкнуцца таленавітыя вучні.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара