Самы шчаслівы чалавек — Іван Чыгрынаў

- 12:15Культура

На гэтым тыдні ў розных кутках Беларусі ўрачыста адзначалі 85-годдзе з дня нараджэння Івана Чыгрынава, які першым у незалежнай Беларусі атрымаў званне народнага пісьменніка. Не застаўся ў баку ад такой значнай падзеі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, які разам з Беларускім фондам культуры правёў шчырую і нефармальную імпрэзу “Самы шчаслівы чалавек”. На ёй літаратары, дзеячы культуры, родныя і сябры пісьменніка ўзгадалі, якім ён быў і які шлях прайшоў.

Пачынаючы літаратурны вечар, дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў падкрэсліў, што фонд культуры — іх даўні сябар і парнёр. “Нашы сумесныя добрыя справы на карысць умацавання і папулярызацыі беларускай культуры сталі ўжо звычайнымі буднямі. Тым не менш нам хочацца, каб гэтыя будні прыносілі асалоду ўсім, хто сюды прыходзіць, — сказаў ён. — Сёння мы ўшаноўваем выдатнага беларускага пісьменніка, які мае адносіны да нашых абедзвюх устаноў. Паколькі Іван Чыгрынаў — гэта гісторыя Беларусі, гісторыя нашай літаратуры і культуры”.

Міхаіл Леанідавіч нагадаў, што Іван Гаўрылавіч быў не толькі пісьменнікам, драматургам, перакладчыкам, публіцыстам, а і адным з заснавальнікаў і першым старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. Сённяшні яго старшыня Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што два гады назад яны пачалі доўгатэрміновы праект “Мой род — мая радзіма”, прысвечаны перш за ўсё папулярызацыі краязнаўства і дзейнасці лепшых краязнаўцаў, прэзентацыі іх выданняў і імён вядомых прадстаўнікоў беларускай культуры. “Гэтая імпрэза — працяг нашага праекта. Асоба Івана Чыгрынава сапраўды вельмі значная і важная для беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры ў цэлым, — адзначыў ён і ўзгадаў, як у 1987 годзе Цэнтральным камітэтам і Саветам Міністраў было прынята рашэнне аб стварэнні рэспубліканскага аддзялення Савецкага фонду культуры, пасля чаго ўзнікла пытанне, хто можа ўзначаліць яго. — Гэта павінен быў быць арганізацыйна здольны, няўрымслівы, аўтарытэтны і вядомы чалавек. І нам падаецца, што было прынята правільнае рашэнне прызначыць менавіта Чыгрынава на гэтую пасаду. Асноўную арганізацыйную работу ён узяў на сябе, і менавіта ў першыя гады былі створаны паўнавартасны штат і матэрыяльна-тэхнічная база, а фонд пачаў цікавыя кірункі дзейнасці, некаторыя з якіх працягваюцца і сёння”.

Пісьменнік пражыў цікавае, змястоўнае і адначасова ня­простае жыццё, факты з якога ўзгадвалі не толькі калегі па пяры, а і яго дачка Алена Чыгрынава. Яна, дзелячыся асабістымі ўспамінамі пра бацьку, падкрэсліла, што ён застаўся ў яе памяці як чалавек, які працаваў кожны дзень, прычым патрабаваў абсалютнай цішыні, таму ім даводзілася ха­дзіць на пальчыках. “Дома, у сям’і ён мог быць стрыманым, а калі на заўтра прыходзілі госці — вясёлым і прыветлівым гаспадаром”, — дадала яна.

Куратар мерапрыемства — навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела музея Андрэй Мельнікаў — прадставіў матэрыялы пра Івана Чыгрынава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. “81 унікальны экспанат (кнігі, аўтографы, фотаздымкі) размешчаны на 9 стэндах, на якіх храналагічна паказаны 9 этапаў жыцця”.

Па словах гасцей імпрэзы, таленавіты, самаадданы, неардынарны мастак слова Іван Чыгрынаў дакладна адлюстроўваў нацыянальную душу беларусаў і наш менталітэт у сваіх шматлікіх апавяданнях, раманах, п’есах, кінасцэнарыях, крытычных і публіцыстычных артыкулах, а таксама знакамітай першай беларускай пенталогіі. Героямі Чыгрынава адначасова былі звычайныя і незвычайныя людзі, якіх мы сустракаем у штодзённым жыцці, з якімі мы жывём побач, — дарослыя і дзеці, сяляне і гарадскія жыхары, гістарычныя постаці і героі Вялікай Айчыннай вайны, якімі нельга не захапляцца, не суперажываць, бо яны “жывыя”, натуральныя.


Дарэчы, гэтымі днямі ў Музеі беларускай літаратуры можна ўзгадаць творчую спадчыну не толькі Івана Чыгрынава, а і Міхася Лынькова, Алеся Дудара, Васіля Быкава, літаратараў 20-х гадоў, а таксама наведаць выставу “Шчодрыя зімы дарункі”. Дакументальная частка экспазіцыі прадстаўляе арыгінальныя матэрыялы з фондаў музея, звязаныя з беларускай традыцыяй святкавання Каляд і Новага года: паштоўкі з архіва Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Ларысы Геніюш, Сяргея Новіка-Пеюна, фотаздымкі эмігрантаў-беларусаў каля ялінкі, рукапісы вершаў Янкі Пачопкі, Дануты Бічэль, Рыгора Барадуліна, сучасныя кніжныя выданні — анталогію “Беларуская зіма” і многае іншае. Да таго ж на экспазіцыі дэманструюцца калядныя і зімовыя выцінанкі сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Валянціны Слюнчанка. Акрамя таго, праводзяцца майстар-класы па вырабе паштовак у тэхніцы “выцінанка” і святочная інтэрактыўная праграма “Прыехала Каляда на белым вазочку”, якая дазваляе прыгадаць абрады і звычаі нашых продкаў, даведацца, хто такія калядоў­шчыкі і што яны рабілі падчас калядных свят, якія песні спявалі, якія танцы танцавалі, у якія гульні гулялі.

І хоць прырода не спяшаецца парадаваць нас снежна-марознай урачыстасцю, затое ў беларускім слоўным мастацтве ёсць многа паэтычных апісанняў зімовага пейзажу, зімовых свят і гульняў, з якімі з задавальненнем знаёміць Музей беларускай літаратуры.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.