У 1947 годзе, каб расказаць аб рабоце адноўленай Рэспубліканскай станцыі юннатаў, зараз — Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, дастаткова было такога невялікага матэрыяла. Цяпер жа пра гэтую ўстанову, нараджэнне якой паклала пачатак эколага-біялагічнай адукацыі ў краіне, коратка не раскажаш. У апошні вераснёўскі дзень і цэнтру, і ўсёй сістэме эколага-біялагічнага кірунку ў Беларусі споўнілася 85 гадоў.
Тэрыторыя натхнення
Дзверы станцыі юннатаў былі першымі дзвярыма, якія расчыніліся для юных аматараў прыроды ў 1930 годзе. І калі напачатку хлопчыкі і дзяўчынкі пад кіраўніцтвам педагогаў рабілі толькі першыя крокі ў свет прыроды, вырошчваючы кветкі і гародніну, то пасля вайны яны сталі добрымі памочнікамі аграрыяў у аднаўленні сельскай гаспадаркі. Іх нясмелыя крокі пратапталі сцежку, якая стала з гадамі шырокім гасцінцам, на які выйшлі сотні тысяч юных беларусаў. За 85 гадоў са сцен цэнтра выйшла больш за 35 тысяч дзяцей, захопленых кветкаводствам, садаводствам, сельскай гаспадаркай, біялогіяй і аграбіялогіяй, лесаводствам і захаваннем прыродных багаццяў, акварыу-містыкай, флордызайнам, экалогіяй, навукова-доследнай і вопытніцкай работай. Многія выпускнікі сталі вядомымі вучонымі, біёлагамі, эколагамі, урачамі, леснікамі, настаўнікамі. Цяпер у 120 аб’яднаннях і секцыях цэнтра займаецца больш за 1300 навучэнцаў Мінска. Яшчэ больш як 350 навучэнцаў з рэгіёнаў Беларусі вывучаюць біялогію, экалогію, лесаводства, геаэкалогію, касмічную біялогію, генетыку ў завочных ці дыстанцыйных аб’яднаннях па інтарэсах. Выхаванцы цэнтра эксперыментуюць з сельскагаспадарчымі культурамі, вывучаюць кветкі, хвойнікі, лекавыя расліны, знаёмяцца з альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі, распрацоўваюць праекты па ахове навакольнага асяроддзя, вядуць селекцыйную работу. На тэрыторыі цэнтра створана ўнікальная наглядная пляцоўка па альтэрнатыўных крыніцах энергіі. Навучэнцы і госці цэнтра ведаюць, як можна з дапамогай сонца закіпяціць ваду, а дзякуючы святлоназапашвальным ліхтарам арганізаваць на дыскатэцы светлавое шоу. Відавую разнастайнасць вострых, агароднінных культур можна ацаніць у садзе Гурманаў, а ў садзе Філосафаў атрымаць эстэтычную асалоду ад хвойнікаў. Сад Пахаў дае магчымасць арганізаваць вучэбныя заняткі з духмянымі раслінамі. Калекцыі раслін зімовага саду забяспечваюць базу вучэбнай праграмы па экадызайне інтэр’ера. Прыцягвае шмат наведвальнікаў і куток жывой прыроды, акварыум, міні-заапарк. Раскрыць таленты, падтрымаць іх, падзяліцца вопытам і творчымі ідэямі — менавіта такія задачы ставіць перад сабой рэспубліканская галерэя цэнтра “Прырода і творчасць”. Удзельнікамі яе паказаў ужо сталі больш за 5500 навучэнцаў краіны.
У планах кіраўніцтва цэнтра — працягнуць стварэнне такіх мадэльных аб’ектаў, як Японскі сад, сад Сухацветаў, сад Зёлак, сад Пустазелля, “Беларускі куток” і інш.“Дапамагчы дзіцяці вызначыцца, знайсці любімую справу, якая можа стаць захапленнем усяго яго жыцця, а магчыма, і прафесіяй, — адна з задач педагогаў цэнтра, — гаворыць намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Каб знайсці захапленне па душы, мы прапануем сваім выхаванцам самыя розныя формы заняткаў: экастудыі, экагасцёўні, ландшафтнае бюро, фларыстычныя студыі і майстэрні, гульнявыя праграмы і іншыя гурткі па інтарэсах. Больш сур’ёзны ўзровень вывучэння забяспечваюць экалагічныя практыкумы, лабараторныя эксперыменты, майстар-класы, навукова-даследчыя праекты. Сумесна з навукоўцамі і пад іх непасрэдным кіраўніцтвам навучэнцы займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, і іх вынікі традыцыйна займаюць вышэйшыя пазіцыі на міжнародных конкурсах экалагічных работ. Свае даследаванні выхаванцы працягваюць на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі, эколага-біялагічных комплексаў, вучэбных лабараторый, запаведнікаў, заказнікаў”.
Такая добрая база ў спалучэнні з нестандартным падыходам педагогаў да навучання дае свае вынікі. У прыватнасці, з кожным годам павялічваецца колькасць пераможцаў на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах і конкурсах экалагічных праектаў. Напрыклад, толькі ў 2014—2015 гадах пераможцамі на рэспубліканскім і міжнародным узроўні сталі 68 навучэнцаў, 20 вучняў узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду, на міжнародных алімпіядах экалагічных праектаў — 9 вучняў (6 залатых медалёў, 1 сярэбраны, 2 бронзавыя).Заняткі ў цэнтры хоць і асноўная, але далёка не адзіная магчымасць для яго выхаванцаў наталіцца прыродай. Больш за 15 гадоў для іх праводзяцца летнія стацыянарныя профільныя змены, арганізоўваюцца палатачныя лагеры, дзе пад кіраўніцтвам навукоўцаў, кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах навучэнцы вывучаюць прыродныя біяцэнозы, вучацца самастойным адказным паводзінам у прыродзе. Сталі традыцыйнымі для цэнтра і абарона даследчых работ па прыродных аб’ектах, спаборніцтвы, экалагічныя і спартыўныя святы, эстафеты, турыстычныя паходы, экскурсіі. Асаблівую папулярнасць заваявалі летнія экалагічныя экспедыцыі. З 2006 года рэалізуецца праект Саюзнай дзяржавы “Злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў” — палявыя практыкі для лепшых юннатаў праходзяць на тэрыторыі найбуйнейшых заказнікаў дзвюх краін.
Метадычнае “плячо” для калег
Цэнтр стаў крыніцай эказнаўцаў не толькі для дзяцей, але і педагогаў, на працягу многіх гадоў ён каардынуе навукова-метадычную работу па экапедагогіцы. На базе цэнтра праводзяцца канферэнцыі, семінары, у тым ліку і міжнародныя. За апошнія гады паспяхова арганізаваны міжнародныя і рэспубліканскія канферэнцыі “Інавацыйная дзейнасць у экалагічнай адукацыі”, “Энергія. Клімат. Адукацыя”, “Фарміраванне экалагічнай культуры асобы як педагагічнае ўзаемадзеянне: вопыт і перспектывы развіцця”, удзельнікамі якіх сталі навукоўцы, настаўнікі, педагогі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прадстаўнікі грамадскіх экалагічных арганізацый Беларусі, Нарвегіі, Расіі, Украіны. Праблемныя класічныя семінары, навукова-практычныя канферэнцыі, конкурсы, прэзентацыі педагагічных тэхналогій, курсы павышэння кваліфікацыі, педагагічныя майстэрні, навукова-метадычныя нарады, фестываль інтэрактыўнай экапедагогікі, банк вучэбна-метадычнай дакументацыі і літаратуры, сродкаў інфармацыйнай камунікацыі складаюць асноўны фонд экалагічнай адукацыі цэнтра.
Менавіта тут праходзіць вучоба кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах і такіх напрамках, як экалогія, біялогія, геаэкалогія, кветкаводства, аграэкалогія, ландшафтны дызайн, заалогія. За апошнія два гады ў цэнтры падрыхтавана і выдадзена ў дапамогу педагогам больш за 180 распрацовак, рэкамендацый, праграм аб’яднанняў па інтарэсах базавага і павышанага ўзроўню навучання.
З 2012 года цэнтр з’яўляецца каардынатарам у сістэме адукацыі міжнароднага беларуска-нарвежскага праекта SPARE. Праект дапамагае педагогам і навучэнцам вывучаць сучасныя праблемы энергетыкі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, дае практычныя рэкамендацыі па іх эканоміі ў школе і дома. У рамках рэалізацыі праекта з удзелам супрацоўнікаў цэнтра падрыхтаваны праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, факультатыўных курсаў для школ, дапаможнікі для настаўнікаў, рабочыя сшыткі для навучэнцаў. У рэспубліканскім і міжнародным конкурсах школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання” пры падтрымцы Пасольства Каралеўства Нарвегія і Нарвежскага таварыства аховы прыроды за апошнія 5 гадоў прынялі ўдзел больш за 15 000 навучэнцаў і больш за 1500 педагогаў.
85 гадоў — гэта нагода больш уважліва прыгледзецца да калектыву педагогаў самога цэнтра. Ён неаднаразова ўзнагароджваўся Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. 7 педагогаў цэнтра маюць знак “Выдатнік адукацыі”, Лідзія Паўлаўна Каліноўская ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, і ёй жа прысвоена званне “Заслужаны работнік адукацыі”. Але для ўсіх іх, бадай, самая галоўная ацэнка іх работы — ацэнка дзецьмі. Яна выражаецца не баламі і не медалямі, не высокімі словамі і не эпітэтамі. Яна выражаецца ў іх жаданні кожную сваю вольную часіну прысвячаць вывучэнню прыроды, кожны раз пагружацца ў яе свет і імкнуцца зрабіць на яе карысць усё, што ў іх сілах. А такі тандэм — творчы педагог і актыўнае дзіця — запэўнівае, што 85-гадовы юбілей юннатаў — ніякая не сталасць. Яны і застануцца заўсёды юнымі.
Святлана НІКІФАРАВА.