Самыя беражлівыя

Падведзены вынікі Мінскага абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон — 2013”. Самыя творчыя навучэнцы і педагогі выступілі ў Мар’інай Горцы, абараняючы свае эфектыўныя і эканомныя праекты, распрацоўкіна этапе вочнай абароны лепшых работ.

Мар’інагорская гімназія невыпадкова выбрана месцам правядзення названага мерапрыемства. Тут і да работы па энергазберажэнні адказна ставяцца, і абласны музей “Эвалюцыя энергазберажэння” адкрылі. Канечне, канкурсанты наведалі музей, у якім, напрыклад, прадстаўлены самыя розныя крыніцы святла — ад лучыны і газавай лямпы да сучасных святлодыёдаў.
Журы вызначыла пераможцаў і лаўрэатаў у некалькіх намінацыях, адзначаны прадстаўнікі многіх навучальных устаноў Міншчыны. Так, у намінацыі “Лепшы педагагічны работнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў” дыплом І ступені атрымаў Аляксандр Фёдаравіч Савянок, настаўнік фізікі гімназіі № 6 Маладзечна. На другім і трэцім месцах у гэтай намінацыі — настаўніца геаграфіі Жодзінскай гімназіі № 1 Іна Валер’еўна Кісляк, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лугаваслабадской школы Мінскага раёна Ірына Міхайлаўна Лукашэвіч.
Намінацыя “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі” выявіла двух пераможцаў: Дзяніса Барана з 6-й маладзечанскай гімназіі і Лізавету Салохіну з гімназіі № 1 Жодзіна. Дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў атрымалі прадстаўнікі Клецкага раёна (Рассветаўская сярэдняя школа) і Жодзінскай жаночай гімназіі, а таксама Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Вызначаны таксама лепшыя агітбрыгады. Імі сталі “Энергапатруль” з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, “Асобае назначэнне” з лесаагратэхнічнага прафесійнага каледжа (Барысаў) і агітбрыгады з Вілейкі (сярэдняя школа № 3), Слуцка (школа № 12) і Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.
Яшчэ была намінацыя “Лепшы макет (прылада, экспанат), што дэманструе магчымасці энергазберажэння ў побыце або на вытворчасці”. Самымі вынаходлівымі аказаліся Вячаслаў Караво з Мар’інагорскай гімназіі (ён прадставіў макет дома ХХІ стагоддзя, дакладней, 2050 года), Глеб Гоцман і Алег Малькевіч з уздзенскай сярэдняй школы № 2. На другім і трэцім месцах — навучэнцы з Жодзінскай жаночай гімназіі, Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Бярэзінскага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя.
Нагадаем, што Рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон” праводзіцца сёмы раз. Яго галоўная мэта — выхаванне культуры энергакарыстання ў навучэнцаў, а таксама выяўленне і распаўсюджванне перадавога вопыту ўстаноў адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў сферы энергазберажэння. Зразумела, у Год беражлівасці, якім быў аб’яўлены 2013, значнасць “Энергамарафону” асабліва ўзрасла. І тое праўда: навыкі і звычкі, засвоеныя ў дзяцінстве, застаюцца з намі на ўсё жыццё, таму і разумную беражлівасць трэба выхоўваць з самых малых гадоў. Глядзіш, і праз нейкі час звычка да эканоміі энерга- і іншых рэсурсаў стане нацыянальнай рысай беларусаў.
Вынікі ж “Энергамарафону — 2013” будуць падведзены ў сакавіку. Канкурсанты з усіх рэгіёнаў краіны збяруцца ў Брэсцкай вобласці.

Марына ХІДДЖАЗ.